Ой, ты полечка - трасуха, не чужая, нашая! або "ЛАД" ЛАДзіць вячоркі | Дзяннiца

Ой, ты полечка - трасуха, не чужая, нашая! або "ЛАД" ЛАДзіць вячоркі

Версия для печатиВерсия для печати

Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах!У гэты вечар заклікалі пары ў круг полька і кракавяк, вальс і лявоніха, “Нарэчанька” і “Лысы”. Адметна, што разам з бабулямі і дзядулямі вытанчаныя па цудоўна выконвалі іх унукі.
Чацвёрты год на базе раённага Дома культуры дзейнічае клуб “Лад”, які аб’яднаў людзей паважанага ўзросту. На кожным пасяджэнні клуба “ладаўцы” даказваюць сабе, што пенсійны ўзрост – не прычына для суму і адчаю, можна жыць цікава і весела, з радасцю бавіць вольны час. Кожная сустрэча ў клубе не падобная на папярэднюю. Вось і апошняя прайшла ў форме вясковых вечарынак пад назвай “Добры вечар, суседзі!”.
Добры вечар, суседзі!Нашы ветэраны: умелі працаваць – умеюць і спявацьЕднасць пакаленняўАх, як пашанцавала гасцям гэтага гасціннага дома,  гаспадары якога “пачаставалі” ўсіх такой цікавай гульнёва-забаўляльнай праграмай. Яўгенія Антонаўна Марунчак і Аляксандр Эдуардавіч Новікаў цудоўна справіліся са сваімі ролямі, шчодра сыпалі жартамі, расказвалі байкі, нястомна запрашалі патанцаваць і паспяваць. А якая каларытная асоба іх суседка, што першая прыйшла на вячоркі з кошыкам дароў са свайго агарода. Яна і гасцей забаўляла, і другую суседку з поля зроку не выпускала, карацей кажучы, ролю мудрай вясковай жанчыны Лідзія Іванаўна Мілейка выканала выдатна. Якраз у гэты дзень яна была імянінніцай і атрымала шчырыя віншаванні і кветкі ад сваіх сяброў.
Жаданымі гасцямі ў вясковай хаце сталі ўдзельнікі хору ветэранаў. Яны прыйшлі са сваімі падарункамі – прыгожымі песнямі. Завітала на вячоркі і дзятва. Знайшліся забавы і для яе. З цікавасцю даведаліся дзяўчынкі і хлопчыкі пра польскія традыцыі святкавання дня Анджэя (ён адзначаецца 30 лістапада). Пра гэта цікава расказала Галіна Станіславаўна Рудзь. Існавала павер’е, што калі вечарам на Анджэя ў хату завітае госць, нават і незнаёмец, наступны дзень будзе вельмі спрыяльны для ўсёй сям’і. У гэты вечар па хатах хадзіла варажбітка. Асабліва яе чакалі дзяўчаты на выданні, ім хацелася даведацца пра свой лёс, хто будзе іх выбраннікам.
Тут-туп, чаравік, не ляніся…Аповяды пра даўні абрад змянілі гульні-забавы для дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі вельмі актыўнымі, кожны стараўся атрымаць прыз. Дзяўчынка Віталіна, напрыклад, расказала верш на польскай мове.
Якія вячоркі без танцаў?! У гэтай хаце выконвалі танцы, якія цяпер, на жаль, убачыш толькі на сцэне або ў даўнім фільме. Магчыма, таму з такім запалам выходзілі пары ў круг з першымі акордамі лявоніхі, полькі, кракавяка, вальса і іншых танцаў. Як велічна трымалі постаць жанчыны, як па-маладзецку ўвіхаліся побач мужчыны! А з якім гонарам заказаў гаспадар “Лысага” і першым пусціўся ў скокі.
З боку было вельмі прыемна назіраць і дзівіцца, як гэта ў дзесяці пажылых пар усё так выдатна атрымліваецца, без сучка і задзірынкі?! Пазней танцоры прызналіся, што рыхтаваліся да мерапрыемства сур’ёзна: было некалькі рэпетыцый, на якіх выканаўцы шліфавалі майстэрства танца пад кіраўніцтвам прафесіянала Т.У. Пановай. Дарэчы, у яе адрас гучалі шчырыя словы ўдзячнасці за магчымасць, як у маладосці, закружыцца ў віхуры вальса. Таццяна Уладзіміраўна таксама прымала віншаванні і з Днём нараджэння.
А бабулін танец – клас!Паказала клас і моладзь. І кракавяк, і полечку выканалі так, што здзівілі ўсіх прысутных. Палюбіць і вывучыць танцы хлопчыкам і дзяўчынкам дапамагла Г.С. Панімаш. Дзеці займаюцца ў гуртку, якім яна кіруе.
Словы падзякі ад удзельнікаў вячорак гучалі ў адрас музыкаў – Генадзя Панова і Ігара Будзько. Яны тонка адчувалі настрой гасцей і своечасова “заводзілі” патрэбныя мелодыі.
Гаспадары гасціннай хаты прапаноўвалі ўсё новыя і новыя забавы, і самі госці былі актыўнымі – спявалі, байкі расказвалі, прыпеўкамі сыпалі, нібы зернем. А як упрыгожылі кампанію маладыя госці! Вольга Селівёрстава і Уладзімір Блядноў, адзінаццацікласнікі другой гарадской школы. Прызналіся, што вельмі любяць даўнія танцы, асабліва польку. Аказваецца, ёсць больш за сорак відаў гэтага танца.
Так цікава і змястоўна правялі вечар удзельнікі клуба “Лад”. А слайды ў перапынку паміж танцамі расказалі, чым увогуле сёлета жылі “ладаўцы”. На фота занатавалася шмат цікавых момантаў падчас экскурсій на Аўгустоўскі канал, у Навагрудак, Брэст, у дні адпачынку ў лагеры “Касмадром”. Пахвальна, што для гэтых людзей восень жыцця стала яркай старонкай. З учарашняга дня нясуць яны каштоўнасці ў сёння, песцяць іх у душы і спадзяюцца не страціць заўтра. Яны адраджаюць прыгожыя культурныя традыцыі і стараюцца перадаць іх моладзі. Чарговая сустрэча ў клубе – гэтаму яркае пацвярджэнне.
Ала ФЯДОТАВА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.

