ЗДРАЎНІЦА - старонка аб здароўі | Дзяннiца

ЗДРАЎНІЦА - старонка аб здароўі

Версия для печатиВерсия для печати

Восень – сезон прастуды
У апошнія дні толькі і размоў, што пра вірус, грып і іншыя напасці, якія пагражаюць нашаму здароўю. Але дарослыя ўсё ж найменш думаюць аб сабе, найбольш – пра дзяцей. Толькі і чуецца: “Каб жа не захварэў сынок (дачушка)”. Падзяляючы бацькоўскія хваляванні, вырашылі прапанаваць ім інфармацыйны заспакаяльны сродак – гутарку ўрача – загадчыцы дзіцячай кансультацыі Ганны Сцяпанаўны СІЛЬВАНОВІЧ. Сярод яе слушных рэкамендацый абавязкова знойдзеце тыя, што дазволяць спакойна супрацьстаяць сезонным захворванням, а калі тыя і прыціснуць, – не панікаваць, а правільна лячыцца.
Восень – перыяд сезоннага пад’ёму прастудных захворванняў. У 90% выпадкаў – гэта вострыя рэспіраторныя інфекцыі (ВРІ), якія з’яўляюцца асноўнай групай захворванняў у дзіцячым узросце. Штогод кожнае дзіця дашкольнага ўзросту пераносіць іх ад 3 да 8 разоў, школьнікі – 2-3 разы ў год. Увогуле ж рэспіраторныя інфекцыі з’яўляюцца асноўнай прычынай захваральнасці і шпіталізацыі дзяцей ва ўсім свеце.
Што ўплывае на распаўсюджанне ВРІ? Па-першае, пара года. Найчасцей – халодная (пад’ём захваральнасці ў кастрычніку, пік – у лютым, спад – у красавіку). Максімальная захваральнасць на грып – студзень – люты.
Па-другое, стан імунітэту. Часцей хварэюць дзеці, у якіх адбылося парушэнне ахоўных сіл арганізма пад уздзеяннем розных фактараў рызыкі – хранічных захворванняў, непаўнацэннага харчавання, стрэсаў і г.д.
Па-трэцяе, санітарна-гігіенічныя ўмовы. Хочацца напомніць старую пагаворку: “Там, дзе не бываюць у гасцях сонца і свежае паветра, там часта бывае ўрач”.
Чаму ВРІ так хутка распаўсюджваюцца? Механізм перадачы гэтых інфекцый паветрана-кропельны. Гэта значыць, што хворы чалавек пры размове, чханні разам са слінай перадае тысячы мікробаў на многія метры вакол сябе. Інкубацыйны перыяд – час ад пападання віруса ў арганізм чалавека да пачатку захворвання – ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Пры добрым імунітэце чалавек пераносіць РВІ ў лёгкай форме (кашаль, насмарк, але тэмпература нармальная), вядзе звычайны лад жыцця і  … заражае іншых.
Сярод шматлікіх узбуджальнікаў вострай рэспіраторнай інфекцыі ёсць і вірусы грыпу. Пра гэта хочацца пагаварыць асобна. Менавіта грып сёння на слыху і ад яго хочацца абараніць сябе і сваіх дзяцей.
Вірусы грыпу пастаянна мяняюць сваю антыгенную структуру, таму ўніверсальнай вакцыны супраць грыпу няма. Эпідэмія ж яго рэгіструецца практычна штогод, пераважна ў зімовы час.
Ад іншых вострых рэспіраторных інфекцый грып адрозніваецца рэзкім павышэннем тэмпературы цела да 39-400 С і выражанымі сімптомамі інтэнсікацыі. Яны могуць быць  нязначныя – недамаганне, галаўны боль, зніжэнне апетыту, але найчасцей грып пачынаецца з дрыжыкаў, моцнага галаўнога болю ў лобна-скроневай вобласці, галавакружэння, болю ў мышцах і вочных яблыках, часам можа быць ірвота, нават галюцынацыі.
А вось у дзетак да года грып можа пачынацца паступова са з’яўлення вяласці, зніжэння апетыту, непакою, адмовы браць грудзі, вадкага стула. Тэмпература можа быць нармальнай ці павысіцца нязначна. Пры недаацэнцы стану малыша могуць развіцца сур’ёзныя ўскладненні. Таму ёсць загад, каб дзеці да года, якія жывуць у горадзе, і маленькія вяскоўцы да 5 гадоў лячыліся толькі ў бальніцы.
Як жа засцерагчы сябе ад грыпу? Пастарайцеся радзей бываць у месцах збору людзей, пры магчымасці не карыстацца грамадскім транспартам, часцей праветрываць памяшканне, рабіць у ім вільготную ўборку. Не забывайце мыць рукі і апранацца па сезоне. Трэба паўнацэнна харчавацца, прымаць вітамін С ці іншыя полівітаміны, умацоўваць свой імунітэт з дапамогай імуналу, эхінацэі, бронхамуналу.
Да спецыфічнай прафілактыкі адносяцца прышчэпкі. На 100% яны не абараняюць ад грыпу, але калі ён і “прычэпіцца”, то працякае ў больш лёгкай форме і без ускладненняў. Між іншым, у Шчучыне 72% дзяцей, якія атрымалі прышчэпкі супраць грыпу ў 2008 годзе, не захварэлі ні на грып, ні на ВРЗ.
Неспецыфічная прафілактыка супраць грыпу – гэта супрацьвірусныя прэпараты, такія як анаферон, арпетол, афлубін, віферон, цыклаферон. Таксама не забывайце пра аксалінавую мазь і часночныя інгаляцыі.
Калі ж у сям’і хтосьці захварэў, ізалюйце яго ў асобны пакой, выдзеліце асобны посуд, ручнік. Той, хто даглядае хворага, павінен насіць маску і прымаць супрацьвірусныя прэпараты ў прафілактычнай дозе.
Хворыя з павышанай тэмпературай павінны ляжаць, прымаць прэпараты. Так, для паніжэння тэмпературы цела можна выкарыстоўваць парацэтамол, ібуфен, добрыя прэпараты антыфлу, тэрафлю, колдрэкс. Нельга выкарыстоўваць аспірын. Абавязкова – многа піць (морс, кампот, чай, сок).
А самы лепшы памочнік для здароўя – добры настрой, любоў блізкіх, падтрымка сяброў.
 

