ДЫЯЛОГ чытач-газета-чытач | Дзяннiца

ДЫЯЛОГ чытач-газета-чытач

Версия для печатиВерсия для печати

На ўсе білеты – адна цана
“Нядаўна давялося пабываць у РДК на канцэрце Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Хацелася б даведацца, чаму ўсе білеты на іх выступленне прадаваліся па адной цане? Мы сядзелі на 19 радзе, а перад намі прыставілі яшчэ цэлы рад крэслаў.  Глядзець канцэрт было вельмі нязручна. Лагічна было б, каб кошт білета ўсё ж залежаў ад месца ў зале”.
З тэлефоннага запыту.
На пытанне адказвае дырэктар раённага Дома культуры Віктар Янавіч Сінкевіч:
– Поўнасцю згодзен з тым, хто задаў такое пытанне. Аднак, не ўсё залежыць ад нас. Цэны на білеты, якія прадаваліся на канцэрт Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, устанаўліваліся Гродзенскай абласной філармоніяй. Мы атрымалі 550 білетаў і прадавалі іх па адной цане. А вось дадатковы рад мы ўстанавілі па ўласным рашэнні. Гэтыя месцы былі спецыяльна прызначаны для ветэранаў і інвалідаў.
Пытанні – з Ражанкі
“Адкажыце, калі ласка, ці ёсць стараста ў пасёлку Ражанка?”
З тэлефоннага запыту.
На пытанне адказвае старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Валянцінавіч Бурдзей:
– Безумоўна, ёсць. Гэта Зінаіда Станіславаўна Матышчык. Дарэчы, старасты абраныя ў кожнай вёсцы нашага сельсавета.
І яшчэ адно пытанне тычылася пасёлка Ражанка.
“Чаму ў гэтым населеным пункце не праводзіцца добраўпарадкаванне?Асфальт разбіты. На дрэваапрацоўчы пункт пастаянна прыязджаюць машыны, пасля якіх застаецца гразь, адходы і рознае смецце. Ні на адной вуліцы не гарыць святло. Галаўны боль – цэнтральная дарога праз увесь пасёлак да “Заготзерно”...
С.С. Клышэвіч,
жыхар пасёлка Ражанка.

Тлумачэнні даў старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Валянцінавіч Бурдзей:
– У мінулым годзе ўчастак дарогі, пра які ідзе гутарка, работнікі ДРБУ-161 падсыпалі гравіем. Перыядычна праводзіцца грэйдзіраванне дарогі. Што тычыцца святла – зроблена паўторная заяўка на ўхіленне няспраўнасцей у вулічным асвятленні.
“Вечная” рэканструкцыя
“У магазін нашай вёскі прывозяць хлеб Шчучынскага хлебазавода вельмі дрэннай якасці. Зверху – абгарэлы, унутры – сыры. Нават у цяжкія пасляваенныя гады такога не пяклі. Чаму ж вяскоўцы павінны плаціць грошы за прадукт дрэннай якасці?”
В.Ц. Драгун,
жыхар в. Руткевічы.

На пытанне адказвае часова выконваючая абавязкі начальніка вытворчай лабараторыі Шчучынскага сельскага філіяла Таццяна Сяргееўна Мандрык:
– Мы прыносім свае прабачэнні пакупнікам за прадукт дрэннай якасці. На хлебазаводзе – часовыя цяжкасці. Новая ўстаноўленая печ не працуе належным чынам – яе ніяк не ўдаецца наладзіць, а дзве старыя не выкарыстоўваюцца. А ўвогуле, калі абсталяванне працуе без збояў – хлеб атрымліваецца смачны і духмяны. Дарэчы, ён не ўтрымлівае ніякіх дабавак і выпякаецца з якаснай мукі.
Ад рэдакцыі. Шукаць адказ на гэта пытанне нам даводзіцца не ўпершыню. На наш погляд, недапушчальна выпускаць няякасную прадукцыю, апраўдваючы гэта вытворчымі накладкамі. Лагічна спачатку як след наладзіць тэхналагічнае абсталяванне і толькі потым выпякаць для рэалізацыі хлеб, дастойна трымаючы марку.
Падрыхтавала Ганна РУДСКАЯ.