Не кожнаму дадзена так шчодра жыць... | Дзяннiца

Не кожнаму дадзена так шчодра жыць...

Версия для печатиВерсия для печати

Вацлаў Руды: Будаўнік. Герой. Дэпутат
Гісторыю ствараюць людзі. Вось і ў гісторыю нашага раёна многія яго жыхары ўпісалі адметныя старонкі – сваёй працай, творчасцю, энтузіязмам. Іх імёны жывуць у памяці землякоў.
Мы пачынаем цыкл матэрыялаў аб людзях, якія пакінулі яркі след у біяграфіі Шчучыншчыны. Пра іх павінны ведаць нашчадкі. Сёння наш расказ пра чалавека, іменем якога названа новая вуліца ў Шчучыне, памяці якога прысвячаюцца футбольныя турніры. Вацлаў Адольфавіч Руды. Заслужаны будаўнік рэспублікі, Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1975-1980 гадах. Якім ён быў у жыцці? Якім застаўся ў памяці блізкіх людзей і тых, хто яго ведаў?
Мне пашчасціла ў свой час пазнаёміцца з Вацлавам Адольфавічам. Адзначу, што пры ўсіх сваіх “рэгаліях”, ён быў вельмі простым, адкрытым і шчодрым чалавекам.

Сустрэча першая. У гасцінным доме
Гэта было адно з першых заданняў напачатку маёй журналісцкай дзейнасці. Трэба было ўзяць інтэрв’ю ў Героя Сацыялістычнай Працы В.А. Рудага. Я дамовілася па тэлефоне аб сустрэчы і ў вызначаны час накіравалася на Заводскую вуліцу. Вельмі хвалявалася! Як весці размову, якія пытанні задаваць? Вопыту яшчэ не было, ды і званні будучага суразмоўцы мяне проста палохалі: Герой працы, заслужаны будаўнік, дэпутат Вярхоўнага Савета. Я са страхам націснула кнопку званка. Адкрыў дзверы гаспадар, я здагадалася. Але чамусьці разгубілася, бо меркавала ўбачыць зусім іншага чалавека. А тут мяне запрашаў у дом невысокі мужчына з пранікнёным позіркам цёмных вачэй. Я адразу адчула сябе “на рабоце” і стала задаваць пытанні, старанна падбіраючы словы. Мой герой, канешне ж, заўважыў хваляванне, паклаў мне руку на плячо і сказаў:
– Давай-ка, дзяўчынка, спачатку за стол – у мяне сёння дзень нараджэння, а потым я табе ўсё раскажу.
У гасцінным доме Рудых я правяла гадзіны тры. Размова была цікавай. Вацлаў Адольфавіч з задавальненнем адказваў на мае пытанні пра работу, сям’ю, бацькоў. Жартаваў, частаваў чаем і тортам. Інтэрв’ю, дарэчы, атрымалася цудоўнае, мяне нават пахваліў рэдактар. І я акрыленая адправілася шукаць новыя тэмы і сюжэты.
Сустрэча другая. Памідоры ад Рудага
Праз нейкі час я выпадкова ўбачыла Вацлава Адольфавіча ў раёне вёскі Тапілішкі. Ехала на дачу. Ён мяне пазнаў, што было вельмі прыемна. Аказваецца, і ў яго там дача, толькі крыху далей.
– Вы павінны паглядзець маю новую цяпліцу, – сказаў Вацлаў Адольфавіч. – Там у мяне памідоры, як гарбузы!
У яго жарце была вялікая доля праўды. Насамрэч, памідоры ўдаліся, не памяшчаліся на далоні. Чырвоныя, мясістыя, па паўкілі, а то і больш, кожны.
Вацлаў Адольфавіч паказаў градкі, расказаў пра сарты клубніц, пахваліўся дачным домікам, які нядаўна пабудаваў сваімі рукамі. Адчувалася, што на зямлі ён працуе з вялікім задавальненнем. У цяпліцы і агародзе быў зайздросны парадак. Вацлаў Адольфавіч даў мне на дарогу некалькі вялізных памідораў. Адзін я пакінула на насенне, і потым некалькі гадоў садзіла сорт “Ад Рудага” і дзякавала яго гаспадару за шчодрасць і гаспадарлівасць.
На рабоце – герой, дома – душа чалавек
Мінула шмат гадоў… І вось я зноў у гасцях у Рудых. Гутарым з жонкай Раісай Іосіфаўнай, сынам Юрыем. А з партрэта з усмешкай глядзіць на нас Вацлаў Адольфавіч, нібы прымае ўдзел у размове.
– Пятнаццаць гадоў яго няма з намі, а людзі памятаюць, – гаворыць Раіса Іосіфаўна. – Умеў ён з людзьмі ладзіць, не зазнаваўся. У 1977 годзе званне Героя працы атрымаў, але не заганарыўся, лічыў, што яшчэ лепш павінен працаваць.
Успаміны прывялі жанчыну ў шасцідзесятыя гады, калі прыехала яна ў Шчучын са Скідзельскага раёна, уладкавалася на работу ў будаўнічую арганізацыю. А ў другой брыгадзе працаваў хлопец з Калечыц. Будаўнічы вопыт ён набыў у арміі, служыў у інжынерных войсках. Вось так яны на рабоце і пазнаёміліся. Раісе падабалася, што яе сябра вельмі працавіты і адказны, хутка стаў брыгадзірам. У ПМК-26 (папярэдніца МПМК-167) яго ўсе паважалі і цанілі за адносіны да працы. Вацлаў Руды быў патрабавальны да сябе і да сваіх падначаленых. У брыгадзе ніхто не парушаў дысцыпліну, дарэмна не траціў ні хвіліны часу. Брыгадзір загадзя складаў план работы на дзень, раніцай даваў кожнаму заданне, усё было дакладна і ясна.