У цыгарэтах — пахучы яд
Ад захворванняў, выкліканых курэннем, у свеце кожныя 6 секунд памірае адзін чалавек, а на працягу года – 1,3 мільёна заядлых курыльшчыкаў і 900 тысяч – ад рака лёгкіх. У нашай краіне штогод ад хвароб, звязаных з курэннем, памірае 15,5 тысячы чалавек.
Ці не варта задумацца тым, хто курыць і лічыць, што ён не ў ліку хворых? Яны моцна памыляюцца, бо хвароба не кранула іх пакуль што.
Трэба  памятаць, што выпушчаны дым прыносіць вялікую шкоду і тым, хто яго ўдыхае. Напрыклад, жонкі курыльшчыкаў жывуць на чатыры гады менш за сваіх аднагодак. У іх назіраецца ў два разы больш іншых захворванняў.
Можна пачуць довад курыльшчыка, што ён мінімальна сябе атручвае, бо курыць дарагія цыгарэты. Але вучоныя даказалі, што ў дарагіх цыгарэтах — тыя ж самыя яды, толькі больш прыемныя на пах.
Кожны сам выбірае — курыць або не курыць. Толькі трэба ведаць: калі вы кінеце шкодную звычку, то пражывеце на 10-20 гадоў больш за сваіх знаёмых курыльшчыкаў. Акрамя таго, зменіцца ў лепшы бок і ваш знешні выгляд: твар стане ружовым, заўсёды будуць белыя зубы, знікне непрыемны пах з рота. У дадатак – на 90 працэнтаў зменшыцца рызыка памерці ад рака лёгкіх, на 75 працэнтаў – ад хранічнага бранхіту і на 25 працэнтаў – ад хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Асабліва моцна трэба задумацца маладым мамам. Калі яны кінуць курыць, у іх будуць здаровыя дзеці.
Людміла ЧУДОЎСКАЯ,
урач-нарколаг.

P.S. Я не куру. Спадзяюся, што мая сяброўка Н.А. Волкава, прачытаўшы гэтыя радкі, таксама задумаецца аб сваім здароўі.
 

На варце здароўя вяскоўцаў
І.В. Бардзілоўская і Я.А. АстаповічНа адной з вуліц Жалудка – з тых, што прамянямі разыходзяцца ад пасялковай плошчы, знаходзіцца бальніца. Установа, якая, прама скажам, ці не галоўная для мясцовых жыхароў.
Дваццаць шэсць гадоў стаіць на варце здароўя вяскоўцаў загадчыца Жалудоцкай бальніцы Яўгенія Адольфаўна Астаповіч. Побач з ёй працуюць восем урачоў і 50 сярэдніх медработнікаў. Іх вопыт, веды і добрыя сэрцы запатрабаваны ў жыхароў пасёлка і 30-ці навакольных вёсак. А гэта больш за 3300 чалавек.
У дастаткова прасторных карпусах медустановы месцяцца паліклініка на 80 наведванняў і два аддзяленні – тэрапеўтычнае і сястрынскага догляду, кожнае на 25 ложкаў. Загадвае стацыянарам вопытны ўрач Ірына Васільеўна Бардзілоўская. Прыём пацыентаў у паліклініцы вядуць тэрапеўты, акуліст, хірург, стаматолаг, педыятр. Згадзіцеся, не кожная медустанова, размешчаная ў сельскай мясцовасці, мае ў штаце такіх спецыялістаў. А ў Жалудку яны ёсць. Акрамя гэтага, тут свой пункт хуткай дапамогі. Дзве машыны з медыкамі “на борце” штодзень папераменна імчаць у той бок, адкуль прагучаў сігнал аб нездароўі чалавека.
– У многіх вёсках засталіся адны пажылыя людзі. Ім да нас дабрацца складана. Таму мы, медыкі, ідзём да іх, – расказвае Яўгенія Адольфаўна Астаповіч. – У доктара заўсёды з сабой ЭКГ-апарат, пры неабходнасці ўдзел у такіх аглядах прымае і лабарант. А выезды ў вёскі праводзім згодна з графікам. У апошні час дыспансерызацыі насельніцтва надаем вялікае значэнне. Так, за 10 месяцаў медыцынскі агляд прайшло больш за 80 працэнтаў насельніцтва.
Цяпер сезон прастудных захворванняў. Стала больш мнагалюдна і ў калідорах бальніцы ў Жалудку. Вопытны калектыў медработнікаў не пасуе, дапамагае пацыентам супрацьстаяць вірусным інфекцыям, дае слушныя рэкамендацыі.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.

