Першая любоў... сапраўдная | Дзяннiца

Першая любоў... сапраўдная

Версия для печатиВерсия для печати

Патрэбны дом на вуліцы Усходняй у Скрыбаўцах знайшла без цяжкасці. На новых пабудовах нумары відаць здалёк. А тут і з правадніцай пашанцавала: суседская дзяўчынка якраз ішла да Кузняцовых. Сустрэлі мяне ветліва і добразычліва, і хутка я пераканалася, што ў гэтым доме гасцям заўсёды рады, што “пагода ў доме” стабільна ясная і сонечная.
Сяргей Валянцінавіч і Аксана Юльянаўна Кузняцовы пераехалі ў новы дом год таму назад. Адчуваецца, што абсталёўваюць жыллё з любоўю. У пакоях утульна, сучасная мэбля, светлыя шпалеры, прыгожыя фіранкі на вокнах. Яшчэ шмат чаго плануецца купіць, але “усё адразу” сямейны бюджэт не здолее, таму кожная будучая пакупка абмяркоўваецца на сямейным савеце. Права голасу на ім маюць і юныя Кузняцовы – чатырнаццацігадовы Міраслаў і адзінаццацігадовая Марта. Бацькі пра іх гавораць з гонарам. Міраслаў захапляецца жывапісам, іграе на гітары, вышывае (!), любіць тэхніку – самастойна сабраў два мапеды. А Марта – маміна памочніца, добрая, ласкавая, цешыць дамашніх песнямі – вельмі любіць спяваць. На канікулах дзяўчынка і адпачыць паспявае, і папрацаваць на саўгасных палетках.
У гэтай сям’і дарослыя не словам прывучаюць дзяцей да працы, а асабістым прыкладам. Сяргей Валянцінавіч – адзін з лепшых механізатараў у гаспадарцы. На сёлетняе жніво памочніцай на камбайн узяў малодшую жончыну сястру Карыну, дзяўчына яна баявая і працавітая. Аксана Юльянаўна таксама працуе ў саўгасе – вартаўніком.
Сяргей Валянцінавіч родам з гэтых мясцін, а яго “цудоўная палавіна” – з Лідскага раёна. Яе бацькі пераехалі ў Скрыбаўцы, калі яна яшчэ была падлеткам. Аксана сябравала з Сяргеевай сястрой, вось хлопец і “заўважыў” светлавалосую сяброўку, калі вярнуўся з войска. Першая любоў, як магніт, прыцягвала юнака і дзяўчыну. Яны сустракаліся два гады, спатканні былі такімі пяшчотнымі, рамантычнымі. А потым згулялі вяселле. Будні, быт не расчаравалі закаханых. Сяргей аказаўся надзейным спадарожнікам па жыцці і вельмі клапатлівым бацькам для дзяцей, і Аксана гэта ацаніла. Першая любоў аказалася сапраўднай – моцнай і трывалай.
Аксана і Сяргей будуюць адносіны ў сям’і на давер’і і павазе. І дзеці адчуваюць бацькоўскую шчырасць і ласку. Прызнаюся, мне вельмі спадабалася меркаванне гаспадара наконт шкодных звычак. Ён заўважыў, што ў  тым доме шчасце, дзе няма гарэлкі. У наш час гэта сапраўды так. Дык няхай жыве шчасце ў доме на вуліцы Усходняй!
Ала ФЯДОТАВА.