На няспраўнай тэхніцы далёка не заедзеш | Дзяннiца

На няспраўнай тэхніцы далёка не заедзеш

Версия для печатиВерсия для печати

У час праверкі скрупулёзна правяраўся кожны рабочы вузел тэхнікіКожны год пасля завяршэння палявых работ праводзіцца агляд сельскагаспадарчай тэхнікі. Правяраецца, як пастаўлена яна на захаванне, у якім стане знаходзяцца машынныя двары і майстэрні, у якіх умовах працуюць рамонтнікі. Пытанне гэта вельмі сур’ёзнае, бо напрамую звязана з лёсам будучага ўраджаю.
26 лістапада ў аглядзе тэхнікі прымалі ўдзел не толькі кіраўнікі гаспадарак і галоўныя інжынеры, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, але і члены райвыканкама, прадстаўнікі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама. Члены аглядавых камісій разбіліся на тры групы і аб’ехалі ўсе гаспадаркі раёна. Правяраўся кожны камбайн, кожны рабочы вузел.
Трэба адзначыць, што адказна аднесліся да справы кіраўнікі і работнікі інжынернай службы ААТ “Васілішкі”, СВК “Дэмбрава”, “Жалудоцкі”, “Балічы”, саўгаса “Першамайск-агра”. Тэхніка тут памыта і пастаўлена на захаванне, пры гэтым вытрыманы ўсе неабходныя патрабаванні.
У СВК “Балічы” такім агрэгатам, які спажывае мясцовыя віды паліва, ацяпляюць майстэрнюАмаль ва ўсіх гаспадарках раёна рамонтная зона майстэрняў ацяпляецца цеплагенератарамі.
Што тычыцца іншых гаспадарак, то большасць кормаўборачных агрэгатаў у дзень праверкі механізатары яшчэ чысцілі і мылі. Звязана гэта з тым, што з-за дрэннага надвор’я да апошніх дзён лістапада земляробы ўбіралі кукурузу і цукровыя буракі. Таму такія “рабочыя моманты” членамі камісій былі ўзяты на асобны ўлік, і тэхніка ў такіх гаспадарках будзе праверана паўторна. Гэта адносіцца да КВУП “Шчучынская ППРф”, саўгас “Навадворскі”, эксперыментальная база “Руткевічы” і інш.
Не ўсе гаспадаркі прыступілі да рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі і глебаапрацоўчых агрэгатаў. Шмат пустуючых майстэрняў, дзе можна ўбачыць на рамонце ўсяго адзін або два агрэгаты.
— Гэта неапраўданае марудства. Складзены графік рамонту, і яго трэба выконваць, — зазначыў на падвядзенні вынікаў праверкі начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду М.М. Каранкевіч. – Але не трэба брацца за рамонт той тэхнікі, да якой зараз няма запасных частак.
Увогуле, сёння ў гаспадарках налічваецца 118 камбайнаў. Усе яны размешчаны пад навесамі або ў ангарах. Зразумела, што кожны ўборачны агрэгат нятанна каштуе і  патрабуе да сябе асаблівага падыходу. Кожны выкрыты факт абыякавасці ў падрыхтоўцы да захавання тэхнікі будзе дэталёва разглядацца, а да віноўнікаў будуць прымяняцца адміністрацыйныя пакаранні.
Не засталіся па-за ўвагай членаў камісіі ўмовы, у якіх працуюць і адпачываюць рамонтнікі. Так, у СВК “Балічы” у майстэрні для ацяплення памяшкання прыстасавалі награвальны агрэгат ТГА-800, які працуе на мясцовых відах паліва. Але, на жаль, адсутнічае бытоўка. А вось у СВК “Астрына” у майстэрні ў Песках няма чым ацяпліць вытворчае памяшканне і рамонтную зону. Такое ж становішча ў майстэрні ў Рымках СВК “Орля”.
На шчасце, ёсць і іншыя прыклады: у СВУ “Пратасаўшчына” сур’ёзныя адносіны да тэхнікі. У рамонтных майстэрнях ідзе  рэканструкцыя. Ужо пабудаваны шыкоўны кабінет для інжынерных работнікаў гаспадаркі, а побач у хуткім часе запрацуюць лазня, душавыя і нават басейн. Да ўсяго, на другім паверсе будынка зроблена прасторная зала, дзе будзе абсталяваны кабінет па ахове працы.
У час праверкі тэхнікі члены аглядавых камісій праверылі стан збожжасховішчаў і складоў, дзе захоўваюцца мінеральныя ўгнаенні.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.