Каб не стаць "ЖЫВЫМ ТАВАРАМ" | Дзяннiца

Каб не стаць "ЖЫВЫМ ТАВАРАМ"

Версия для печатиВерсия для печати

Тэадор з карымі вачыма шукае падатлівую ... даярку. Альбо ткачыху...
Пісьмо з балгарскага горада Разграда ад аднаго і таго ж настойлівага адрасата прыходзіць у рэдакцыю “Дзянніцы” не ўпершыню. Маўляў, надрукуйце ў газеце мой ліст з жаданнем знайсці беларускую нявесту. “У нас жыве многа такіх дзяўчат, што выйшлі замуж за балгар і засталіся ў нашых краях назаўсёды, – піша Тэадор І. – Вашы нявесты – добрыя гаспадыні. Вось і я шукаю такую – з падатлівым характарам, працавітую. Адукацыя не мае значэння. Галоўнае – прыгажосць і маладосць. Некапрызлівасць. І каб працаваць магла ці то хатняй гаспадыняй, ці то даяркай, кухарам, швачкай, ткачыхай, прадаўшчыцай... ”
Ну, проста не ліст з жаданнем пазнаёміцца, а аб’ява бюро па працаўладкаванні з пералікам вакансій. Чытаю далей і толькі дзіву даюся. Аказваецца, Тэадору “з прыгожымі карымі вачыма” і ростам 178 см пры вазе ў 71 кг абсалютна не падыходзяць для будучага сямейнага жыцця ... юрысткі, настаўніцы і чамусьці паэтэсы (цікава, чым не дагадзілі?). Затое шматкроць упамінаецца пра абавязковую гаспадарлівасць ды пакорлівасць прэтэндэнткі. Такое ўражанне, што Тэадор сярод нашых дзяўчат усё ж не нявесту хоча сабе адшукаць, а нейкую рабыню Ізаўру. А каб усыпіць пільнасць, жаніх так ужо пераканаўча абяцае заможны ўзровень жыцця, клопат пра “добрую ды пакорлівую”, імкненне да гармоніі ў адносінах, прыгожа піша, што галоўнымі каштоўнасцямі для яго з’яўляюцца сям’я і дзеці, пра якіх  проста марыць.
А можа дарэмна я так скептычна і недаверліва стаўлюся да гэтага пісьма? Ды, не. Сучаснае жыццё падкідвае такія сюжэцікі, што ніякі кіношны трылер не дакажа. Як гэта ні дзіўнавата і ні страшна гучыць, але нават у нашы дні можна трапіць у рабства і стаць ахвярай гандлю людзьмі. Штогод тысячы жыхароў краін СНД, сярод якіх трапляюцца і нашы суайчыннікі, падвяргаюцца розным відам эксплуатацыі: прымусовая праца, у тым ліку на шкодных і небяспечных вытворчасцях, у якасці хатняй прыслугі, сексуальная эксплуатацыя...
Развіццё навукі прынесла з сабой і новыя віды рабства. Сёння надараюцца выпадкі, калі жанчын прадаюць у якасці ... сурагатных маці, а дзяцей купляюць бяздзетныя супружныя пары. Аднак, бадай, самы жорсткі і бесчалавечны від гандлю – гэта продаж людзей для трансплантацыі органаў. Скажаце, вусцішныя страшылкі? Але хіба можна не ўлічваць усю гэту інфармацыю, перад тым, як “павесціся” на абяцанкі такіх вось Тэадораў? Хто не ведае, што развіццё інтэрнэта дало гандлярам рабамі яшчэ адзін спосаб заманьваць у свае сеткі ахвяр. Не сакрэт, што вельмі часта злачынцы выступаюць у ролі жаніхоў. Яны заводзяць спачатку віртуальнае знаёмства з прыгожай дзяўчынай, а затым і ўпаўне рэальна запрашаюць яе за мяжу ў госці, нават аплачваюць дарогу, а потым... Вось чаму трэба быць вельмі абачлівымі і асцярожнымі перш, чым заводзіць раман з замежным жаніхом.
