Прычына гібелі – няшчасны выпадак | Дзяннiца

Прычына гібелі – няшчасны выпадак

Версия для печатиВерсия для печати

Штогод у выніку няшчасных выпадкаў ад розных траўм ва ўсім свеце гіне больш за пяць мільёнаў чалавек. Гэта складае амаль дзевяць працэнтаў ад агульнай колькасці смярцей. Менавіта таму прафілактыцы траўматызму надаецца вялікая ўвага. Не застаюцца ў баку ад гэтай праблемы медыкі і супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Шчучынскага раёна.
Андрэй Ігаравіч Балбатун,
траўматолаг Шчучынскай ЦРБ:

– Траўмы складаюць каля 12 працэнтаў ад агульнай колькасці захворванняў, з’яўляюцца трэцяй па значнасці прычынай смяротнасці. У краінах з высокім узроўнем развіцця на аднаго загінуўшага ад траўмы прыходзіцца 30 пацыентаў, шпіталізаваных у стацыянар, і прыкладна ў 10 разоў больш чалавек звяртаецца па медыцынскую дапамогу на амбулаторна-паліклінічным узроўні.
За дзевяць месяцаў 2009 года ў Шчучынскім раёне зарэгістравана 2234 траўмы, з якіх 2074 – бытавыя і вулічныя. Частай прычынай гібелі людзей з’явіліся пажары.
Калі ўвогуле прааналізаваць сітуацыю ў раёне, асноўнымі прычынамі няшчасных выпадкаў сталі злоўжыванне алкаголем, невыкананне правілаў тэхнікі бяспекі на вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы, сямейныя скандалы і іншыя.
Аляксандр Алегавіч Алейнік,
хірург Шчучынскай ЦРБ:

– Цяпер у большасці цывілізаваных краін свету дзеці ва ўзросце ад пяці гадоў і болей часцей гінуць у выніку няшчасных выпадкаў, чым ад усіх хвароб разам узятых. Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод ад траўм гінуць 2270 дзяцей, з іх 260 – ад апёкаў, 130 – ад падзення.
У структуры дзіцячага траўматызму 60-68 працэнтаў складаюць бытавыя траўмы, прычым у дзяцей да сямі гадоў яны складаюць каля 80 працэнтаў усіх пашкоджанняў. Кожная ўзроставая група мае свае асаблівасці. І прычыны траўм у дзяцей настолькі разнастайныя, што распрацаваць і супрацьпаставіць іх узнікненню пэўныя меры прафілактыкі – складаная задача. Асноўную ўвагу ў прафілактыцы дзіцячага траўматызму неабходна надаваць выхаваўчай рабоце, фарміраваць у дзяцей навыкі бяспечных паводзін, траўматалагічнай насцярожанасці. З гэтай мэтай магчыма правядзенне тэматычных гульняў і заняткаў, у працэсе якіх дзеці вучацца “абыходзіцца” з нажніцамі, іголкамі і іншымі бытавымі прадметамі, вучацца правільна здымаць каструлі з гарачай вадкасцю і інш. Немалаважнае значэнне мае і фізічнае развіццё дзіцяці: добра развітыя дзеці рэдка атрымліваюць траўмы.
Уладзімір Іванавіч Хільмончык,
начальнік АДАІ:

– Як сведчыць статыстыка, штогод у дарожна-транспартных здарэннях ва ўсім свеце гіне 1,3 млн. чалавек – тры тысячы чалавек у дзень. 50 млн. атрымліваюць траўмы або становяцца інвалідамі. ДТЗ – галоўная прычына смерці маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў.
Асобую трывогу выклікае стан дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. На жаль, многія дарослыя самі паказваюць дзецям дрэнны прыклад паводзін у транспарце і на вуліцы.
У Шчучынскім раёне ў параўнанні з мінулым годам адбылося значнае зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў, зменшылася і колькасць загінуўшых людзей.
Кожнаму ДТЗ папярэднічаюць парушэнні вадзіцелямі або пешаходамі правілаў дарожнага руху. Асноўныя з іх – перавышэнне хуткасці, праезд на чырвонае святло, кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, непрышпілены рамень бяспекі, пераход вуліцы ў неналежным месцы і іншыя.
Падрыхтавала Ганна РУДСКАЯ.