ЛАДнае слова
Валянціна Пятроўна Сафронава:
– Родам я з Расіі, але Беларусь стала для мяне другой радзімай. Тут я вучылася, жыла, гадавала дзяцей. Я – педагог, увесь час сярод дзяцей, а гэта публіка вясёлая, дапытлівая, не дае сумаваць. Думала, як я буду жыць, калі пайду на заслужаны адпачынак? І вось клуб “Лад” – проста выратаванне для мяне. Тут цікавыя людзі, мы гутарым, дзелімся сваімі радасцямі і праблемамі, знаходзім падтрымку. А колькі мы адкрылі новага падчас экскурсій.
Клуб “Лад” дапамагае мне жыць.
Іван Станіслававіч Ціміжэўскі:
– Сёння такі цудоўны вечар. Я люблю танцаваць, але цяпер гэта здараецца вельмі рэдка. А тут такая магчымасць выйсці ў круг пад агністую польку, або вальс пакружыць. І ведаеце, прыемна, што і дзеці ведаюць гэтыя танцы. Клуб “Лад” звёў мяне з цікавымі людзьмі і дае магчымасць жыць змястоўна.
Аляксандр Аляксандравіч Хох:
– Заўсёды з нецярпеннем чакаю новай сустрэчы з удзельнікамі клуба. Ведаеце, гэта ўзнімае настрой, дае стымул да жыцця. Кожнае пасяджэнне не падобнае адно на адно. А сёння як цудоўна было! Адрадзіліся танцы маёй маладосці. Заўважылі, я ніводнага не прапусціў! Ды гэта і немагчыма, калі побач такія прывабныя партнёршы! А калі сур’ёзна, то вельмі добра, што мы перадаем унукам нашу культурную спадчыну. Няхай яны беражліва захоўваюць яе.
Я ў свой час шмат паездзіў па дарогах нашай краіны. Вадзіцельскі стаж у мяне 47 гадоў. Я ўпэўнены, што наша Беларусь – самая прыгожая.
І цяпер не прапускаю экскурсіі. Гэта вельмі цікава.