ЗЯМНАЯ ВОСЬ - Праект "Дзянніцы", прысвечаны Году роднай зямлі | Дзяннiца

ЗЯМНАЯ ВОСЬ - Праект "Дзянніцы", прысвечаны Году роднай зямлі

Версия для печатиВерсия для печати

Начальнік шчучынскай метэастанцыі М.М.Шугля З “нябеснай канцылярыяй” на ты,
або Ці выпадзе снег на Калядкі?

Стаяў першы дзень зімы, а на двары ... па-вясноваму зелянела траўка, на клумбах ля гарадскога сквера пры жаданні можна было адшукаць расцвіўшыя маргарыткі альбо анюціны вочкі, па возеры няспешна плавалі чародкі качак і дзве лебядзіныя пары з шэрым “лебядзёнышам”. Што тычыцца людзей, то мала хто перайшоў на футры, а энергічныя веласіпедысты ўпаўне камфортна пачувалі сябе на гарадскіх вуліцах. “Ды што ж гэта такое робіцца ў прыродзе?!” – падумалі мы і накіраваліся на самую ўскраіну Шчучына, дзе з незапамятных часоў месціцца метэастанцыя. Няхай растлумачаць!
— А што тут дзіўнага? Даўно пара прывыкнуць, — па-філасофску распачаў свой каментар начальнік метэастанцыі “”Шчучын”  дзяржаўнай установы “Гроднааблгідрамет” Мікалай Мікалаевіч Шугля, — клімат у нас не сёння памякчэў. У гэтыя дні ў прыватнасці надвор’е вызначаецца цёплым сектарам цыклону над Балтыйскім морам...
Як аргумент, наш суразмоўца адкрыў журнал феналагічных назіранняў і ў прыклад прывёў такі далёкі-блізкі 1980 год.
— Глядзіце, і тады зіма пачыналася гэтак жа лагодна: тэмпература  снежня была вышэй за норму на 6-10 градусаў. Пэўна, народ так жа эмацыянальна рэагаваў на вегетацыю раслін, якія маглі на дзіва ўсім расцвісці, —  пераконвае нас Мікалай Мікалаевіч у адсутнасці “анамальшчыны” ды жахаў з-за так званага глабальнага пацяплення.
Мы пачынаем знаёміцца з асаблівасцямі работы гэтай спецыфічнай установы. Касмічныя спадарожнікі, відаць, паўплывалі на істотнае скарачэнне штатаў на ўсіх метэастанцыях. Цяпер тут працуюць ўсяго два чалавекі. Мікалаю Мікалаевічу Шугля ў даследаваннях дапамагае   тэхнік-аграметэаролаг Людміла Станіславаўна Шчатко.
— Між тым, мы спраўляемся, прычым працуем адразу на два раёны – наш і Мастоўскі, — канстатуе Мікалай Мікалаевіч. – Перадаем даныя метэаназіранняў самым розным установам і арганізацыям – ад райвыканкама, Дзяржстраху, службы па надзвычайных сітуацыях, міліцыі да ЖЭСаў,  прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Тыя, хто эфектыўна выкарыстоўваюць нашу інфармацыю, маюць магчымасць істотна эканоміць энергарэсурсы, паліва і г.д.
Зразумела, што замерам тэмпературы паветра і колькасці ападкаў на метэастанцыі не абмяжоўваюцца. Тут праводзяць сур’ёзныя маніторынгі, аналізуюць прыродныя з’явы, назіраюць за ростам і развіццём сельскагаспадарчых раслін у перыяд вегетацыі, пільна сочаць за тэмпературай глебы на глыбіні да 1 метра і г.д. Дарэчы, сам М.М.Шугля – кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт. Трэба думаць, не на кожнай з шасці метэастанцый вобласці працуюць спецыялісты з вучонымі ступенямі. Разам з тым Мікалай Мікалаевіч не ігнаруе брутальную фізічную працу: у старэнькай будыніне метэастанцыі трэба было і фундамент умацаваць, і сцены пафарбаваць, і метэапляцоўку ў належны стан прывесці – з усім справіўся па-гаспадарску.
... З цікаўнасцю разглядаю мудрагелістыя прыборы. Адныя толькі назвы чаго вартыя: анемарумбаметр, мярзлотамер... Ёсць, канешне, і знаёмыя яшчэ са школьнай праграмы ападкаметр Трэцьякова, дазіметр, барометр, тэрмограф...
— Мікалай Мікалаевіч, выкарыстоўваючы ўвесь гэты арсенал ды яшчэ інфармацыю з касмічных спадарожнікаў, можаце нашым чытачам адназначна сказаць, Новы год ды Каляды мы сустрэнем са снегам?
— Справа ў тым, што надвор’е ў “нябеснай канцылярыі” фарміруецца на вышыні не болей дзесятка кіламетраў — у стратасферы. Касмічныя спадарожнікі “улаўліваюць” выключна глабальныя змены, прагназуюць ураганы, цунамі, землятрусы... А задачка, ці пральецца маленькая хмарка дажджом альбо снегападам, застаецца для сіноптыкаў, як ні парадаксальна, складанай. Адсюль і нараканні абывацеля на іншы раз нятрапныя лакальныя прагнозы. Вось і я не рызыкую абяцаць землякам снег на Калядкі. Месячная колькасць ападкаў у сёлетнім снежні абяцае быць у рамках кліматычнай нормы – 38-57 мм. Будзем спадзявацца, што гэта будзе ўсё ж не дождж, а снег, як і належыць у снежні! Што тычыцца першай дэкады месяца, то сярэдняя тэмпература перавышае кліматычныя нормы на чатыры градусы. Гэта істотна, так што лебедзі яшчэ доўга будуць плаваць на нашым возеры. А наогул сярэднямесячная тэмпература паветра ў снежні будзе на 10 вышэй, чым кліматычныя нормы (норма: -2 – -50С).
... Спецыялісты сцвярджаюць, што 80 працэнтаў людзей пачынаюць свой дыялог з субяседнікам – знаёмым і не зусім – з размовы аб надвор’і. Ну вось і мы з вамі, дарагія чытачы, пагаварылі на любімую тэму. Спадзяюся, што вам было цікава...     
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.

