Зачасцілі лісы ў вёскі | Дзяннiца

Зачасцілі лісы ў вёскі

Версия для печатиВерсия для печати

Вось на гэтым месцы стаяла буда Топіка, які даў “бой” лісе Жыхары раёна ўсё часцей скардзяцца на нахабныя візіты ліс. То ў вёску завітаюць сярод белага дня, то ідуць ажно на падворкі. І “геаграфія” трывожных паведамленняў разнастайная: Купры, Скрыбаўцы, Сямягі, Падражанка ... У гэтым годзе развялося іх надзвычай многа. Не толькі вечарам, але і днём вяскоўцы баяцца адыходзіць ад дому, выпускаць хатнюю птушку, жывёлу. Найбольш пужае тое, што лісы-візіцёркі хварэюць на шаленства.
У канцы лістапада ў Ражанцы на падворку дома, дзе жывуць пенсіянеры Юлія Юльянаўна і Аляксандр Аляксеевіч Гойлы, ліса пакусала двух сабак. Ад начнога здарэння людзі атрымалі сапраўдны шок: адзін з сабак літаральна падмяў пад сябе рыжую і гэтым выратаваў гаспадыню ад нападзення драпежніка. І такое тут здараецца ўжо не ў першы раз. У верасні сярод белага дня на падворак суседкі Надзеі Пятроўны Сарока таксама наведалася ліса, і перапыніла яе чатырохногая вартаўніца.
На месца здарэння прыбылі работнікі раённай ветэрынарнай станцыі. Яны ўсыпілі сабак, спалілі буды, прадэзінфіцыравалі падворак. А людзі засталіся сам-насам са сваёй бядой. Мала таго, што ўжо не выпускаюць на падворак хатнюю птушку, прадалі кароў, дык і з хаты баяцца выходзіць. Паляўнічых сярод іх няма, не могуць нават папужаць драпежнікаў.
— Я не магу да гэтага часу супакоіцца, — гаварыла Юлія Юльянаўна Гойла у час нашай сустрэчы. – І суседзі пасля гэтага здарэння вельмі хвалююцца. Хто абароніць нас ад драпежнікаў?  Яны ж могуць зноў наведацца сюды...
— Акрамя нас, на вуліцы Садовай жывуць яшчэ дзевяць сямей. Дарэчы, у дзвюх растуць дзеці, якія ходзяць у школу і дзіцячы сад, — дадае Аляксандр Аляксеевіч Гойла.
Вуліца Садовая знаходзіцца за будынкамі, дзе раней размяшчаўся Ражанкаўскі дом-інтэрнат. Вуліца адносіцца да Ражанкі, але на справе — да вёскі яшчэ трэба дайсці. Па вузкай сцежцы праз густыя хмызнякі і невялічкую рачулку да магазіна, куды найчасцей і ходзяць тутэйшыя, кіламетра паўтара. Можна сустрэць тут бадзяжных сабак, якія неаднойчы кідаліся на людзей.
Тутэйшы парк зарастае, становіцца непраходным, як і хмязнякі, што падабраліся да самых хат. Тут не тое што ліса — і ваўкі могуць зрабіць норы. Гусі і куры, якіх трымаюць вяскоўцы, бясследна знікаюць. Як кажуць жанчыны, акрамя хвастатых драпежнікаў, часта бываюць “госці” з неба — каршуны. У мясцовых “джунглях” і для іх месца хоць адбаўляй.
— Цяпер я не ведаю, як завесці новых сабак. Мы з жонкай вельмі прывыклі да Топіка і Жука. Яны былі для нас сапраўднымі вартавымі, — гаворыць А.А. Гойла. – Гарантыі няма, што маладых сабак зноў не пакусаюць драпежнікі...
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

У тэму
Аляксандр СЕМЯНЧУК, начальнік ДУ “Шчучынская райветстанцыя”:
— За адзінаццаць месяцаў у раёне зарэгістраваны 15 лабараторна пацверджаных выпадкаў шаленства жывёлы. З іх 8 — дзікай (лісы, куніцы, янотападобны сабака), 2 — хатняй жывёлы (сабака і кот), 5 выпадкаў сярод буйной рагатай жывёлы. Гэта значна больш, чым у мінулым годзе. Сітуацыя трывожная не толькі ў раёне, але і па вобласці. З пачатку года зарэгістраваны 515 выпадкаў шаленства жывёлы, гэта ў два разы больш, чым летась.
Каб зменшыць колькасць дзікай жывёлы, якая хварэе на шаленства, трэба не даць ёй кантактаваць з хатняй жывёлай, з людзьмі. Для гэтага неабходна агарадзіць усе жывёлагадоўчыя фермы. Заахвоціць паляўнічых, каб тыя больш энергічна займаліся адстрэлам, адловам і зацкаваннем у норах драпежнікаў. Каля кожнай фермы неабходна абсталяваць жывёльныя могілкі, дзе павінна быць спецыяльная ёмістасць для ўтылізацыі трупаў.
Іван ГРЫНЕВІЧ, паляўніцтвазнавец Шчучынскага лясгаса:
— За 10 месяцаў паляўнічымі здабыты ў лесаўгоддзях раёна 130 ліс, 2 ваўкі, 4 янотападобныя сабакі, 37 сабак і 31 кот, якія бадзяліся. Трэба адзначыць, што страляем ліс практычна круглы год, незалежна ад сезонаў палявання, бо яны часцей за ўсё хварэюць на шаленства. Шмат рыжых у месцах вялікіх звалак адходаў, там, дзе людзі выкідваюць рэшткі хатняй і грамадскай жывёлы. У час паляўнічага сезона ліса ратуецца бегствам з лесу да вёсак. І тут мы ўжо бяссільныя. Па правілах палявання паляўнічы не мае права страляць жывёлу бліжэй за 200 метраў ад любога населенага пункта. Цяпер шмат закінутых хутароў, пустых вёсак – гэта ідэальнае месца для ліс. Яны ў густых хмызняках рыюць норы, дзе і ўладкоўваюць сваё жыллё. Хатняя птушка з вясковых падворкаў з’яўляецца добрым кормам для рыжых
Сцяпан ЗАДНІПРАНЫ, паляўнічы:
— Цяпер дазволена на паляванне на дзікую жывёлу. Як паляўнічы са стажам я ніколі не шкадую патронаў на ліс і іншых драпежнікаў. Разумею, што хворыя на шаленства лісы вельмі небяспечныя. Раней за кожную лісу плацілі ўзнагароджанне, цяпер не. Таму многія маладыя паляўнічыя абмінаюць месца, дзе можна сустрэць лісу.
Віктар МІСЮК, начальнік участка транспарту, добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі РУП ЖКГ:
— Адстрэлам бадзяжных сабак займаецца спецыяльна створаная брыгада з чатырох чалавек. З пачатку года мы адстралялі па раёне больш за 300 сабак. Адстрэл – гэта моцна сказана. Замест шроту ў патрон кладзецца ўкол, які ў час кантакту з жывёлай усыпляе яе.
Што характэрна – многа бяздомных сабак бачым у горадзе і яго межах. Вяскоўцы часам падкідваюць сваіх верных памочнікаў да горада, калі не хочуць іх забіваць. У пошуках ежы жывёла ідзе на вуліцы, да жылых дамоў. Акрамя таго, вельмі шмат сабак жыхары раёна трымаюць не на прывязі. Мы ўжо не раз папярэджвалі людзей, што любы сабака, якія бегае за брамкай, нават з ашыйнікам, будзе адстраляны. Скаргі ў такім выпадку не прымаюцца.