ПРАЛЕСКА - сямейная старонка | Дзяннiца

ПРАЛЕСКА - сямейная старонка

Версия для печатиВерсия для печати

Шасцёрка дружных
У вёсцы ўсё на вачах. Нават у такой вялікай (гэта і ў назве адзначана), як Вялікае Мажэйкава. Паводзіны і ўчынкі жыхароў тут ацэньваюць аб’ектыўна. Вось і пра сям’ю Іоч давялося пачуць добрую характарыстыку не ад аднаго чалавека. “Бацькі прыстойныя, працавітыя і дзеці добрыя, дружныя. А які прыгожы дом у канцы вёскі пабудавалі. І ўсё гаспадар сваімі рукамі”.
Шкада, што з гаспадаром Уладзімірам Валяр’янавічам сустрэцца не ўдалося. Зразумела – рабочы дзень, а працуе ён у МПМК-167. Затое з жаночай палавінай сям’і Іоч мы пазнаёміліся і пагутарылі. Дарэчы, жаночая палавіна ўдвая меншая за мужчынскую. Яе прадстаўляюць гаспадыня Алена Францішкаўна і трохгадовая дачушка Ксенія – агульная любіміца. Ксенія хоць і маленькая, а да мужчынскай увагі прывыкла: і тата, і браты ставяцца да яе з пяшчотай, як рыцары аберагаюць сваю маленькую прынцэсу. Старэйшага юнага рыцара завуць Аляксей, яму пятнаццаць гадоў. Сёлета Аляксей стаў навучэнцам Лідскага каледжа, дзе будзе набываць спецыяльнасць тэхніка-будаўніка. Яўгеній – на год малодшы, і Павел – яму восем гадоў.
Сыны – маміны памочнікі. Яны ўвогуле парадак у доме падтрымліваюць, у першую чаргу, канешне, у сваіх пакоях убіраюць. Хлопцы розныя па характары, але дружныя, і ёсць у іх агульнае захапленне – шахматы.
– Чатырох мужчын накарміць трэба, адзенне памыць… Як Вы спраўляецеся? – пытаюся ў Алены Францішкаўны. А яна ўсміхаецца: “Гатаваць ежу для сваіх мужчын прыемна. А наконт мыцця – дык ёсць у нас пральная машына-аўтамат”.
Алена Францішкаўна родам з вёскі Багданаўцы, а Уладзімір Валяр’янавіч з Ішчална. Бацькі надзялілі іх сялянскай мудрасцю, навучылі цаніць працу. Уладзімір Валяр’янавіч рос у мнагадзетнай сям’і. З дзяцінства зразумеў, як гэта здорава – мець братоў і сясцёр. І цяпер ён з радасцю даводзіць да ладу свой дом і хоча, каб у ім было ўтульна і весела.
– Муж сам дом будуе, – расказвае Алена Францішкаўна. – Мы жывем ужо ў ім, але яшчэ будоўля не завершана. Уладзімір усё робіць акуратна, дасканала, трывала.
Не проста і будавацца, і дзяцей паднімаць. Іочы прывыклі спадзявацца толькі на свае сілы. Канешне, лішку няма, перш чым зрабіць пакупкі, іх абмяркоўваюць на сямейным савеце. Ніхто не крыўдуе, разумее сітуацыю. Безумоўна, дапамагае ўласная гаспадарка. Трымаюць свіней, курэй. Так што смачная яешня на сняданак дзецям забяспечана.
Алена Францішкаўна ў свой час закончыла Лідскае педвучылішча, адзінаццаты год працуе выхавальніцай у дзіцячым садку з прыгожай назвай “Рамонак”. Вопыт работы з дзецьмі дапамагае ёй быць мудрай мамай, знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці. Яна ведае, калі трэба ўступіць, а калі настаяць на сваім.
Мы сфатаграфавалі Алену Францішкаўну з маленькай Ксюшай у прыгожым дворыку дзіцячага садка. Дзяўчынка паводзіла сябе, як сапраўдная фотамадэль: цярпліва вытрымала мноства кадраў. І вось ён, найбольш удалы. А ўсё ж якое шчасце, калі ў сям’і ёсць і рыцары, і прынцэса!
Фота Аляксея БІБІКАВА.

