Заслужаны аўтарытэт сям’і Саўко | Дзяннiца

Заслужаны аўтарытэт сям’і Саўко

Версия для печатиВерсия для печати

З Яўгенам Часлававічам Саўко і яго сынам Юрам, вадзіцелямі СВК “Дэмбрава”, я пазнаёміўся яшчэ ў час жніва. Абодва пад’ехалі на велікагрузных МАЗах да хлебнага поля. Юра чапляў на машыну чырвоны сцяжок – адзнаку, што ён за мінулы дзень перавёз ад камбайнаў больш за іншых зерня новага ўраджаю. А калі на камбайне загарэўся чырвоны маячок, — знак таго, што бункер поўны, бацька падштурхнуў сына: “Давай хутчэй пад загрузку, час дарагі!” Галоўны аграном гаспадаркі У.Ю. Клімук, які быў побач і чуў гэтыя словы, шчыра ўсміхнуўся і патлумачыў: “Яны ў нас абодва ў перадавіках. Па чарзе мяняюць лідарства. Сёння Юра, а заўтра Яўген. Працуюць заўзята, малайцы!”
Пазней, у час дажынак, якія праходзілі ў СВК “Дэмбрава”, старшыня гаспадаркі А.В. Туля ўручаў перадавікам жніва каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі. Сярод ушанаваных былі Яўген і Юрый Саўко. Кожны з іх перавёз у час уборкі больш за 1500 тон збожжа.
Калі Яўген Часлававіч ў гаспадарцы працуе ўжо 23 гады, то Юра параўнальна нядаўна. Быў час, калі юнак падаўся ў горад. Але не спадабалася там, вярнуўся ў родныя мясціны. Стаў вадзіцелем і хутка абжыўся ў калектыве. Цяпер працуе не горш за іншых.
Увогуле, сям’ю Саўко добра ведаюць у Дэмбраве. Гэта добразычлівыя людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу кожнаму. Паважаюць і цэняць у гаспадарцы і Таццяну Аркадзьеўну Саўко. Яна працуе на жывёлагадоўчым комплексе аператарам па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Акуратная і дысцыплінаваная жанчына паспявае не толькі на сваім рабочым месцы, але  і іншым дапамагае.
Між іншым, сям’я Саўко немалая. Акрамя Юры, ёсць яшчэ сын Сяргей і дзве дачкі — Іна і Аксана. Сяргей — вучань мясцовай  школы, марыць стаць вадзіцелем, як бацька. Іна паступіла ў Гродзенскі ўніверсітэт імя Я. Купалы. Аксана — спартсменка, навучэнка школы алімпійскага рэзерву.
У час нашай апошняй сустрэчы маці, бацька і старэйшы сын збіраліся на працу. Іх праводзіў школьнік Сяргей. Такімі жыццярадаснымі і ўпэўненымі іх і сфатаграфаваў.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.