ЗНАЙДЗІ СВОЙ ЛЁС У АГРАГАРАДКУ | Дзяннiца

ЗНАЙДЗІ СВОЙ ЛЁС У АГРАГАРАДКУ

Версия для печатиВерсия для печати

3 снежня больш за сто юнакоў і дзяўчат Гродзеншчыны прыехалі ў Васілішкі, каб прыняць ўдзел у абласным злёце студэнтаў ВНУ і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў – выпускнікоў 2010 года.
Такі злёт ладзіўся ўпершыню ў гісторыі Гродзеншчыны, і тым прыемней, што менавіта нашы Васілішкі сталі своеасаблівай “сталіцай” маладзёжнага форуму. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства  выступіла Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” пры падтрымцы аблвыканкама і іншых арганізацый і аб’яднанняў. “Дабрабыт Радзімы, працвітанне Беларусі – мой абавязак, мой лёс...” – пад такім дэвізам праходзіў злёт моладзі.
– Неабходнасць правядзення такога мерапрыемства прадыктавана жыццём, – адкрываючы злёт сказаў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, старшыня Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вітольд Казіміравіч Песціс. – На прыкладзе аграгарадка Васілішкі моладзь павінна пераканацца, што жыць і працаваць на сяле можна! Сёння ў аграгарадку створаны такія ўмовы, якія ні ў чым не ўступаюць гарадскім. Развітая сацыяльная інфраструктура, выдатныя жыллёвыя ўмовы, высокая заработная плата – аб чым яшчэ можа марыць малады спецыяліст?
 Як пацвярджэнне гэтым словам – прапанова наведаць сам аграгарадок, пазнаёміцца з яго вытворчасцю і сацыяльнай сферай. Сучаснага тыпу машынны двор ААТ “Васілішкі”, малочна-таварная ферма, сельская ўчастковая бальніца, цэнтр развіцця дзіцяці, школа, прадпрыемствы гандлю і іншыя аб’екты выклікалі непадробны інтарэс у будучых маладых спецыялістаў. Абмяркоўваючы ўбачанае, яны ўсе сыходзіліся ў адным меркаванні: у такіх умовах можна дастойна жыць і працаваць.
Сардэчна запрашаў на Шчучыншчыну будучых маладых спецыялістаў старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч.
– Мы зацікаўлены ў тым, каб моладзь заставалася працаваць у нашым раёне. За юнакамі і дзяўчатамі не толькі будучае, яны павінны ствараць і сучаснасць. Для гэтага мы стараемся стварыць для іх найлепшыя ўмовы. Штогод 120-130 маладых спецыялістаў прыязджаюць працаваць на Шчучыншчыну. Амаль у поўнай меры адразу вырашаюцца жыллёвыя пытанні. Маладым спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў, якія маюць сям’ю, выдзяляем новыя кватэры з усімі зручнасцямі. На прадпрыемствах раёна склалася сістэма работы па сацыяльнай абароне працоўнай моладзі. Сур’ёзная ўвага надаецца павышэнню кваліфікацыі маладых спецыялістаў.
Як зацікавіць будучых выпускнікоў, што неабходна зрабіць для таго, каб размеркаванне ў сельскую мясцовасць выклікала толькі пазітыўныя эмоцыі? Над гэтым разважаў член Савета Рэспублікі, Герой Беларусі, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Прагрэс – Верцялішкі” Васілій Афанасьевіч Равяка. Ён перакананы, што толькі дастойныя ўмовы жыцця і працы могуць стаць той прычынай, па якой моладзь застанецца працаваць на сяле.
А па прыклады далёка хадзіць не трэба. Тры гады таму, пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прыехаў па размеркаванні працаваць у Вішнеўскую ўрачэбную амбулаторыю Смаргонскага раёна цяперашні яе загадчык Павел Аляксандравіч Матвеенка. Ехаў працаваць на сяло па сваім уласным жаданні. Па яго глыбокім перакананні – у першых кроках самастойнай медыцынскай практыкі работа ў сельскай мясцовасці можа стаць добрым урокам. Дарэчы, і ўмовы жылля, і аплата – усё задавальняе маладога ўрача. На сваім першым месцы работы і сваю палавінку сустрэў.
На поўную падтрымку і дапамогу можа разлічваць моладзь з боку прафсаюзных арганізацый. Аб гэтым гаварыла ў сваім выступленні старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Раманаўна Сяўко.
Добра разумеюць заўтрашнія маладыя спецыялісты, што менавіта за імі – будучае нашай краіны. Усе сілы і сродкі, якія ўкладвае дзяржава ў іх абучэнне, павінны быць вернуты ў значна большых памерах. Самае галоўнае і важнае, чым валодаюць студэнты, – гэта веды, набытыя за гады вучобы. І менавіта яны павінны служыць на карысць нашай Беларусі.
Аб гэтым гаварылася і ў рэзалюцыі злёту, якая была аднадушна прынята яго ўдзельнікамі.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Алы БІБІКАВАЙ.    


