Прафілактыцы-так! Паніцы – не! | Дзяннiца

Прафілактыцы-так! Паніцы – не!

Версия для печатиВерсия для печати

Эпідэмію грыпу медыкі прагназуюць пазней. Аднак чэргі ў паліклініках, аптэках сведчаць аб тым, што павялічылася колькасць хворых з сімптомамі ВРВІ і грыпу. А тут яшчэ газеты і тэлебачанне з паведамленнямі аб выпадках захворвання на “свіны грып” у суседніх краінах. Зразумела, людзі трывожацца, хочуць засцерагчыся ад вірусу. Асабліва хвалююцца за дзяцей. Таму так актыўна раскупляюць сродкі прафілактыкі. Часцей за ўсё пытаюць у аптэках пра арпетол, імунал, аксалінавую мазь, аскарбінку і ахоўныя маскі.
А ці можна набыць гэтыя прэпараты ў аптэках нашага горада?

Каментарый загадчыцы цэнтральнай раённай аптэкі №6 Наталлі Міхайлаўны Чайкоўскай:
– Апошнім часам попыт на супрацьвірусныя прэпараты сапраўды значна вырас. Таму наведвальнікі аптэкі не заўсёды маглі купіць аксалінавую мазь, арпетол, ахоўныя маскі. Але гэтыя прэпараты мы цяпер заказваем у большай колькасці, і яны паступаюць бесперабойна. Вось і сёння (4 лістапада – Заўв. рэдакцыі) атрымалі новую партыю лекаў.
Хацелася б параіць жыхарам, каб не паддаваліся паніцы і не набывалі лекі ў запас. У іх абмежаваны тэрмін годнасці, таму яны могуць прапасці без патрэбы. А гэта лішнія расходы. І немалыя.
А што тычыцца ахоўных масак, то яны аднаразовыя, іх варта мяняць праз тры гадзіны. Можна маску шматразовага карыстання зрабіць самім. У нашай аптэцы ёсць у дастатковай колькасці марля і бінт. Іх трэба скласці ў чатыры слаі, прашыць, памыць і папрасаваць. Такая маска паслужыць даўжэй.
У перыяд “разгулу” інфекцый не варта забываць пра часнок і цыбулю, натуральныя вітаміны. Карыснымі будуць і прагулкі на свежым паветры, а вось у грамадскіх месцах пажадана бываць як мага менш.

У тэму
Як паведаміла памочнік урача-эпідэміёлага занальнага ЦГіЭ В.М. Чабаеўская, у Шчучынскім раёне ў перыяд з 26 кастрычніка па 1 лістапада 2009 года зарэгістравана 199 выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый, з іх 74 – у дзяцей ва ўзросце ад 0 да 18 гадоў. За два дні (з 2.11 па 3.11.2009 года) захваральнасць на ВРВІ вырасла да 262 выпадкаў, з іх у 157 выпадках захварэлі дзеці.