ЗОРНЫ ЧАС Дзмітрыя Міллера | Дзяннiца

ЗОРНЫ ЧАС Дзмітрыя Міллера

Версия для печатиВерсия для печати

З Дзмітрыем Міллерам мы сустрэліся на здымачнай пляцоўцы містычнага трылера “Масакра”, дзе ён іграе адну з галоўных роляў. У маляўнічай дуброве ля векавога дуба (в. Зачэпічы) здымалася сцэна высвятлення адносін графа-пярэваратня Уладзіміра Пазуркевіча і яго нявесты Ганны. Чарнавалосы прыгажун арыстакратычнай знешнасці гойдаў на арэлях сваю каханую. І глядзеў на яе так пранізліва, з такім нявыказаным болем і запалам…
- Знята! - гучыць голас рэжысёра-пастаноўшчыка карціны Андрэя Кудзіненкі.
Камера выключана, і халодна-напышлівая прыгажосць графа (Дзмітрыя Міллера) набывае зусім іншую якасць. Ад яго вее цеплынёй. І чымсьці вельмі блізкім. Нібы ты ведаеш гэтага чалавека сто гадоў. А, зрэшты, мы сапраўды яго ведаем. Рамантычны бясстрашны француз з карціны “Слуга государев”, спакуснік чужой жонкі з серыяла “Монтекристо”, клапатлівы палюбоўнік з моладзевай камедыі “Весельчаки”, а таксама чалавек, які даказаў у шоу “Ледніковы перыяд”, што ён, апроч усяго іншага, выдатны фігурыст, - усё гэта Дзмітрый Міллер. Яму шмат дадзена. І гэтым ён шчодра дзеліцца з намі…
- Так атрымалася, што я жыву цяпер паміж Кіевам, Мінскам і Масквой, - усміхаецца Дзмітрый. - Пасля фільма “Слуга государев” на мяне абрынулася мноства прапаноў, і цяпер я ўдзельнічаю адначасова ў некалькіх праектах. На “Беларусьфільме” здымаюся ў містэрыі “Масакра” і казцы “Рыжык”, у Кіеве - у чатырохсерыйнай сацыяльнай карціне для канала РТР. А ў Маскву, дамоў, заязджаю сям’ю пабачыць…
расійскія акцёры Дзмітрый Міллер (граф-пярэварацень) і Марыя Курдзяневіч (яго нявеста Ганна) на здымках фільма “Масакра”- Што Вас прыцягвае ў “Масакры”?
- Прачытаўшы сцэнарый, я нават не сумняваўся: зняцца ў містычным трылеры, ды яшчэ ў ролі графа-пярэваратня, - гэта ж так цікава! Новы досвед, новыя ўмовы. Касцюмны фільм, сярэдзіна XIX стагоддзя…
- У Вашым выкананні Ваш герой - асуджаны пакутнік і мучыцель - верагодна, выкліча сімпатыі гледачоў. І асабліва глядачак…
- Пабачым. Трагедыя графа ў тым, што ён прагне стаць звычайным зямным чалавекам, звязаць жыццё з каханай жанчынай, але яго цёмны, містычны бок замінае шчасцю і ажыццяўленню жаданняў. І парваць з гэтай цёмнай сутнасцю немагчыма, радавы праклён мацней…
- У серыяле “Монтекристо”, які, дарэчы зараз ідзе па канале АНТ, Вы сыгралі чалавека, які, патрапіўшы ў нялёгкія акалічнасці, учыняе подласць…
- Мы заўсёды самі робім свой выбар. І хаваемся за фразай “нас вымусілі акалічнасці”. Мой герой Максім Арлоў апраўдвае сябе тым, што на яго цісне аўтарытэт бацькі, якому ён не ў сілах супрацівіцца. Плюс мацнейшае, паталагічнае пачуццё кахання, якое штурхае яго на неадэкватныя ўчынкі. Мне шкада майго героя. Ён спрабуе вырвацца з павуціння, у якое патрапіў, змагаецца з сабой, але гэта шлях у нікуды. У канцы фільма Максім гіне. Інакш быць не магло. Зло не можа быць бяскарным…
- Вы лічыце, што ў кіно дабро павінна перамагаць зло?
- Так, дабро павінна перамагаць, хаця б у кіно. Бо мастацтва - вялікі падман, які тонка ўздзейнічае на духоўную сферу. І калі ў жыцці шмат негатыва, цяжкасцей, болю, то няхай хоць у фільмах будзе шчаслівы фінал.
- А як Вам працавалася побач з такім мэтрам, як Веніямін Смехаў, які, па фільме, Ваш родны бацька?
- Яшчэ ў дзяцінстве, захапляючыся “Мушкецёрамі”, марыў з ім сустрэцца. І калі мы апынуліся побач на здымачнай пляцоўцы, адчуў моцнае хваляванне. Вялікі акцёр аказаўся вельмі светлым чалавекам з цудоўным пачуццём гумару: жартаваў, ствараў добрую атмасферу, калі трэба, тактоўна падказваў і раіў.
- Чым для Вас цікавая роля шэвалье Шарля дэ Брэзе ў фільме Алега Раскова “Слуга государев”?
- Мой герой - не прамалінейны мушкецёр, які крышыць ворагаў, - гэта стрыманы, высакародны і думаючы чалавек. Ён вельмі адрозніваецца ад галоўнага героя фільма - расійскага афіцэра Рыгора Воранава, які нясе ў сабе рускую ідэю - аддаць жыццё за цара. Сутыкнуўшыся на сваім шляху з сотнямі бессэнсоўных смерцяў, Шарль дэ Брэзе адмаўляецца далей служыць каралю Людовіку. Наогул, гаворка ў карціне ідзе пра рознасць менталітэтаў - расійскага і еўрапейскага. Роля ў фільме “Слуга государев” была для мяне падарункам лёсу…
