Кніг хопіць усім | Дзяннiца

Кніг хопіць усім

Версия для печатиВерсия для печати

Здаецца, новаўвядзенні, якія чакаюць вучняў і настаўнікаў з гэтага навучальнага года, усім зразумелыя. На школьных сходах, што прайшлі ва ўстановах адукацыі напярэдадні першага верасня, у сродках масавай інфармацыі падрабязна разглядаліся асаблівасці новай праграмы. І ўсё ж некаторыя пытанні застаюцца незразумелымі, таму яшчэ раз акрэсліць самыя асноўныя моманты школы – 2008 – 2009 мы прапанавалі намесніку начальніка аддзела адукацыі Ірэне Вітольдаўне Богдан.
— Ірэна Вітольдаўна, школа – адзінаццацігодка. Як будзе арганізаваны вучэбны працэс?
— Ва ўсіх агульнаадукацыйных школах вучэбны працэс будзе ажыццяўляцца толькі на базавым узроўні. Тэрмін навучання падзяляецца на тры ступені: 1 ступень – 4 гады (1-4 класы), 2 ступень – 5 год (5-9 класы), 3 ступень – 2 гады (10 і 11 класы). У школах будуць існаваць 9 і 9* класы, 11 і 11* класы, 10 класаў у гэтым годзе не будзе.
— Як будзе выглядаць працоўны тыдзень вучня?
— Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2008 г. №15 прадугледжана арганізацыя шасцідзённага школьнага тыдня, які ўключае пяцідзённы вучэбны тыдзень і адзін дзень для правядзення фізкультурна-аздараўленчых, спартыўна-масавых і іншых выхаваўчых мерапрыемстваў.
— Як вучань можа паглыбіць свае веды?
— Згодна з жаданнем вучня і па заяве бацькоў для паглыблення ведаў можна выбраць як прадметны факультатыў, так і факультатыў іншай накіраванасці. Акрамя гэтага, могуць быць заяўлены платныя адукацыйныя паслугі. Паколькі вучань і яго законныя прадстаўнікі самі выбіраюць аб’ём вучэбнай нагрузкі, не будзе існаваць праблемы перагрузкі школьніка.
— Вядома, што вучні 9* і 11* класаў павінны будуць за адзін год засвоіць вучэбны матэрыял, які планаваўся пры 12-гадовым тэрміне навучання. Ці не будуць яны перагружаны?
— Не. Гэтыя класы будуць вучыцца па пераходных тыповых вучэбных планах, у якіх заніжана абавязковая вучэбная нагрузка на аднаго вучня. Яна складае 34 гадзіны. Наогул, максімальна дапушчальная нагрузка, згодна з патрабаваннямі СанПін, ва ўсіх тыпах агульнаадукацыйных устаноў складае ў 1-4 класах 22 – 24 гадзіны, у 5-9 класах – 27 – 33. У цэлым, для больш аптымальнай арганізацыі навучання падкарэкціраваны вучэбныя планы, праграмы. У змесце адукацыі вылучаецца самае галоўнае, выключана дубліраванне матэрыялу, зменшаны яго аб’ём і складанасць, частка перанесена на практычны ўзровень.
— А падручнікі атрымаюць усе вучні?
— Як запэўнівае Міністэрства адукацыі, кніг хопіць усім. За першае паўгоддзе 2008 года было выпушчана 1480 найменняў вучэбнай літаратуры агульным тыражом 5,718 млн. экзэмпляраў. Акрамя гэтага, прыводзіцца ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі літаратура, якая была падрыхтавана да 12-годкі. У раёне вядзецца ўлік літаратуры, яе пераразмеркаванне як унутры школ, так і паміж школамі.
А ўвогуле аддзел адукацыі, усе педагагічныя калектывы прымаюць усе меры, каб стварыць належныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу, зберагчы здароўе дзяцей, развіць здольных і дапамагчы тым, якія маюць у гэтым патрэбу.
Гутарыла Ганна РУДСКАЯ.