Наш гонар – нашы землякі, або Атрад імя пісьменніцы | Дзяннiца

Наш гонар – нашы землякі, або Атрад імя пісьменніцы

Версия для печатиВерсия для печати

Прыемная неспадзяванка чакала мяне, калі знаёміўся з кнігай “Памяць” Карэліцкага раёна. Там на дзвюх старонках хронікі расказваецца пра васілішкаўскіх партызан-палякаў. З якой нагоды? – падумае чытач.
А справа вось у чым. Як вынікае з успамінаў тамтэйшых патрыётаў А. і І. Мацко, разам з імі змагалася супраць акупантаў і група лясных салдат польскай нацыянальнасці на чале з Паўлам Крэтам. У 1944 годзе яна з Налібоцкай пушчы па рашэнні камандавання перадыслацыравалася ў Васілішкаўскі раён, каб разам з мясцовымі суродзічамі стаць асновай новага партызанскага атрада. Неўзабаве такое фарміраванне народных мсціўцаў было створана.
Новы партызанскі атрад, чацвёрты па ліку ў брыгадзе імя Ленінскага камсамола, займеў імя Ванды Васілеўскай, вядомай савецкай пісьменніцы, полькі па нацыянальнасці. Ініцыятарамі ж яго стварэння былі працуючыя ў падполлі актывісты Саюза польскіх патрыётаў. Камандзірам атрада стаў Вацлаў Альхімовіч, намеснікам – Канстанцін Марцінкевіч. Абодва перад Другой сусветнай вайною служылі ў 3-м палку цяжкай артылерыі Войска Польскага ў Вільні. Пераважную большасць асабовага саставу партызанскай часці складалі мясцовыя людзі, якія са зброяй у руках выступілі супраць фашысцкіх захопнікаў.
І хоць біяграфія атрада імя Ванды Васілеўскай была кароткай, яго байцы ўнеслі свой уклад у вызваленне Беларусі ад акупантаў. Для пацвярджэння прывяду вытрымкі з дакументаў, што захоўваюцца ў Мінску ў Дзяржаўным архіве. Скупыя радкі расказваюць, у прыватнасці, аб смелай аперацыі польскіх партызан у чэрвені 1944 года на ўчастку чыгункі паміж станцыяй Скрыбаўцы і прыпыначным пунктам Жалудок. А 4-й гадзіне раніцы цішыню наваколля абарваў моцнай сілы выбух. Гэта група падрыўнікоў на чале з Канстанцінам Марцінкевічам пусціла пад адхон ідучы на Усход варожы цягнік, у выніку былі выведзены са строю паравоз, дзве пустыя платформы і адна з машынамі. Рух нямецкіх саставаў на пэўны час вымушана спыніўся.
Вызначылася маладое фарміраванне і ў іншых аперацыях, праводзімых па сваім плане баявых дзеянняў і сумесна з іншымі атрадамі брыгады. А яшчэ нацыянальны атрад праводзіў тлумачальную работу сярод мясцовых палякаў. Гэта было выклікана, на жаль, непаразуменнямі, а часам і супрацьстаяннем паміж савецкімі партызанамі і падраздзяленнямі Арміі Краёвай. Як сведчыць палітданясенне кіраўніка ячэйкі Саюза польскіх патрыётаў атрада імя В. Васілеўскай П. Крэта, у чэрвені 1944 года выдадзены дзве лістоўкі на польскай мове пад загалоўкамі-зваротамі “Паляці” (85 экз.) і “Калегі” (140 экз.). У іх ішла размова аб месцы тутэйшага польскага насельніцтва ў барацьбе супраць нямецкіх акупантаў. У іншых лістоўках расказвалася пра справы народнага Войска Польскага, прысягу 3-й дывізіі імя Траўгута і інш.
У згаданым вышэй дакуменце ёсць звесткі і аб праведзеных сярод насельніцтва гутарках. У чэрвені іх адбылося адзінаццаць, усяго было ахоплена 156 чалавек. Тлумачальная работа вялася ў вёсках Васілішкаўскага, Шчучынскага, Радунскага і Жалудоцкага раёнаў.
У час работы ў Астрыне, калі яна была цэнтрам колішняга Васілішкаўскага раёна, мне даводзілася часта сустракацца і гаварыць з К. Марцінкевічам, які ў 1944-ым быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя В. Васілеўскай. У маёй памяці застаўся дзелавы і адкрыты чалавек. Толькі станоўча характарызавалі яго былыя пабрацімы па барацьбе Іван Анапрыенка, Мікалай Яшын, Міхаіл Яропкін, Іван Бубноў і іншыя. Такія ж водгукі чуў і пра начальніка штаба Антона Маркевіча, ён прыйшоў у рады народных мсціўцаў з вёскі Хмелішча. А поруч з ім змагаўся з агульным ворагам аднавясковец Мечыслаў Маркевіч.
Дастойна былі прадстаўлены ў атрадзе вёскі Гурнофель, Лялюшаўцы, Ляйкі. Адсюль на барацьбу з акупантамі прыйшлі Вацлаў Мерчы, Станіслаў Круль, Баляслаў Ранцэвіч, Леанід Тракелевіч, Іван Рацько, Іван Іванавіч і Іван Антонавіч Вашчылы, Осіп Дзямчук, Вітольд Семяняка, Віктар Семяняка і іншыя. У спісе партызан названы таксама Аляксандр Аніська (вёска Лычкаўцы), Віктар Рынкевіч (Сабакінцы), Іван Каспер (Масяўня), Іосіф Місюкевіч (Куляшы)…
Гэтыя людзі праявілі ў жахлівы час акупацыі мужнасць і адвагу. І хай па-рознаму затым склаўся іх лёс, мы павінны аб іх помніць. Партызаны рызыкавалі жыццём, каб іх нашчадкам жылося вольна і заможна. І яшчэ ў мяне ўзнікла такая думка. Як ганарыліся б і радаваліся б польскія партызаны, што сёння наш зямляк Іван Жук, які родам з Ляйкоў, працуе першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, а Саюз палякаў на Беларусі ўзначальвае Станіслаў Сямашка, таксама наш шчучынскі чалавек. Дарэчы, гэта падстава для гонару ўсіх шчучынцаў, як і тое, што Ігар Жук, ураджэнец Астрыны, таксама займае высокую пасаду віцэ-губернатара Гродзеншчыны.
Аляксандр ЖАЛКОЎСКІ,
няштатны карэспандэнт.