Прававога поля рупліўцы | Дзяннiца

Прававога поля рупліўцы

Версия для печатиВерсия для печати

Кожны раз, калі чую ці чытаю інфармацыю, што наш рынак працы перанасычаны спецыялістамі юрыдычнага профілю, шчыра здзіўляюся. Чаму, спытаеце? Бо пераканана: сёння, калі заканадаўчая база так хутка і моцна пашыраецца, удасканальваецца і мяняецца, без юрыста немагчыма арганізаваць работу ніводнай, нават невялікай установы ці арганізацыі, не кажучы ўжо пра салідныя прадпрыемствы. Вось і мы, журналісты, неаднаразова сутыкаліся з пытаннямі, якія без трывалых прававых ведаў самастойна вырашыць аказалася не па сіле. А выбрацца з лабірынтаў юрыдычных норм і правіл нам дапамаглі, за што ім вялікі дзякуй, юрысты-прафесіяналы з аддзела дакументацыйнага і прававога забеспячэння, работы з насельніцтвам кіраўніцтва справамі райвыканкама.
Намеснік начальніка гэтага аддзела Алег Генрыкавіч Пятровіч працуе тут з 2006 года – з таго моманту, калі гэтае структурнае падраздзяленне было створана ў райвыканкаме. Пачынаў галоўным спецыялістам, паўтара года ўжо – на цяперашняй пасадзе. За плячыма маладога чыноўніка дзве адукацыйныя ўстановы – Ашмянскі сельгастэхнікум, дзе толькі спасцігаў азы юрыспрудэнцыі, і Беларускі інстытут правазнаўства. Яго калега Алег Іосіфавіч Лябецкі сярэднюю спецыяльную юрыдычную адукацыю набыў у Гродзенскім політэхнікуме, а цяпер завочна вучыцца ў Горацкай сельгасакадэміі.
У гэтых маладых людзей ёсць усе задаткі, каб дасягнуць значных вышынь у абранай прафесіі. Кіраўнік спраў – начальнік кіраўніцтва справамі райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк не хавае задавальнення работай сваіх падначаленых, лічыць іх надзвычай кампетэнтнымі, сур’ёзнымі ў адносінах да справы супрацоўнікамі і ці не галоўнымі надзейнымі сваімі памочнікамі.
– Ведаеце, яны – не проста, як кажуць, левая ці правая мая рука. Гэта мае дзве рукі і два мае крылы…, – эмацыянальна заўважае яна.
Што ж, пачуць такія словы – дарагога каштуе. Тым больш, што высокую ацэнку ставіць не проста кіраўнік, а юрыст-прафесіянал.
У юрыстаў аддзела дакументацыйнага і прававога забеспячэння, работы з насельніцтвам вельмі вялікі аб’ём работы. Не будзем сёння глыбока “капаць” у яе спецыфіку. Скажам проста: сюды з аддзелаў і службаў райвыканкама сцякаецца для прававой экспертызы мноства дакументаў самай рознай накіраванасці. Тут вывяраецца на адпаведнасць заканадаўству кожнае рашэнне, якое прымае райвыканкам, кожнае распараджэнне, падпісанае яго старшынёй.
– Перш, чым пачаць працаваць над чарговым дакументам, я павінен дасканала вывучыць заканадаўчую базу па канкрэтным пытанні, – тлумачыць характар сваёй работы Алег Генрыкавіч Пятровіч. – Без ведання прававой базы ў нашай прафесіі нельга. Яе ж абнаўляем штомесяц, хаця ёсць магчымасць рабіць гэта штодзень.
– Законы, указы, рашэнні, распараджэнні… І ўсё гэта – з дня ў дзень. Ці не сумна працаваць? – цікаўлюся ў яго.
– Ні ў якім разе! Гэта – не проста паперы. Гэта – новыя веды! А, значыць, увесь час павышаеш свой прафесіянальны ўзровень.
З калегам згодзен і Алег Лябецкі: “Работа патрабуе цярпення, але яна надзвычай цікавая”.
– А работа за вамі дамоў “ходзіць”? – задаю пытанне абодвум, у думках узгадваючы свае вячэрнія і начныя журналісцкія “будні” і спадзеючыся, што хоць у іх прафесіі ўсё цывілізавана…
– Здараецца, даводзіцца працаваць і дома, – прызнаюцца юрысты і ўшчэнт “разбіваюць” мае надзеі.
Акрамя экспертызы прававых актаў, падрыхтаваных спецыялістамі райвыканкама, Алег Генрыкавіч Пятровіч і яго калега пры неабходнасці кансультуюць і службовых асоб. І паколькі кожны чыноўнік курыруе пэўны накірунак дзейнасці, то, каб не ўвесці чалавека ў зман, юрысту трэба грунтоўна ўнікаць сёння – у жыллёвае заканадаўства, заўтра – у працоўнае… Вузкай спецыялізацыі не атрымліваецца, хутчэй – шырокі профіль.
Карпатлівая, дакладная да самых дробязей работа не ператварыла юрыстаў гэтага аддзела ў “сухароў”. Не ўласцівы ім напышлівасць і абыякавасць у адносінах да людзей. Той жа Алег Генрыкавіч заўсёды надзвычай добразычлівы і таварыскі. Здагадваюся, што, ведаючы пра гэтыя яго якасці, людзі часам злоўжываюць імі – ідуць да яго са сваімі “цяжкімі” асабістымі пытаннямі.
– У нашы абавязкі не ўваходзіць прыём і прававая кансультацыя грамадзян, – гаворыць Алег Генрыкавіч. – Але калі чалавек сюды прыйшоў, то спадзяецца на дапамогу. І не магу я яму адмовіць, адправіць ні з чым.
У час нашай размовы ў кабінет з паперай у руках зайшла спецыяліст аднаго з аддзелаў райвыканкама. Алег Генрыкавіч уважліва прачытаў невялікі тэкст. “Вось тут добра. І тут… – пракаменціраваў ён. – А ў гэтым месцы замест прабелу трэба паставіць кропку”. І, відаць заўважыўшы мой здзіўлены позірк, патлумачыў: “Культура афармлення дакумента таксама важная…”
Пастаўлю кропку і я. Хаця не… Са святам Вас, Алег Генрыкавіч!  А ў вашай асобе – усіх юрыстаў райвыканкама. І поспехаў вам у рабоце – адказнай, складанай і надзвычай запатрабаванай.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.