Лекі – з прыроднай скарбонкі
Днямі ў рэдакцыю завітаў шчучынец Іван Канстанцінавіч Дзядзель. Цяпер ён на пенсіі, а некалі працаваў аграхімікам. Паміж іншым, у свой час ён скончыў Гродзенскі сельгасінстытут, а потым аспірантуру Інстытута глебазнаўства і аграхіміі. І яшчэ са студэнцкай пары “захварэў” цікавасцю да флоры. Іван Канстанцінавіч заўважаў не толькі вонкавую прыгажосць кожнай раслінкі, але і назапашваў веды пра яе лекавыя ўласцівасці. Ён і не заўважыў, як гэты занятак стаў для яго любімым.
Па словах майго суразмоўцы, ён сам збірае лекавыя расліны – “ураджэнцаў” нашай мясцовасці, прытым, добра ведае, у які час і ў якой фазе Месяца гэта рабіць, што канкрэтна карыснае ў кожнай. Абавязкова прытрымліваецца рэкамендацый па сушцы, сам складае лекавыя зборы. У іх – як вядомыя ўсім рамонак, бяссмертнік і крываўнік, так і сабельнік балотны ды корань калгана.
Пра флору беларускіх палёў, лясоў і лугоў Іван Канстанцінавіч можа распавядаць доўга і цікава. Але на гэты раз мы непрыкметна пераключыліся ў размове на тэму дня – сезонныя захворванні і, у прыватнасці, грып. Іван Канстанцінавіч тут жа параіў звярнуць увагу на народныя сродкі. І нават падрыхтаваў рэцэпты, як іх гатаваць. Перш чым знаёміць з імі вас, паважаныя чытачы, папярэдзім, што скарыстацца імі варта пасля кансультацыі з урачом: усё ж арганізм кожнага чалавека індывідуальны. Тыя ж звычайныя цыбуля і часнок некаму могуць быць і супрацьпаказаны.
Парады ад Івана Дзядзеля
* Галінкі чорных парэчак дробна паламаць і заварыць поўную жменю 4 шклянкамі вады. Кіпяціць 5 мінут, а затым парыць 4 гадзіны. Выпіць 2 шклянкі з цукрам на ноч, лежачы ў пасцелі. Адвар павінен быць добра цёплым. Правесці такое лячэнне двойчы.
* Пры першых прыкметах грыпу трэба разрэзаць вялікую цыбуліну, а затым нюхаць і ўдыхаць пары ротам. І так 3-4 разы ў дзень.
* За абедам есці кожны дзень дробна пасечаную цыбулю са смятанай (на 1 ст.лыжку цыбулі 1 ст.лыжку смятаны).
* Сталовую лыжку сухіх пладоў маліны заліць шклянкай кіпеню. Настойваць 20 мінут. Піць па шклянцы гарачага настою 2 разы ў дзень.
* Плады маліны, кветкі ліпы ўзяць у роўных частках. Сталовую лыжку сумесі заліць шклянкай кіпеню, настойваць 20 мінут, працадзіць. Піць па шклянцы гарачага настою на ноч як патагоннае.
* Насыпаць у шарсцяныя шкарпэткі парашок сухой гарчыцы. Хадзіць так некалькі дзён.
* Ачышчаны часнок нацерці на тарцы, змяшаць з мёдам (1:1). Прымаць па 1 ст.лыжцы, запіваючы вадой, перад сном.
* Для аднаўлення сіл пасля хваробы: 1 ст.лыжку сухіх пладоў шыпшыны заліць 2 шклянкамі кіпеню, настойваць у тэрмасе суткі. Піць па паўшклянкі 2-3 разы ў дзень перад ядой.


Аўтар праекта Таццяна ПАЛУБЯТКА.