З першых вуснаў
Ігар Георгіевіч Жук, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта:
– Па тых водгуках, якія мне давялося чуць у час наведвання аб’ектаў аграгарадка, магу сказаць, што хлопцы і дзяўчаты ў захапленні ад створаных умоў працы, ад сацыяльнай інфраструктуры. Пачынаючы з 2005 года больш за 13,5 трл. рублёў выкарыстаны ў нашай вобласці на развіццё сяла. У гэтым і наступным гадах будзе пабудаваны яшчэ 51 аграгарадок. Цяпер мы бачым вынікі гэтай работы. Моладзь павінна ведаць, што дастойна жыць і працаваць можна не толькі ў горадзе.
Многія цяперашнія кіраўнікі пачыналі менавіта з сельскай мясцовасці. Там ёсць магчымасці для самарэалізацыі, самаўдасканалення. Застанецца малады спецыяліст працаваць у вёсцы ці не, у многім залежыць ад кіраўніка. Добра сустрэлі, добра прынялі – і працаваць можна з задавальненнем. Тым больш, што ў нашай вобласці створаны належныя умовы працы: адрамантаваныя школы, ФАПы, устаноўлена сучаснае абсталяванне ў медыцынскіх установах, набываецца новая тэхніка ў гаспадарках. І гэта рэальнасць нашага дня.
Вітольд Казіміравіч Песціс, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, старшыня Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання “Белая Русь”:
– На сённяшні дзень праблема замацавання кадраў на сяле стаіць вельмі востра. Цяжка праходзіць перыяд адаптацыі маладых спецыялістаў. І якасць іх падрыхтоўкі патрабуе ўдасканалення. Наша аб’яднанне стала ініцыятарам правядзення гэтага злёту, і, спадзяюся, ён стане традыцыйным. Думаю, наспела неабходнасць абмеркаваць пытанні падрыхтоўкі кадраў і іх замацавання на сяле. Калі ў першы пасля размеркавання год 80 працэнтаў моладзі яшчэ працуе на сваіх месцах, то потым застаецца працэнтаў 30.
Работа ў сельскай мясцовасці мае свае плюсы. У такіх аграгарадках, як Васілішкі, адразу вырашаецца праблема жылля. Нават без стажу маладыя спецыялісты атрымліваюць дастойную зарплату. Ствараюцца ўсе ўмовы, каб выпускнік навучальнай установы мог рэалізаваць свой патэнцыял.          

Слова – удзельнікам злёту
Эльміра Салтанава, навучэнка Ваўкавыскага педагагічнага каледжа:
– Я з задавальненнем прыехала б працаваць у Васілішкаўскую школу, але, на жаль, тут няма вакансіі выкладчыка замежнай мовы. Умовы, у якіх працуюць педагогі і вучацца дзеткі, проста ўражваюць! Я родам з сельскай мясцовасці, аднак у мяне на радзіме і блізка няма ўсяго таго, што я ўбачыла тут.
Ганна Калач, Ганна Казакевіч, Вікторыя Васілько, навучэнкі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа:
– Мы нават не меркавалі, што населены пункт у сельскай мясцовасці можа быць так добраўпарадкаваны і дагледжаны. Мы ўсе – гараджанкі, аднак працаваць у такі аграгарадок паехалі б з задавальненнем. Вельмі спадабалася ўчастковая бальніца: новае сучаснае абсталяванне, дастойная зарплата, выдатныя ўмовы для работы.
Асобае ўражанне засталося пасля наведвання Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адчуваецца, што там працуе выдатна падрыхтаваны медперсанал, дзецям там утульна і камфортна.
Дзмітрый Волчак, навучэнец Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа:
– Шмат прыемных уражанняў засталося ад усяго ўбачанага. Я атрымліваю спецыяльнасць электрыка, таму мяне вельмі цікавіла тэхнічная аснашчанасць гаспадаркі. Усё камп’ютарызавана, адным словам – на вышыні! Нават не думаючы, паехаў бы сюды працаваць.