Валун з шыльдачкай
У 2010-м будуць фінансавацца новыя экалагічныя праекты
Фонд аховы прыроды цалкам апраўдвае сваё прызначэнне, фінансуючы разнастайныя экалагічныя праекты. Як нам паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.В. Сушчэвіч, на новы 2010 год з Фонду аховы прыроды плануецца выдаткаваць на патрэбы нашага рэгіёна каля 285 мільёнаў рублёў.
– Планы вялікія і накіраваныя ў стваральнае рэчышча, – зазначае Аляксандр Валянцінавіч. – 32 мільёны рублёў пойдуць на ўтрыманне Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Котра”, а большая частка астатніх сродкаў будзе ўкладвацца ў рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў або рамонт кандыцыйна-помпавых станцый у вёсках Руткевічы, Ракавічы, Ляшчанка, Тапілішкі. 
Супрацоўнікі экалагічнай службы ў новым годзе плануюць шыльдачкамі-аншлагамі азначыць на Шчучыншчыне ўсе прыродныя помнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння, да якіх адносяцца нашы зялёныя рарытэты – старажытныя паркі ў Руткевічах і Вялікім Мажэйкаве, у Ражанцы і Галавічполі, а таксама “падпісаць” найбольш значныя камяні-валуны з перыяду Вялікага Ледавіка. Ёсць у раённых эколагаў і яшчэ адно жаданне –  дапамагчы гімназістам у абсталяванні экалагічнага класа.
 Як бачым, з хуткім завяршэннем Года роднай зямлі не завершыцца клопат пра родны край і прыроду-матухну, пра камфортную жыццядзейнасць нашых землякоў. Толькі ж, акрамя афіцыйных мерапрыемстваў, і ад нас з вамі патрабуюцца штодзённыя беражлівыя адносіны да ўсяго жывога і жаданне жыць не ў забруджаным бытавым хламам асяродку, а ў чысціні.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.

Да прыроды – з любоўю!
Занятыя будзённымі клопатамі, мы ледзь заўважаем, як змяняюцца поры года, і ў кожную з іх прырода дорыць нам непараўнаную прыгажосць. Вясной, калі прачнуўшыся ад зімовага сну, сонца шырока расплюшчвае вочы, усхвалявана гамоняць птушкі ў лістоце дрэў, а зямля радуе вока бязмежнай прагай жыцця. Летам, калі на лугах клапатліва працуюць пчолы, нівы набіраюцца моцы, гадуючы і спелячы каласы. Восенню, калі цішэе ў прасторы, калі пахне свежай саломай і новым зернем, а пад нагамі шамаціць апалае лісце. Зімой, калі зямля белая-белая, калі мяцеліцы спяшаюцца як найхутчэй укрыць яе ад маразоў.
У холад і ў спёку, удзень і ўначы, летам і зімой ён заўсёды прыгожы, наш любы край, як і наша планета. Таму трэба берагчы яе, памнажаць яе прыродныя скарбы.
Да прыроды нельга ставіцца эгаістычна, толькі браць. Яна належыць не толькі нашаму, але і будучым пакаленням. І калі па-вар’яцку спажываць усё тое, чым шчодра дзеліцца з намі прырода, будучыя пакаленні могуць не ўбачыць ні квітнеючых садоў, ні разліваў рэк, не пачуць салаўіных спеваў.
Трэба думаць пра будучае і пакідаць у ім месца травінцы, мурашу, матыльку. Любоў да прыроды зберажэ і нас, і будучыя пакаленні.
Ніна БАКУН,
в. Балічы.

 

Гвідон ЖДАНОВІЧ
Ёсць край запаветны
На свеце адзін –
Бярозава светлы,
Зялёны на здзіў,
Рабінава яркі,
Крынічна журкі,
Дзе ў сэрцы ні хмаркі
Асенняй журбы.
Дзе сонечна, спеўна
На кожнай вярсце,
Дзе радасць праменна
Валошкай цвіце.
Да гэтага краю
Прыпісан душой.
Інакш не ўяўляю,
Дзе б шчасце знайшоў.