Золата іх лістапада | Дзяннiца

Золата іх лістапада

Версия для печатиВерсия для печати

Залатыя юбіляры Варвара Іванаўна і Віктар Фёдаравіч Карнаухавы ўпэўнены, што галоўнае ў жыцці чалавека – гэта моцная сям’я, захаванне традыцый і дзеці, якія выраслі дастойнымі людзьмі
Пяцьдзесят гадоў таму 28 лістапада таксама была субота. Гэтыя двое закаханых, паклікаўшы — яна прыяцельку, ён – сябра, нічым не вызначаліся сярод прахожых нашага спакойнага ціхага гарадка. Без пампезнага суправаджэння і вясельнага ўбрання (навошта гэткае “мяшчанства”, думалі тады)  спяшаліся Вара і Віця ў сціплы дамок непадалёку плошчы, прыкладна туды, дзе цяпер узвышаецца прыгожы будынак пракуратуры. Строгая жанчына — удзельніца вайны, загадчыца  тагачаснага ЗАГСа А.П.Сямёнава, паставіла штампы ў пашпартах маладых людзей і выказала надзею, што юная пара стане надзейнай ячэйкай грамадства.
 На шумную вечарынку сабраліся сябры, каб падняць чарку за маладую сям’ю, паспяваць уволю, закружыцца ў вальсе. А раніцай выпаў бялюткі пушысты снег, і такое хараство стаяла наўкола! “Гэта на шчасце!”, — прарочылі блізкія. – Будзеце жыць заможна і радасна. Снег – сімвал чысціні і светлых пачуццяў, якія вы абавязкова павінны пранесці па жыцці.”
— Больш за ўсё хочацца, каб на нашай сённяшняй урачыстасці, якую нам вырашылі ўстроіць дзеці, прысутнічалі тыя, хто паўвеку назад так шчыра жадаў нам дажыць да залатога вяселля, але, на жаль, многіх з іх ужо няма з намі...  — гаворыць Варвара Іванаўна. – Збыліся іх словы, а ці думалі мы тады, што 50 год прамільгнуць, нібыта 50 дзён.
Карнаухавы кранаюча ўзгадваюць сваю лёсавызначальную сустрэчу. Вара забегла да знаёмай краўчыхі, муж якой быў вайскоўцам, і да яго як раз-такі завіталі саслужыўцы. Дастаткова было дзяўчыне абмяняцца хуткім позіркам з чарнявым прыгажуном Віктарам, каб прамільгнула думка: “Дзесьці мы бачыліся...” Дзіўна, але тое ж самае падумаў тады і Віктар, выйшаў следам за сімпатычнай барышняй і назначыў ёй спатканне. Пасля яны ўжо былі неразлучныя. Свае пачуцці правяралі на працягу двух гадоў, а потым вырашылі ажаніцца.
 Віктар – родам з Урала, рана застаўся сіратой, а Варына мама – Валянціна Уладзіміраўна, стала  для яго другой матуляй, якую ён вельмі паважаў і шчыра любіў за неверагодную дабрыню.
— І Беларусь стала для мяне Радзімай, — прызнаецца Віктар Фёдаравіч. – Нідзе болей не хацеў бы жыць, толькі на Беларусі. Мову добра вывучыў, “Дзянніцу” вельмі любім — іншы раз Вара чытае ўслых, а я з задавальненнем слухаю.
...Іх твары ззяюць маладымі ўсмешкамі, а душу перапаўняюць успаміны.
— Гэта цяпер жэняцца і адразу хочуць кватэру, машыну, — разважаюць Карнаухавы. — Для нашага пакалення наняць вугал для жытла было звычайнай рэччу, а асабістую легкавушку ў 59-м меў на ўвесь Шчучын усяго адзін чалавек – наш камандзір палка: ён перад гэтым у Афрыцы служыў. А вось першы ў горадзе матацыкл з’явіўся ... у нас. Але гэта быў ужо дзесьці 1963 год. ІЖ з люлькаю – да чаго ж было крута! – смяюцца мае суразмоўцы і зноў ды зноў па маёй просьбе ўзгадваюць бытавыя карцінкі канца 50-х.
 – На вяселле тады дарылі рэчы недарагія, але вельмі патрэбныя для маладой сям’і – абажур, міскі, абрус, а друшлячок ад Васі Шэметава і да сённяшняга дня ў нас “дажыў”. Першай нашай мэбляй быў  змайстраваны Віктарам столік з ... бомбатары. Ён жа на аэрадроме працаваў. А я для “утульнасці” у цыганоў заказала размаляваную лебедзямі прасціну, якую мы прыбілі ля ложка, нібыта шыкоўны дыван. Ой, доўга не праходзіў уедлівы пах фарбы, — з іскрынкай у вачах распавядае Варвара Іванаўна. – Мы ж, калі жаніліся, толькі на сябе разлічвалі, на тое, што не баімся аніякай работы, а значыць усё ў нас з цягам часу будзе, усё атрымаецца.
 Так урэшце рэшт яно і выйшла. Амаль усё жыццё Варвара Іванаўна прапрацавала ў сувязі, узначальвала брыгаду міжгародніх тэлефаністак, мае мноства ўзнагарод за бездакорную працу. А Віктар Фёдаравіч Карнаухаў 27 год верай і праўдай праслужыў ў арміі, перадаў сваё прызванне сыну Андрэю, які зараз у званні капітана. Дарэчы, зяць Карнаухавых Аляксандр Коцькін – таксама быў кадравым афіцэрам.  Ці не таму і ўнукі – сыны дачкі Ірыны і Аляксандра – таксама засталіся вернымі дзядулевай ды бацькоўскай дарозе: Дзмітрый – лейтэнант, а Яўген – курсант Беларускай ваеннай акадэміі.
Між іншым, усе абавязкова з’едуцца 28 лістапада на залатое вяселле. Будзе так жа шумна і весела, як і 50 год назад. І няхай скроні жаніха і нявесты прыпарушаны серабром, усе, хто знаёмы з Карнаухавымі, дакладна ведаюць, што яны маладыя душой.
— Як захаваць пачуцці, а сям’ю зрабіць моцнай? – задумваецца над маім пытаннем супружная пара. —  Трэба ўмець дараваць адно другому, саступаць, цаніць тое добрае, што ёсць у тваім спадарожніку...
— Вось кажуць, не сышліся характарамі! Дык гэта ж і добра, што характары розныя. Так цікавей жыць! – упэўнена Варвара Іванаўна. – Трэба абавязкова імкнуцца зразумець таго, хто побач. А Віктара я цаню, што ён чалавек слова, надзейны ва ўсім.
— Больш клапатлівай жанчыны, чым Вара, на свеце няма, — у сваю чаргу ўпэўнены Віктар Фёдаравіч. – А якая яна кулінарка! Які душэўны чалавек! Мне вельмі пашанцавала ў жыцці...
Пагадзіцеся, з такімі трапяткімі пачуццямі і брыльянтавае вяселле  гарантавана. Шчасця вам, юбіляры!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.