П’юць бацькі, а пакутуюць дзеці
П’янства і алкагалізм – бяда многіх сем’яў. Больш за ўсё ад п’янства пакутуюць блізкія чалавека, якога ўзяў у палон “зялёны змій”. Многія ўяўляюць сабой п’яніцу з шызым носам, у якога трасуцца рукі, які качаецца на вуліцы, выносіць з дому рэчы. Але гэта апошняя стадыя алкагалізму. Нават калі чалавек злоўжывае алкаголем перыядычна, ён прыносіць у свой дом бяду, выклікае негатыўную рэакцыю ў жонкі, дзяцей, суседзяў, знаёмых. Нярэдка такі чалавек трапляе ў месцы пазбаўлення волі.
Так, у выпраўленчай установе адкрытага тыпу №30 са жніўня мінулага года адбывае пакаранне грамадзянін П.
З матэрыялаў крымінальнай справы:
“Грамадзянін П., будучы на падставе рашэння суда абавязаным да ўплаты расходаў на ўтрыманне шасці непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, ухіляўся ад кампенсацыі такіх расходаў”.
Абодва гора-бацькі не абцяжарвалі сябе працай. Па дзесяць дзён у месяц не выходзілі на работу. За гарэлкай не было калі думаць пра дзяцей, іх хвалявала толькі адно пытанне: дзе ўзяць выпіць?
За запазычанасць у памеры 44-х мільёнаў рублёў суд прыгаварыў грамадзяніна П. і яго жонку да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем кожнага ў ВУАТ.
Асуджаны П. у перыяд адбывання пакарання быў працаўладкаваны жывёлаводам у СВК “Астрына”. Ён перастаў піць, кампенсаваў запазычанасць дзяржаве ў суме больш за два мільёны рублёў. Аднак яму ўсё ж прыйдзецца адбываць пакаранне поўны тэрмін, бо згодна з Дэкрэтам №18 даная катэгорыя асуджаных не падлягае ўмоўна датэрміноваму вызваленню. А ўсяго гэтага можна было пазбегнуць.
Алкагалізм пачынаецца з бытавога п’янства. Глыбока памыляецца той чалавек, хто думае, што ніколі не стане алкаголікам, бо ведае меру і ў любы момант можа кінуць піць. Гэта памылковая думка, характэрная для большасці людзей, у якіх ужо сфарміравалася цяга да алкаголю. Калі б кожны, хто злоўжывае алкаголем, мог па сваёй волі ў любы момант кінуць піць, то не было б праблемы алкагалізму. Перыяд “кіну піць, але не цяпер, а потым, калі сам захачу” праходзяць абсалютна ўсе хворыя на алкагалізм. Працягваючы ўжываць спіртное, яны робяць чарговы крок да бездані, з якой немагчыма выбрацца. А гэта боль і трагедыя для іх родных.
Сяргей НОВІК,
намеснік начальніка па выхаваўчым працэсе і рабоце з асабовым саставам ВУАТ №30,
капітан міліцыі.

 

Выхаванне прыкладам
Усім вядома, што выхаванне дзяцей – складаная справа. І добрых вынікаў можна дасягнуць толькі пры сумеснай рабоце настаўнікаў і бацькоў.
У Лычкаўскай базавай школе такія прыклады ёсць. На школьнай выставе “Умелыя маміны рукі і прыгожы ўтульны дом” вызначыліся работы М.І. Кісель. Жанчына вельмі прыгожа вяжа і хоча гэтаму майстэрству навучыць дачку. Марыя Іосіфаўна лічыць, што дзецям патрэба не толькі ежа і адзенне, але і падтрымка, парады, душэўныя размовы.
Настаўніца пачатковых класаў А.Я. Сматрук імкнецца выхаваць сваіх сыноў добрымі, адказнымі, чулымі.
На бацькоўскіх сходах часта просяць падзяліцца вопытам выхавання цудоўную маму В.У. Камар. І яна ахвотна гэта робіць.
Для хлопчыкаў прыкладам у паводзінах з’яўляецца бацька. Тут хочацца адзначыць С.І. Коркуця, А.С. Цыркевіча, С.І. Камара.
Бацькі прымаюць удзел у агульнашкольных мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах. Гэта вельмі збліжае іх з дзецьмі.
Аліна АГАФОНАВА,
няштатны карэспандэнт.