 Каб не стаць ахвярай такіх дзялкоў, спецыялісты раяць першую сустрэчу з замежным “нарачоным” назначаць на нейтральнай тэрыторыі. Ні з якой прычыны і нікому не аддаваць свой пашпарт: пры неабходнасці яго даныя можна прадаставіць, не паказваючы самога дакумента. Абавязкова раскажыце сваім родным і сябрам, куды вы едзеце, падтрымлівайце з блізкімі людзьмі самую цесную сувязь. Гэта так, невялікія жыццёвыя парады на той выпадак, калі вы з большым, чым я, даверам адносіцеся да інтэрнэт-знаёмстваў ці да пісьмаў накшталт таго, што прыйшло ў нашу рэдакцыю з Балгарыі.
Замест фабрыкі – “Эротык-клуб”
Так ужо ўстроена чалавечая псіхалогія, маўляў, падобнае можа надарыцца з кім заўгодна, але толькі не са мной. Сумны прыклад прывяду досыць даўні – яшчэ з 2000-га года. Тады каля дзесятка шчучынскіх дзяўчат сталі ахвярамі падману Алега К. – дарэчы не нейкага там заезджага жуліка, а нашага мясцовага жыхара, які абяцаў працаўладкаваць сваіх прыяцелек на высокааплатную работу ў Польшчу – каго на птушкафабрыку, каго ў бар афіцыянткай, а насамрэч ... прадаў у бардэль.
Вось што расказвала супрацоўнікам міліцыі  дзяўчына, якой удалося ўцячы з сексуальнага рабства:
– Мы з сяброўкай былі ўпэўнены, што наш знаёмы дапаможа нам уладкавацца на прыстойную работу – на птушкафабрыку. У Варшаве Алег забраў у нас пашпарты, сказаў, што ў тамтэйшых цягніках учыняецца шмат крадзяжоў, а таму дакументы цалейшымі будуць у яго. У Зялёнай Гуры нас ужо чакала машына, на якой мы дабраліся ў горад Губін. Калі легкавушка спынілася ля будынка з надпісам “Эротык-клуб”, нам усё стала зразумела. Мы  плакалі, былі проста ў шоку, што нас так падманулі. У клубе нас сустрэла маладая жанчына Ася, якая занялася нашым гардэробам, пакупкай эратычнай бялізны. Яна ж і катэгарычна сказала, што Адам (гаспадар клуба) заплаціў за нас Алегу К. па 600 долараў за кожную, і мы павінны “адпрацаваць” гэтыя грошы...”
Дзяўчат вывозілі для сексуальнай эксплуатацыі і ў горад Калобжэг. Адна з сябровак уцякла з сумніўнага клуба, дзякуючы палякам-кліентам, а другой  давялося “працаваць” з паўгода, пакуль Адам не вярнуў дакументы, бо, відаць, ягонаму бізнэсу патрабаваліся ўжо новыя наложніцы.
Дарэчы, ужо ў 2005 годзе ў Шчучыне адбыўся суд над гандляром жывым таварам Алегам К., і ён атрымаў тое, што заслужыў. Дрэнна закончыў і дзялок ад секс-бізнэсу паляк Адам, якога ў Польшчы пасадзілі за краты за наркатрафік. Але як залячыць скалечаную душу ахвярам насілля? Такіх дзяўчат толькі з нашага райцэнтра тады, у 2000-м, паўтаруся, было каля дзесятка.
А вось другі жыхар нашага раёна Міхаіл Ш. у 2005-2006 гадах вербаваў мясцовых дзяўчат для занятку прастытуцыяй у Маскве. Схема тая ж: абяцаў залатыя горы, вывозіў  у Белакаменную, падманам забіраў дакументы і аддаваў на здзекі. І гэты сутэнёр урэшце рэшт аказаўся на мулкай лаве падсудных і панёс пакаранне.
Гісторыі Каці і Дзяніса
Дзяўчына з мнагадзетнай сям’і набыла спецыяльнасць швачкі і адчайна шукала работу. Аднойчы Каця прачытала ў газеце аб’яву аб наборы спецыялістаў яе профілю на швейную фабрыку ў Чэхію. Пазваніла ў агенцтва, дзе паабяцалі добры заробак, пераканалі, што яна павінна аформіць турыстычную візу, а па прыездзе ў Чэхію ёй адкрыюць рабочую. У Брно дзяўчыну сустрэлі прадстаўнікі фірмы і адвезлі ў дом на ўскраіне горада. Там у падвальных памяшканнях знаходзілася падпольная швейная майстэрня, дзе працавалі і жылі каля 200 жанчын. Працаваць давялося без выхадных па 14-16 гадзін у суткі. Плацілі ўсяго па 100 долараў у месяц. Каб нявольніцы не збеглі, іх нікуды не адпускалі без нагляду, а бунтарак маглі і жорстка збіць.
