Новая ферма: арыенцір на рэкорды | Дзяннiца

Новая ферма: арыенцір на рэкорды

Версия для печатиВерсия для печати

Даглядчыца цялят Р.К. Карпач— Новая малочнатаварная ферма “Каменка” ўведзена ў строй першага верасня гэтага года, — тлумачыць дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” П.М. Куц. – Хаця будаўніцтва фермы завяршылі і запусцілі першую групу кароў у лютым, да гэтага часу ішло папаўненне дойнага статка, наладжвалі і правяралі ў рабоце ўсё абсталяванне. І толькі цяпер мы афіцыйна запрацавалі па-новаму.
Да новых умоў утрымання прывыкала жывёла, а да сучасных метадаў работы – жывёлаводы. Не адразу ўсё атрымлівалася. Былі праблемы з дойкай, з доглядам і кармленнем. Але паступова ўсё стала на свае месцы. Тым больш, што працуюць на новай ферме людзі мясцовыя, з багатым вопытам за плячыма. Вось, напрыклад, загадчыца фермы, а цяпер брыгадзір вытворчай брыгады жывёлаводаў Данута Казіміраўна Вайтко. Нязменна адрабіла ў жывёлагадоўлі 34 гады! А цяпер умела кіруе калектывам.
Зараз на ферме “Каменка” знаходзіцца 1142 галавы буйной рагатай жывёлы. З іх 540 дойных кароў (ферма разлічана на 860) і 340 першацёлак. У дзень тут надойваюць ад кожнай каровы па 14 кілаграмаў малака. Плюсуюць у параўнанні з мінулым годам і з тым, што даілі на старой ферме, на 4,3 кілаграма. І гэта не мяжа. Ёсць у каго вучыцца, напрыклад, у суседзяў з СВК “Шчучынаграпрадукт”, дзе кожны дзень надойваюць ад каровы па 17 кілаграмаў малака.Аператары машыннага даення У.М. Юшко, С.М. Сідлярэвіч і Т.Ф. Жывушка — Мы не толькі павялічылі пагалоўе буйной рагатай жывёлы, але і змаглі аднавіць якасна дойны статак, — гаворыць Пётр Міхайлавіч Куц. – Закупілі 50 кароў высокай прадукцыйнасці ў СВК “Свіслач” Гродзенскага раёна і 88 першацёлак у ААТ “Васілішкі”. Цяпер гэтыя рагулі даюць малака ў два разы больш за свойскіх. Мяркуем, што ад іх атрымаем маладняк і ўвядзём у агульны статак. Акрамя таго, нарыхтавалі на зімовы перыяд утрымання жывёлы 26 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву. Маем дастаткова якаснага ўласнага зерня. Дабаўляем у кормасумесі неабходную колькасць шроту, мінеральных і біядабавак.
Кожны дзень гаспадарка адпраўляе на малаказавод 8 тон малака, што на тры тоны больш, чым у мінулым годзе. 35 працэнтаў – вышэйшым гатункам. Ды і тлустасць высокая – 3,7 працэнта.
Новая ферма патрабуе і новых адносін да работы. Зразумела, што сучаснае абсталяванне вызваліла жывёлаводаў ад многіх фізічных работ. Так, напрыклад, цяляткі зараз выпойваюцца па камп’ютарнай праграме: механічная “мама” выдасць кожнаму цяляці неабходную колькасць малака з мікрадабаўкамі па індывідуальнай праграме. У даільным цэху за працэсам дойкі таксама сочыць пільнае вока камп’ютара.  Але ўсё ж чалавечая цеплыня і клопат застаюцца на першым месцы.
— Ды не раслі б так хутка цяляткі ў цэху дарошчвання маладняку, каб без душы працавалі даглядчыкі Рэгіна Казіміраўна Карпач і Іван Станіслававіч Сцепанцэвіч, — зазначыў галоўны ветэрынарны ўрач гаспадаркі Часлаў Паўлавіч Прэцкайла. – За жывёлай яны глядзяць, нібы за дзецьмі. Таму і захаванасць цялятак амаль стопрацэнтная.
Да аператараў машыннага даення я трапіў, калі яны толькі завяршылі дойку. Сапраўдныя майстры справы Уладзіслава Міхайлаўна Юшко, Святлана Міхайлаўна Сідлярэвіч і Тамара Феліксаўна Жывушка прыбіраліся на сваім рабочым месцы: мылі даільныя апараты, падлогу. Кожная з іх не навічок,  хто 10, а хто і 15 гадоў доіць кароў. У гаспадарцы яны ў перадавіках.
Пільна сачыла за станам жывёл, вызначала хворых кароў і не дапускала іх да агульнай дойкі малады ветэрынарны фельчар Марыя Міхайлаўна Будрэвіч. Яна хоць і нядаўна працуе на ферме, але паказала сябе, як добрасумленны і адказны работнік.
Зімна на вуліцы, халодны вецер. Але ў памяшканне фермы холад не пранікае. Дзверы падагнаны вельмі шчыльна, жывёла знаходзіцца на саламянай падсцілцы, і, як патлумачылі спецыялісты, калі здарыцца моцны мароз, можна ўключыць вентылятары, якія надзьмуць цёплага паветра.
Значыць, можна чакаць і далейшага павелічэння вытворчасці малака, прыбавак ў сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.