Ляці, матылёк!
Дзіўна, адкуль узяўся гэты шакаладны матылёк у зале чыгуначнага вакзала? Напэўна, заляцеў па неасцярожнасці і цяпер шукаў выйсце ў вялізным акне, у самым яго версе. Біў крыльцамі аб шкло, і ўсё безвынікова. На хвілінку заміраў, а потым зноў упарта біўся аб нябачную перашкоду.
У зале было ціха, таму шапаценне ля вакна пачулі трое пасажыраў, што моўчкі бавілі час у чаканні цягніка. Раптам матылёк зляцеў уніз акна, мабыць, страціў сілы, і застыў на шкле. Пасажырка, прывабная сінявокая дзяўчына, падбегла да акна, схіліла далоні домікам і захапіла ў палон матылька. Хуценька пайшла да дзвярэй і выпусціла яго на волю. Падалося, што астатнія пасажыры ўздыхнулі з палёгкай.
Вось і ў жыцці, бывае, стукаемся мы ў зачыненыя дзверы дарэмна, ніхто нас не чуе. Настойліва шукаем выйсце не там, дзе трэба. Трацім час, сілы, нервы, грошы. І не здагадваемся, што трэба азірнуцца назад і пашукаць другія дзверы, якія лёгка адчыняцца, і жыццё пойдзе ў іншым напрамку, спрыяльным для нас.
Але ў віхуры штодзённых клопатаў і праблем няма калі спыніцца, азірнуцца, прыняць рашэнне, якое кардынальна ўсё пераменіць. Вось і б’емся, як той матылёк аб шкло…
 

“Кіс-мяў” ад Куклачова
Цёплым красавіцкім днём 2002 года мама з дачкой гулялі па Гродне, любаваліся архітэктурай даўняга горада. Да іх падышоў нейкі чалавек і спытаў у дзяўчынкі:
– Любіш кошак?
– Люблю! – адказала яна.
– Тады прыходзь на прадстаўленне, – сказаў незнаёмец і ўручыў дзяўчынцы білет.
Як аказалася, у Гродне гастраліраваў Юрый Куклачоў са сваімі чатырохногімі пушыстымі гадаванцамі. Цыркавое прадстаўленне праходзіла ў гарадскім Доме афіцэраў. Дзяцей была поўная зала, яны смяяліся і апладзіравалі пушыстым артыстам. Куклачоў – вясёлы, добры клоун, выдатны дрэсіроўшчык. Кошкі яго слухаліся беспярэчна. А ў іх такія смешныя мянушкі: Кілька, Сасіска і іншыя. Дзецям дазвалялася гладзіць кошак, чаму яны былі вельмі рады.
Пасля прадстаўлення Куклачоў фатаграфаваўся з дзецьмі і дарыў ім на памяць кніжкі пра кошак “Кіс-мяў”.
Гэту гісторыю расказала дзяўчынка, якая на фатаграфіі побач з Куклачовым. Гэта Дзіна Драгун, яна жыве ў вёсцы Новы Двор. Дакладней, цяпер яна вучыцца ў Гродзенскім каледжы прыборабудавання на аператара паштовай сувязі. У 2002 годзе яна з мамай Наталляй Уладзіміраўнай, настаўніцай пачатковых класаў, гуляла па Гродне і трапіла на прадстаўленне.
Дзіна беражліва захоўвае кніжку “Кіс-мяў”. Калі гартае яе, успамінае клоуна з добрай усмешкай, які ўмее размаўляць з кошкамі. Дома ў Дзіны таксама жыве кошка Мурка, яе адданая сяброўка.

Аўтар праекта Ала ФЯДОТАВА.