А вось Дзяніс быў студэнтам аднаго з камерцыйных мінскіх ВНУ. Як і ўсялякі студэнт імкнуўся ўлетку падзарабіць У інтэрнэце наткнуўся на сайт фірмы, што абяцала працаўладкаванне грамадзян СНД на будоўлі Масквы і Падмаскоўя. Дзяніс патэлефанаваў. Работу прапаноўвалі сезонную, з добрай аплатай. Усе дакументы, у тым ліку дагавор ды рэгістрацыю, абяцалі аформіць ужо ў Маскве.
Дзяніса і яшчэ 5 чалавек прывезлі на закрытую будоўлю з ахоўнікамі, сабралі пашпарты. Працавалі хлопцы па 12-14 гадзін у суткі, жылі ў будаўнічых вагончыках без гарачай вады і цяпла, дрэнна харчаваліся. Ахова не дазваляла пакідаць тэрыторыю, а ўсе спробы ўцячы караліся. Праз чатыры месяцы зусім знясіленых маладых людзей, якія ўжо фізічна не маглі працаваць, вывезлі на сельскую дарогу і выкінулі без дакументаў і грошай.   
...Сёлета ў Беларусі было раскрыта 321 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі. У выніку праваахоўнікі знішчылі 57 каналаў пастаўкі нашых грамадзян для сексуальнай эксплуатацыі за мяжу. 232 чалавекі выратаваны ад продажу ў рабства за мяжой. Менавіта дзякуючы намаганням беларускай міліцыі толькі ў 2009 годзе спынілі сваю дзейнасць дзевяць бандаў, якія спецыялізаваліся на трафікінгу.
Кансультант Святлана з  “Ла Страды”
Як і ў многіх іншых краінах, у нас з праблемай гандлю людзьмі змагаецца не толькі дзяржава. На шляху дзялкоў разам з уладай і міліцыяй стаяць і прадстаўнікі шматлікіх грамадскіх аб’яднанняў. Дзякуючы іх дзейнасці ў Мінску адкрыты прытулак для былых нявольніц. Праз офісы гэтых арганізацый заўсёды можна навесці даведкі аб будучым работадаўцы і прыйсці да высновы, наколькі бездакорная ў яго рэпутацыя.
Аб праграме “Ла Страда Беларусь” я даведалася, дзякуючы аднаму з журналісцкіх семінараў. З таго часу на рабочым стале ненадакучліва ляжыць яркая памятка з тэлефоннымі нумарамі. Працуючы над гэтай публікацыяй, вырашыла патэлефанаваць і ўпэўніцца, што гарачая лінія “Ла Страда” па бяспечнай міграцыі працягвае працаваць.
Трубку паднялі тут жа, і кансультант Святлана была гатова адказаць на мае пытанні. Даведаўшыся, што я журналіст, які працуе над гэтай актуальнай тэмай, Святлана пацвердзіла:
– Звоняць да нас вельмі часта і літаральна з усіх рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку і з Гродзеншчыны. Самыя тыповыя пытанні – адносна працаўладкавання і замужжа за мяжой. Даем кваліфікаваныя парады. Але іншы раз пасля такой размовы з зусім зялёнай дзяўчынай, шчыра здзіўляешся: чалавек уяўлення не мае, куды і да каго яна едзе. Асноўная праблема  – юрыдычная бязграматнасць, наша спаконвечная надзея “на авось”. А гэта можа вельмі дрэнна закончыцца. Таму трэба як мага больш расказваць людзям пра трафікінг.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Наша даведка
У міжнародных дакументах для вызначэння гандлю людзьмі  выкарыстоўваецца англамоўны тэрмін  “трафікінг” , які абазначае гандаль рабамі, наркотыкамі і незаконны гандаль наогул.
 

Падумай пра гэта...
Патэлефануй на гарачую лінію па барацьбе з гандлем людзьмі і атрымай бясплатную   і канфідэнцыяльную кансультацыю аб бяспечным выездзе за мяжу.
Тэлефоны: 8-801-100-8-801      8-801-201-5555