Перазімуем у цяпле | Дзяннiца

Перазімуем у цяпле

Версия для печатиВерсия для печати

Загружаюць дровы ў пагрузчык вадзіцель пагрузчыка Б.В. Тарас і вадзіцель А.А. БолтакАдна мая знаёмая – адзінокая бабулька, як толькі справа блізіцца да восені, пачынае тэлефанаваць у рэдакцыю і прасіць паспрыяць у вырашэнні “вечнага” для яе пытання – запасціся дровамі. Прытым, дровы ёй павінны прывезці менавіта з Гурнофельскага лясніцтва і не іначай, і абавязкова парубаныя на чурачкі. Ніякія іншыя варыянты бабулю не задавальняюць.  Прычым, дровы ёй патрэбны не абы якія, а самыя лепшыя!
Бабуліны “праблемы” навялі мяне на думку: а як насельніцтва нашага раёна забяспечана палівам на зіму? Хто можа лепш ахарактарызаваць сітуацыю, як не дырэктар Шчучынскага філіяла “Гроднааблпаліва” Аляксей Мікалаевіч ШУГЛЯ. Да яго мы і звярнуліся.
— У гэтым годзе ў нас даволі складаная сітуацыя з забеспячэннем насельніцтва палівам, на якое выдзяляюцца асігнаванні дзяржавы. На ўсе 100 працэнтаў нам пакуль не ўдалося задаволіць патрэбы людзей. Дзяржава дапамагае людзям аплаціць цвёрдае паліва і выдзяляе на гэтыя мэты значныя сродкі. Лічыцца, што на год павінна хапіць 2,5 тоны брыкету і 4 складаметры дроў. Замест брыкету можна ўзяць 2 складаметры дроў. Менавіта на гэту норму  выдзяляецца датацыя дзяржавы. Мы адпускаем людзям паліва па цэнах з гэтай розніцай. Калі нехта вырашыць купіць паліва больш – калі ласка, толькі ўжо па свабодных цэнах.
 На сённяшні дзень у нас ёсць запазычанасць перад пастаўшчыкамі. Брыкет мы атрымліваем у абмежаванай колькасці, таму ў першую чаргу атаварваюцца ветэраны, інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, сем’і загінуўшых і інваліды першай і другой групы, льготныя катэгорыі грамадзян.
Каму патрэбна паліва ў першую чаргу – вырашае сельвыканкам. Мы кантралюем сітуацыю сумесна з сельвыканкамам і выязджаем на месцы, каб пераканацца, якая склалася сітуацыя.   
 Асноўны пастаўшчык лесу – Шчучынскі лясгас. Дровы пілуем і сячэм на месцы, а затым дастаўляем па прызначэнні.
– Думаю, што сітуацыя з дровамі і брыкетам, на якія выдзяляецца датацыя дзяржавы, паступова вырашыцца, – упэўнены Аляксей Мікалаевіч. – Ды і старшыня райвыканкама паабяцаў падтрымку. А вось з арганізацыямі пытанняў няма. Яны купляюць паліва ў патрэбнай колькасці. Хацелася б звярнуцца да насельніцтва з просьбай падумаць пра паліва яшчэ летам. У летні перыяд мы самі ездзім па вёсках, выпісваем і дастаўляем і дровы, і брыкет. І ніякіх праблем! Паклапаціцеся пра цяпло ў сваім доме загадзя.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.