- Скакаць на кані, арудаваць шпагай - усяму гэтаму Вы навучыліся падчас здымак?
- Спецыяльна для гэтага фільма мне прыйшлося некалькі месяцаў вучыцца ездзіць вярхом. Я ганаруся, што пераадолеў унутраны страх. А з фехтаваннем прасцей: я прафесійна займаюся тэатральным фехтаваннем - ёсць такі напрамак у гэтым відзе спорту. І наогул, я чалавек даволі спартыўны…
- І рознабаковы… Ці праўда, што Ваш шлях да акцёрскай прафесіі быў даволі доўгім?
- Гэта так. Пасля школы я захапіўся медыцынай, анатоміяй, фізіялогіяй і хіміяй. Паступіў у медыцынскае вучылішча, атрымаў дыплом “медсястры шырокага профілю” (там так і запісана - смяецца Міллер), адслужыў у арміі, потым некалькі курсаў медінстытута скончыў. І раптам адчуў вострае жаданне … іграць. Таму даволі позна паступіў у тэатральнае вучылішча імя Шчэпкіна.
- Што вабіць Вас у прафесіі акцёра?
- Ты можаш прайграць, пражыць нейкія імгненні, пачуцці, якія ў жыцці табе выпрабаваць не наканавана. Эмацыянальны напал, самавыяўленне, новыя знаёмствы, новыя людзі, узрушаючыя гісторыі. Мне ўсё гэта вельмі цікава. Прафесія выдатная. Я яе знайшоў. Ці яна мяне? Адчуваю, што займаюся сваёй справай. Дзякуй Богу, што так здарылася…
- А чым яшчэ Вы маглі б займацца па жыцці?
- Напэўна, мог быць выратавальнікам. Мне падабаюцца экстрэмальныя заняткі, у свой час мы з сябрамі ездзілі тушыць пажары ў Якуцію.
- Ці існуе нейкае хобі, якое грэе Вам душу?
- Гэта музыка! Я іграю на гітары, спяваю, займаюся сачыненнем песень у рок-н-рольным стылі. Мару стварыць невялікую ўласную музычную групу, якая будзе выконваць жыццярадасную музыку. На жаль, на гэта пакуль бракуе часу.
- Кажуць, шчаслівы той, хто шчаслівы дома. Ці ёсць у Вашым жыцці людзі, якія Вас любяць, разумеюць і чакаюць?
- У мяне выдатная сям’я. Мае бацькі - пенсіянеры, жывуць у Мыцішчах (Падмаскоўе), сочаць за маёй творчасцю, заўжды гатовы падтрымаць і зразумець. У Маскве чакаюць жонка і сын. Жонка Юлія Дэллас - цудоўная актрыса, прадзюсер, сцэнарыст, арт-дырэктар дызайн-студыі. Мы разам ужо больш за дзесяць гадоў. Імкнемся захоўваць трапяткія адносіны. Цяпер у нас ізноў мядовы месяц. Я яе рэдка бачу і вельмі па ёй сумую. Сыну Даніілу 18 гадоў, студэнт журфака (гэта сын Юліі ад першага шлюбу - заўв. аўтара). Заўсёды спяшаюся дадому, для мяне вельмі важна адчуваць падтрымку сям’і.
- У чым жа сакрэт Вашага сямейнага шчасця? Што для Вас у жанчыне важней за ўсё?
- Сакрэт сямейнага шчасця ў тым, каб мужчыне заўжды хацелася вяртацца дамоў, дзе яго чакае прыгожая, кахаючая, разумеючая жанчына. Мне пашанцавала: у мяне менавіта такая жонка. Вельмі важна, калі жанчына цябе разумее. І калі ёй можна даверыцца. Калі разам можна і пасмяяцца над чымсьці, і паплакаць…
- Вы - людзі публічныя ці дамаседы?
- Дамаседы. Вельмі шануем пачуццё дома. Я бываю ў сям’і нячаста, таму нам за шчасце разам паглядзець кіно на канапе, паснедаць, абмеркаваць навіны... Калі выдаецца больш часу, - падарожнічаем. Вось ездзілі ў Фінляндыю на аўтамабілі (Юля за рулём), рыбу лавілі. Узімку былі на астравах у Індыйскім акіяне.
- А якім стравам аддаяце перавагу?
- Я вельмі люблю бліны. Прычым, сам іх гатую. Наогул, я ласун, таму круасаны, розная выпечка - гэта маё…
- А што б Вы пажадалі нашым чытачам?
- Жадаю кахання і веры ў сябе. А калі сустрэнуцца цяжкасці, не спяшайцеся панікаваць і ўсё перакрэсліваць. Паспрабуйце быць больш памяркоўнымі, мудрымі, асабліва гэта тычыцца адносін мужчыны і жанчыны…
Ала БІБІКАВА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.

Наша дасье.
Дзмітрый Міллер. Нарадзіўся 2 красавіка 1972 года. У 2001 годзе скончыў Тэатральнае вучылішча імя М. Шчэпкіна (майстэрня В. Сафронава). Пасля вучылішча чатыры гады праслужыў у музычным тэатры “На Басманнай”. Зняўся ў серыялах “Марш Турецкого: Последний маршал”, “Next”, “Бальзаковский возраст или Все мужики сво…”, фільме “Антикиллер”. Шырокую вядомасць атрымаў пасля прыгодніцкага фільма “Слуга государев” (2007), серыялаў “ Две судьбы-3. Новая жизнь” (2008), “Счастливого пути” (2008), “Монтекристо “ (2008). На сённяшні дзень вельмі запатрабаваны акцёр.