Вацлаў і Раіса сустракаліся два гады. “Ён быў вясёлы і адкрыты хлопец, не скупы, – з усмешкай успамінае Раіса Іосіфаўна. – Ведаеце, у нас, можна сказаць, было два вяселлі. Распісаліся мы на Новы год, на ўрачыстасці былі бацькі і таварышы па працы. А вясной, на 1 Мая, паехалі ў маю родную вёску Каневічы і згулялі вяселле”.
Амаль трыццаць год пражылі разам Раіса Іосіфаўна і Вацлаў Адольфавіч.
– За ім я была як за каменнай  сцяной. Ведала, што ў доме ёсць гаспадар. З ім заўсёды параішся, ведаў, што трэба зрабіць. Адзінае, што было не ягонае – пакупкі. Гэта ён давяраў мне.
Калі яго не стала, свет пацьмянеў, я не ведала, як жыць… Сыны падтрымлівалі, а так не ведаю, як бы я вынесла такую страту. Не даглядзеў сябе. Сэрца часта сціскала, у бальніцу не ішоў, усё не было калі. Ён увогуле ніколі не быў на бальнічным.
Вацлаў Адольфавіч быў добрым мужам, бацькам і сынам. Пяшчотна і клапатліва ставіўся да сваіх бацькоў і траіх сясцёр. Вельмі часта наведваўся ў родную вёску, і бацькі часцяком гасцявалі ў сына. Увогуле Руды быў вельмі гасцінным чалавекам. Хто зойдзе ў дом – не выпусціць, каб не пачаставаць. Любіў рабіць сюрпрызы, здзіўляць і радаваць людзей. Родныя ўспомнілі, як аднойчы на Новы год ў госці прыйшла сястра з мужам. Вацлаў Адольфавіч непрыкметна адхіліўся ад святочнага стала, пераапрануўся ў Дзеда Мароза і стаў віншаваць усіх. Ён так артыстычна і пераканаўча гэта рабіў, што муж сястры сапраўды прыняў яго за работніка культуры і сказаў: “Вы, напэўна, пераблыталі адрас. Мы не заказвалі Дзеда Мароза”. Вось смеху было!
Раіса Іосіфаўна працягвае дачную справу мужа. Ён калісьці за водпуск пабудаваў на ўчастку невялікі дом і вельмі любіў там адпачываць і працаваць. Потым сын абклаў дом цэглай, дабудаваў веранду. Раіса Іосіфаўна кожнае лета завіхаецца на градках і ў цяпліцы. Суседзі здзіўляюцца, як яна вырошчвае такія вялікія памідоры і клубніцы.
Надзейная апора жанчыны – яе сыны. Іван працягвае бацькоўскую справу – будаўнік. Юрый працуе на маслазаводзе, па характары вельмі падобны на бацьку. Выраслі ўнукі. Іван і Даша – студэнты сталічных універсітэтаў, Маша – дзесяцікласніца. Вось бы радаваўся цяпер іх дзядуля!
У доме Рудых пяшчотна захоўваюць памяць аб былым гаспадары. У дамашнім архіве – унікальныя фотаздымкі, граматы, падзякі. Гэта зрэз гісторыі нашага раёна і краіны. Чалавек з высокімі званнямі быў вельмі сціплым у жыцці, добрым і душэўным. Такім ён застанецца ў памяці родных, сяброў і знаёмых.
Заслужаны будаўнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы Вацлаў Адольфавіч Руды пакінуў землякам дарагую спадчыну – шматлікія школы, шматпавярхоўкі, адміністрацыйныя будынкі. Калі аб’екты ўзводзіла брыгада Рудага, значыць гэта было пабудавана якасна і надзейна. Цяпер у Шчучыне растуць дамы на вуліцы, якая носіць імя заслужанага будаўніка. Камусьці пашчасціць жыць на вуліцы Рудага.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.

З успамінаў
Сын Юрый:
– Тата быў адданы рабоце, ішоў раніцай, вяртаўся вечарам. Але заўсёды знаходзіўся ў курсе нашых з братам спраў. Ён ніколі не павышаў голас. Да нас ставіўся пяшчотна, добразычліва. Умеў так падвесці размову, што мы самі шчыра расказвалі пра ўсё, што адбывалася ў школе.
На святы тата заўсёды стараўся парадаваць нас сюрпрызамі і падарункамі. Ён быў для нас дастойным прыкладам. Мы вучыліся, як трэба ставіцца да працы, да людзей, цаніць сапраўдныя каштоўнасці.

З успамінаў

Марына Міхайлаўна Рудая, нявестка:
– З першай сустрэчы мне спадабаўся бацька Івана. Запомніла яго шчырым, адкрытым і добразычлівым чалавекам. Вельмі цёпла, па-бацькоўску прыняў мяне. Было такое пачуццё, што ў мяне з’явілася яшчэ адна сям’я. Яго клопат, жаданне дапамагчы заўсёды вельмі цаніла. Ганаруся, што ў маіх дзяцей такі знакаміты дзядуля. Прыемна, што шчучынцы памятаюць Вацлава Адольфавіча.