Наш выбар – жыццё без СНІДу | Дзяннiца

Наш выбар – жыццё без СНІДу

Версия для печатиВерсия для печати

Нядаўна адбылося чарговае пасяджэнне раённага міжведамаснага савета па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, венерычных захворванняў і туберкулёзу. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама А.І.Куканава расказала пра тую вялікую работу, якая праводзіцца ў маладзёжным асяродку з мэтай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы, накіраванай на прафілактыку СНІДу і фарміраванне здаровага ладу жыцця.
 Сёння, бадай, няма чалавека, які б не ведаў пра небяспечнасць і шляхі заражэння гэтага страшнага захворвання, што вобразна назвалі “чумой стагоддзя”. І ўсё ж зусім не лішне ў школах, на дыскатэках, у працоўных калектывах, у сямейных інтэрнатах папярэджваць моладзь пра рэальна існуючую небяспеку, пра тое, што праблема ВІЧ-інфекцыі тычыцца літаральна кожнага з нас, і ігнараванне пэўнымі правіламі прывяло да смерці сотняў тысяч людзей ва ўсім свеце.
З асветніцкай мэтай  толькі ў апошні час у раёне было распрацавана і выпушчана 700 экзэмпляраў інфармацыйна-прапагандысцкіх матэрыялаў, якія падчас прафілактычных мерапрыемстваў раздадзены маладым людзям. Шмат досведу пра СНІД размяшчаецца на сайце аддзела адукацыі.
Як заўважылі медыкі, што прымалі ўдзел у рабоце савета, дзякуючы гэтым і іншым намаганням сёння падлеткі больш ведаюць пра СНІД, чым прадстаўнікі сярэдняга пакалення, якія заражаюцца ВІЧ палавым шляхам. Дарэчы, такая тэндэнцыя зараз прасочваецца ва ўсім свеце. Таму вельмі важна “адукоўваць” і людзей, чый узрост 30-40 год.
— Нам трэба больш увагі ўдзяляць так званым групам рызыкі, — перакананы намеснік галоўнага ўрача райбальніцы С.І.Сямашка. – Насамрэч наркаманаў намнога больш, чым стаіць у нас на ўліку. Задача выяўляць і працаваць з імі.
Старшыня міжведамаснага савета – намеснік старшыні райвыканкама І.Ю.Сакалоўскі ўпэўнены, што менавіта моладзь, лідары БРСМ павінны яшчэ актыўней уключацца ў прапаганду здаровага ладу жыцця, змагацца з дрэннымі звычкамі равеснікаў, умець зацікавіць моладзь стваральнымі справамі.
Як зазначыла А.І.Куканава, сучасныя методыкі “роўны—роўнаму”, калі падлеткі тлумачаць сваім сябрам, як засцерагчыся ад СНІДу, трэнінгі, стварэнне такіх клубаў, як “Выбар” у Шчучыне і “Свет пад назваю “Я” у гарадскім пасёлку Астрына, дапамагаюць зрабіць прафілактычную работу па-сапраўднаму дзейснай. 
— Мы прапануем юнакам і дзяўчатам паўдзельнічаць у конкурсе сацыяльнай рэкламы, — расказвае Алена Іванаўна. – Кожны сам можа паспрабаваць зрабіць рэкламны буклет, відэа- альбо аўдыёролік, мультымедыйную прэзентацыю на тэму анты-СНІД і тым самым зрабіць свой унёсак у важную справу барацьбы з “чумой стагоддзя”.
Памочнік урача-эпідэміёлага занальнага ЦГіЭ В.М.Чабаеўская дала ацэнку рабоце па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі ў МПМК-166 і МПМК-167. Дарэчы, тая сістэмная работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця, арганізацыя шматлікіх спартыўных мерапрыемстваў, якая праводзіцца ў МПМК-167, заслугоўвае не проста добрых слоў, а пераймання вопыту іншымі працоўнымі калектывамі раёна.
Члены савета разгледзелі і стан захваральнасці на туберкулёз на тэрыторыі Астрынскага пасялковага, Васілішкаўскага, Дэмбраўскага і Каменскага сельскіх саветаў. Урач-фтызіятр В.К.Бязмен назваў недапушчальным тое, што асобныя сельгаспрадпрыемствы прымаюць работнікаў без прад’яўлення допуску да працы Шчучынскай райпаліклінікі. Падкрэсліў Васіль Канстанцінавіч і тое, што сёлета 16 чалавек па рашэнні суда былі накіраваны на прымусовае лячэнне туберкулёзу ў спецклінікі. Разам з тым выкарыстанне мабільнай камп’ютарнай рэнтгенустаноўкі, якая сама прыязджае да вяскоўцаў, вельмі дзейсна дапамагае ў прафілактыцы  гэтага захворвання.
Падводзячы вынікі, І.Ю.Сакалоўскі яшчэ раз нагадаў, што толькі пастаянная асветніцкая і растлумачальная работа ў працоўных калектывах, жаданне дайсці да кожнага дапаможа галоўнаму – фарміраванню здаровай нацыі. Здаровай — духоўна і фізічна.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.