Знайсці сябе ў рабоце | Дзяннiца

Знайсці сябе ў рабоце

Версия для печатиВерсия для печати

Два гады таму на Шчучынскім масласырзаводзе пачаў працаваць цэх па вытворчасці канцэнтрату сыроватачнага бялковага. Тэхналогія для фільтрацыі сыроваткі, якая выкарыстоўваецца на заводзе, самая прагрэсіўная з існуючых у свеце. Такая вытворчасць – адзіная ў Беларусі і займае другое месца сярод краін бліжняга замежжа. Перапрацоўка падсырнай сыроваткі з наступным атрыманнем сухога прадукту адбываецца на суперсучасным абсталяванні кампаніі “Тэтра Пак”. Сухі прадукт Шчучынскі масласырзавод пастаўляе ААТ “Беллакт” – вядучаму беларускаму вытворцу дзіцячага харчавання.
Софія Валяр’янаўна Ваяводкіна прыйшла працаваць на завод у красавіку 2007 года, а ў снежні, калі пачынаў работу новы цэх, стала адной з яго работніц. Цяпер яна – аператар лініі па вытворчасці харчовай прадукцыі.
– У мяне ёсць багаты вопыт работы ў іншых арганізацыях, – гаворыць Софія Валяр’янаўна. – Два дзесяцігоддзі адпрацавала ў аўтапарку, затым – у “Кааппраме”. Але нідзе не адчувала сябе так утульна і менавіта на сваім месцы. У нашым цэху – больш за дваццаць чалавек. Калектыў – малады, дружны. І ўзначальвае яго кампетэнтны, высокаадукаваны   начальнік цэха Аксана Канстанцінаўна Маргун.
А працаваць у гэтым цэху, сапраўды, адно задавальненне. Увесь працэс аўтаматызаваны. Софія Валяр’янаўна сочыць за заборам сыроваткі з сырцэха і яе ахалоджваннем. Канчатковы этап, за які адказвае аператар,  – “перапраўка” сыроваткі ў цэх па вытворчасці бялка.
Акуратная, дысцыплінаваная, сабраная – так характарызуе сваю падначаленую начальнік цэха. Напэўна, дзякуючы гэтым якасцям, Софія Валяр’янаўна лічыцца адной з лепшых работніц.
А дома – яна адмысловая гаспадыня. А як жа іначай? Вырасціць чацвёра дзяцей – гэта не жарты! Цяпер бабулю радуюць два ўнукі і ўнучка. А яшчэ застаецца час для любімых заняткаў – вязаць і вырошчваць кветкі. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.