|
|
Спецыялісты сцвярджаюць, што турызм акумуліруе ў сабе ажно 25 галін эканомікі. Гэта цэлая індустрыя, якая “раскручвае” не толькі сам турыстычны прадукт, але і развівае рэгіён у цэлым. Вось чаму сёння такое вялікае значэнне надаецца турызму. Аб гэтым і аб многім іншым ішла зацікаўленая размова на пасяджэнні “круглага стала” па тэме “Стварэнне прыцягальнага іміджу тэрыторыі праз фарміраванне турыстычнага кластара Шчучынскага раёна”.
У зале пасяджэнняў райсавета сабраліся прадстаўнікі раённай улады, госці з Мінска і Гродна, навукоўцы, спецыялісты ў турыстычнай сферы, гаспадары аграсядзіб, прадстаўнікі адукацыі, культуры, мясцовага самакіравання і інш. На гэты раз энтузіясты, большасць якіх ужо даўно ведаюць адзін другога па сумеснай рабоце, вырашылі не толькі падзяліцца новымі ідэямі, але і падвесці вынікі чарговага міні-праекта Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральным урадам Германіі, падкрэсліў рэгіянальны каардынатар ППБ па Гродзенскай вобласці Ф.С.Мамуль.
Пра магчымасці Шчучыншчыны, яе славутасці і невычэрпны патэнцыял гасцям расказалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю.Сакалоўскі і намеснік старшыні райвыканкама Г.С.Хвядзюк.
– Мы хочам, каб да нас прыязджалі турысты, нам ёсць што паказаць. А дзеля гэтага патрабуецца аб’яднаць намаганні самых розных людзей і арганізацый, каб у выніку стварыць свой адметны і абавязкова якасны турыстычны прадукт, – гэта думка гучала пастаянна з вуснаў самых розных людзей.
Надзвычай цікавым было выступленне дацэнта Белдзяржуніверсітэта, намесніка старшыні грамадска-кансультацыйнага савета па развіцці аграэкатурызму пры Міністэрстве спорту і турызму, старшыні праўлення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” В.А. Кліцуновай.
– Кластар – гэта не проста новае слова, гэта – новыя падыходы ў арганізацыі турызму, – зазначыла Валерыя Анатольеўна, дарэчы, ідэйная натхняльніца такога турыстычнага комплексу, як знакамітыя “Дудуткі”. – Кластарны, а іншымі словамі супольны падыход, накіраваны на тое, каб заезджы госць як мага больш затрымаўся ў вашым рэгіёне, зацікавіўшыся славутасцямі, абрадамі, гасцінным прыёмам. Транзітны турызм не акупляе сябе. І калі госць спыніўся ў адной з аграсядзіб, зацікаўце яго і пакажыце ўвесь раён. Дзеля гэтага многія гаспадары і прадпрыемствы могуць скааперыравацца і стаць партнёрамі. Бо турыста, як вядома, трэба карміць, вазіць, арганізоўваць экскурсіі, забаўляць, паказваць абрады… Вось вам і запатрабаванасць сістэмы грамадскага харчавання, транспарту, культуры. Зялёныя маршруты – гэта таксама добры падмурак для кластара. Ды асновай тут можа стаць што заўгодна – гісторыя краю, спорт, здаровы лад жыцця… Поспеху ў фарміраванні турыстычнага кластара Шчучынскага раёна садзейнічае геаграфічнае размяшчэнне побач з магістраллю Гродна — Мінск. Яшчэ адзін плюс, – па меркаванні В.А.Кліцуновай, – цеснае партнёрства і падтрымка мясцовай улады.
Прыкладам можа служыць Жалудоцкі пассавет, на тэрыторыі якога пастаянна рэалізуюцца крэатыўныя праекты, дзейнічае самая паспяховая ў раёне аграсядзіба “Марчукова хата”, створаны адзіны на Гродзеншчыне інфармацыйны цэнтр па устойлівым развіцці і аграэкатурызме (ІЦ па УР і АЭТ).
Дэкан факультэта турызму і сэрвісу ГДУ імя Я.Купалы С.У.Данскіх з навуковых пазіцый прааналізаваў усе этапы стварэння шчучынскага турыстычнага кластара і расказаў аб перспектывах яго развіцця. Цікавы пункт гледжання ў Сяргея Уладзіміравіча і на тое, як неабходна прасоўваць свой турыстычны прадукт, “піярыць” сваю тэрыторыю, для чаго трэба распрацаваць уласны брэнд.
Надзвычай каштоўнымі былі парады рэгіянальнага каардынатара Праграмы падтрымкі Беларусі Ф.С.Мамуля і дырэктара Гомельскага рэгіянальнага агенцтва эканамічнага развіцця В.А.Бурага аб магчымасцях метадычнай, фінансавай і прыкладной дапамогі ў развіцці турызму праз нацыянальныя праграмы і міжнародныя фонды.
Падчас правядзення “круглага стала” быў прапанаваны шэраг прэзентацый гісторыка-культурных аб’ектаў Шчучыншчыны і экскурсійных маршрутаў, якія прадставілі метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры Т.В.Пятрова, намеснік дырэктара гімназіі А.Я.Лісоўская, кіраўнік інфармацыйнага цэнтра па УР і АЭТ Т.У. Трукшына і інш.
Старажытная Маламажэйкаўская царква-крэпасць, ражанкаўскі гатычны касцёл, захаванне продкаў Элізы Ажэшка паблізу Каменкі, знакамітая Дуга Струве ў Лапатах, палац Чацвярцінскіх у Жалудку – ды хіба пералічыш мноства славутых мясцін у нашым раёне, якія зацікавяць турыста? Да прыкладу, клуб-музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках, па словах загадчыка гэтай установы У.У.Сянюты, наведваюць штомесяц каля чатырох соцень чалавек. Гэта добры прыклад таго, як без асаблівых грашовых укладанняў, на энтузіязме мясцовых жыхароў і пры падтрымцы раённай улады адроджаны сціплы домік, што ператварыўся ў своеасаблівую турыстычную меку.
Сваё слова аб сучасных накірунках развіцця турызму на Шчучыншчыне сказаў і начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму І.В.Гваздоўскі, падкрэсліўшы, што сёлета раён “прырос” ажно трыма новымі аграсядзібамі. Увогуле ў гэтай справе знайшлося шмат падзвіжнікаў. А фарміраванне турыстычнага кластара, па словах Івана Вікенцьевіча, – справа цікавая і перспектыўная. Яна абавязкова будзе мець свой працяг.
Удзельнікі “круглага стала” упэўнены, што ўжо ў турыстычным сезоне 2012 года на практыцы апрабуецца распрацаваная кластарная мадэль, і турпаслугі шчучынскага рэгіёна стануць яшчэ больш запатрабаванымі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Комментарии отсутствуют.
Отправить комментарий