Праблем менш не становіцца | Дзяннiца

Праблем менш не становіцца

Версия для печатиВерсия для печати

Кожны раз, калі даводзіцца знаёміцца з пытаннямі, зададзенымі жыхарамі нашага раёна членам інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама, пераконваешся ў тым, што турбуюць гараджан і вяскоўцаў радавыя жыццёвыя праблемы, якія самастойна вырашыць людзі не могуць і вымушаны звяртацца да кіраўнікоў раённых службаў і арганізацый.
“Дарожныя” пытанні адрасуюцца начальніку ДРБУ-161 П.М. Куліну.
Падсыпаць і прагрэйдзіраваць дарогу па вуліцы Лясной у Жалудку і праезджую частку ў раёне новых дамоў у вёсцы Фарны Канец прасілі вяскоўцы. Жыхароў вуліцы Чырвонапартызанскай у Жалудку вельмі турбуе вада на дарожным пакрыцці. У вёсцы В. Мажэйкава па вуліцы Леніна,1 неабходна забетанаваць агалоўкі трубы і ўстанавіць агароджу. А ў Галавічполі патрэбна грэйдзіраванне вуліцы Матросава. Не памяшала б таксама завяршыць там рамонт пешаходнай дарожкі па вуліцы Міру.
Вуліца Лясная ў Жалудку і дарога да новых дамоў в. Фарны Канец спрафіліраваны, а прасадка бетоннага пакрыцця над газаправодам па вуліцы Чырвонапартызанскай будзе ўхілена да першага чэрвеня наступнага года. Агалоўкі трубы забетанаваны, і каля данага ўчастка ўстаноўлена агароджа. А вось грэйдзіраванне вуліцы Матросава ў Галавічполі і канчатковы рамонт пешаходнай дарожкі дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне можа выканаць толькі пасля заключэння дагавора з ААТ “Васілішкі”. Аб гэтым паведаміў начальнік ДРБУ-161.
Жыхары дома №13 па вуліцы Леніна ў вёсцы В. Мажэйкава прасілі адрамантаваць дах. Просьба выканана – пакладзены новы шыфер.
У падвальным памяшканні дома №3 па вуліцы Набярэжнай у вёсцы Новы Двор збіраецца вада. Гэта, безумоўна, дастаўляе нязручнасці жыхарам.
– Сітуацыя выпраўлена, – паведаміў дырэктар КУСП “Саўгас “Навадворскі” Я. Э. Паўлюкевіч. – Вада адкачана, труба адрамантавана.
Палепшыць асартымент прадукцыі ў сталовай г.п. Жалудка прапанавалі вяскоўцы.
Старшыня праўлення Шчучынскага райспажыўтаварыства С.С. Лях паведаміў, што адпаведныя меры для вырашэння гэтага пытання прымаюцца. Для прыгатавання страў завезена неабходная сыравіна, запланавана ўстанавіць канвекцыйную печ для выпечкі здобна-булачных і кулінарных вырабаў. Гэта дазволіць пашырыць асартымент прадукцыі і заўсёды мець у продажы гарачую здобу. Дарэчы, неабходны інвентар ужо часткова набыты.
Жыхары Новага Двара вельмі не задаволены тым, як утрымліваецца ўладальнікамі дом №39 па вуліцы Гродзенскай (выбітыя вокны, няма дзвярэй).
Старшыня Навадворскага сельвыканкама А.Я. Хвасько паведаміў, што ўласніцы данага жылога дома М.С. Жыгала накіравана прадпісанне аб навядзенні належнага парадку.
Ганна РУДСКАЯ.