Мы – з Баліцкай базавай! | Дзяннiца

Мы – з Баліцкай базавай!

Версия для печатиВерсия для печати

Вучні Баліцкай БШ са сваім дырэктарам В.Р. МілінкевічКрыху больш за два гады таму прыехала працаваць дырэктарам у Баліцкую школу  Валянціна Раманаўна Мілінкевіч. Школу ў Берштах, дзе яна пачынала сваю педагагічную дзейнасць, а затым узначальвала калектыў, зачынілі. Прапанавалі пераехаць у Балічы, і маладая энергічная кіраўніца згадзілася.
– Як убачылі домік, у якім магла пасяліцца наша сям’я, адпалі ўсе сумненні, – гаворыць Валянціна Раманаўна. – У Берштах мы жылі з бацькамі мужа. Яны – цудоўныя людзі, але вельмі хацелася мець нешта сваё. Дый і да Шчучына адсюль бліжэй.
Работа ў Берштаўскай школе, як лічыць Валянціна Раманаўна, стала для яе добрым урокам. Набыты вопыт дапамог знайсці агульную мову з новымі калегамі, заваяваць прыхільнасць вучняў, з галавой акунуцца ў любімую справу. Хаця, па яе прызнанні, сумавала па былой школе і па дзецях.
– Безумоўна, любая базавая школа адрозніваецца ад сярэдняй, – разважае дырэктар. – Мы пазбаўлены многіх магчымасцей і часта не можам задаволіць усіх інтарэсаў нашых дзяцей. Аднак, у плане арганізацыі вучэбнага працэсу – мы робім усё магчымае. І вельмі прыемна, калі вучні нашай школы дасягаюць значных поспехаў. Напрыклад, дзевяцікласніца Ала Лапіна захапляецца геаграфіяй. Яна перамагла ў віктарыне абласнога ўзроўню. У нас працуюць адданыя сваёй справе настаўнікі з вялікім вопытам. Вучні з задавальненнем наведваюць урокі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ганны Сцяпанаўны Купрыян, настаўніцы геаграфіі Наталлі Іванаўны Здановіч і іншых педагогаў. Дзеці павінны бачыць, што настаўнік працуе з нейкай іскрынкай, стараецца выклікаць цікавасць да свайго прадмета. А для гэтага кожны педагог павінен пастаянна самаўдасканальвацца, быць у курсе ўсіх сучасных метадычных напрацовак, развівацца. Толькі такі настаўнік будзе па-сапраўднаму цікавым для вучня.
59 дзяцей наведваюць сёння Баліцкую школу. На жаль, у мінулым годзе школа не сустракала першакласнікаў. Затое сёлета вучнёўскі калектыў папоўніўся ажно васьмю хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
– Так, гэта праблема не толькі нашай школы, – гаворыць Валянціна Раманаўна. – І такая тэндэнцыя чакае нас і далей. У наступныя гады ў школу будзе прыходзіць усё менш вучняў. Балічы не маладзеюць. Дзетак нараджаецца ўсё менш. Маладыя сем’і не затрымліваюцца. Паміж тым, школа для вёсачкі – свайго роду культурны цэнтр. Тут збіраюцца вучні разам з бацькамі на розныя мерапрыемствы. Мы жывём адной вялікай сям’ёй, якую аб’ядноўваюць дзеці. Калі зачыніць школу, кожная сям’я, дзе ёсць школьнікі, задумаецца, ці варта заставацца жыць у такой вёсцы? На маіх вачах такія нядобрыя змены адбываліся з Берштамі.
Лепшыя вучні школы па выніках кожнай чвэрці за добрую вучобу атрымліваюць стыпендыю, якую ім выплачвае СВК “Балічы”. Кіраўніцтва гаспадаркі лічыць неабходным падтрымаць дзяцей, стымуляваць іх працу.
– У асноўным, для харчавання школьнікаў усю агародніну мы вырошчваем самі на сваім агародзе, – гаворыць Валянціна Раманаўна. – Гаспадарка дапамагае нам з бульбай. Некалькі гадоў таму загадчык гаспадарчай часткі Казімір Эдуардавіч Мацвейчык разам з былым дырэктарам школы выкарчавалі стары сад і пасадзілі маладзенькія саджанцы. У гэтым годзе мы ўжо і ўраджай сабралі.
І сапраўды, маладыя дрэўцы, што растуць каля школы, нібы сімвал жыцця, якое не павінна спыніцца. Ні для гэтай утульнай і дарагой многім  школы, ні для самой вёскі Балічы.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.