Культурная рэвалюцыя ў Васілішках | Дзяннiца

Культурная рэвалюцыя ў Васілішках

Версия для печатиВерсия для печати

Дом культуры— Засяліцца ў новы будынак, ды не — сапраўдны палац! —  мы гатовы хоць сёння, — радасна ўсміхаецца дырэктар Васілішкаўскага ЦДК Марыя Іванаўна Будзько. — Вось і будаўнікі абяцаюць наваселле на верасень.
У рабочай планёрцы, якую праводзяць падрадчыкі, а ў іх ролі выступае ААТ “Гроднапрамбуд”, заўжды прымае ўдзел начальнік УКБ райвыканкама А.М. Малышка. Абавязкова запрашаюць сюды і начальніка аддзела культуры Я.І. Міраненка, мясцовых культасветработнікаў. Усе разам зацікаўлена абмяркоўваюць кожны нюанс: і каляровую гаму ўнутранага інтэр’ера, і якім чынам будзе падключацца музычнае абсталяванне, і як тэрыторыю найлепш добраўпарадкаваць і азеляніць...

На рабочай планёрцы напярэдадні здачы аб’ектаНаогул, хто ні ідзе па цэнтральнай вуліцы аграгарадка Васілішкі, не можа стрымаць шчырага захаплення. Настолькі прыгожы, стыльны і велічны гэты будынак з вітражамі, усемагчымымі ганачкамі, арыгінальным дахам. Будаваць яго распачалі ў 2007 годзе, і вось вынік, які ўражвае! Пасля больш чым сціплых умоў старога клуба гэта асабліва цэняць і тыя, каму тут прадстаіць працаваць, і тыя, каму надарыцца адпачываць у новым Доме культуры.
— Вось тут, на другім паверсе, будзе бібліятэка, дзе з лёгкасцю размесціцца кніжны фонд у 19 тысяч экзэмпляраў, — тлумачыць Я.І. Міраненка. — Зала на 300 месц для гледачоў, яшчэ адна — на 60. Танцзала з двухузроўневай падлогай, усемагчымымі падсветкамі, барнай стойкай... — паказвае і расказвае Яніна Іванаўна, упэўнена арыентуючыся ў будаўнічых лабірынтах. — Вось пакоі для заняткаў гурткоў па інтарэсах, відэакабінкі, дзве грымёркі, касцюмерная і нават... душавыя пакоі.
— Вельмі важна, што новы будынак абсталяваны пандусамі для ўезду інвалідаў-калясачнікаў, — уступае ў гутарку Марыя Іванаўна Будзько. – Мы проста ганарымся, што да ўсяго тут еўрапейскі падыход. А паглядзіце, што за відарыс з акна!
 Вялікія вокны, дзякуючы якім так светла і ўтульна ў холах, выходзяць акурат на “Востраў закаханых” з драўлянымі масткамі, рамантычнай альтанкай і штучнай сажалкай.
Зусім хутка новы Дом культуры гасцінна запросіць васілішкаўцаў на наваселле, ці як цяпер прынята гаварыць — на прэзентацыю. А пакуль тут уладараць каля шасці дзесяткаў будаўнікоў. Час прыспешвае, але ніяк не ва ўрон якасці. — На другім паверсе культасветработнікі ўжо могуць наводзіць марафет, нашы рабочыя дапамогуць унесці мэблю, — запэўнівае галоўны інжынер ААТ “Гроднапрамбуд” В.І.Дзядук. — А на першым манціруецца падвясная столь, укладваюцца паркеты і гранітная плітка ў холах, вядуцца малярныя і тынкавальныя работы.
Яшчэ некалькі штрыхоў да завяршэння поўнай карціны, і шляхетны васілішкаўскі палац запросіць на свой першы баль. Сучаснае “начынне” — апаратура і мэбля, адзёжа для сцэны, гардзіны — усё абяцае адпавядаць найлепшым чынам. А ўжо культурную рэвалюцыю ў новых умовах працы тутэйшыя культасветработнікі, што называецца, гарантуюць. Талентамі васілішкаўская зямля здаўна славіцца.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.