ДЫЯЛОГ чытач-газета-чытач | Дзяннiца

ДЫЯЛОГ чытач-газета-чытач

Версия для печатиВерсия для печати

Рух аўтобуса цяпер зменены
“Чаму аўтобус, што па пятніцах, суботах і нядзелях ходзіць у Ражанку да цягніка ў абед, так доўга стаіць у Ражанцы і не адпраўляецца? Пасажырам прыходзіцца сядзець у аўтобусе і губляць амаль 40 мінут. І яшчэ адно: аўтобус “Рэзы-Тапілішкі”, калі вяртаецца з Тапілішак, заўсёды стаіць на аўтавакзале некаторы час. Гэта вельмі нязручна ў абедзенны перапынак, калі дарагая кожная хвіліна.”
З тэлефоннага запыту.
Кіраўніцтва аўтапарка адразу адрэагавала на наш званок. Тлумачэнні дала вядучы інжынер аддзела перавозак ДУП “АтП №12” Ганна Іванаўна Дзікевіч:
– Ніхто з пасажыраў ніколі не скардзіўся на якія-небудзь нязручнасці наконт руху аўтобуса па маршруце Ражанка-Шчучын. Раз такое пытанне ўзнікла – мы адразу прынялі меры. Цяпер аўтобус ст. Ражанка-Шчучын (пятніца, субота, нядзеля) будзе адпраўляцца з Ражанкі ў 14.35 замест 14.50.
На другую частку пытання адказвае начальнік бюро перавозак Міхаіл Раманавіч Грынкевіч:
– Кожны раз, калі аўтобус па маршруце “Рэзы-Тапілішкі” вяртаецца з Тапілішак, вадзіцель павінен адзначыць пуцявы ліст. На гэта затрачваецца некалькі хвілін. Аднак, бывае ў раскладзе руху гарадскога аўтобуса і крыху большы перапынак: вадзіцель чакае пасажыраў з прыгарадных рэйсаў, якія прыбываюць у гэты час.
Крыты рынак часова “пераехаў”
“У памяшканні, дзе размяшчаўся крыты рынак, цяпер праводзяцца рамонтныя работы. Куды “пераехалі” прадаўцы са сваім таварам?”
З тэлефоннага запыту.
На пытанне адказвае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Шчучынскага райвыканкама Святлана Генадзьеўна Бараноўская:
– Паколькі рамонтныя работы працягнуцца дзесьці да пачатку студзеня, людзям прапанавалі гандлёвыя месцы ў будынку былой сталовай па вуліцы Астроўскага. Аднак, адразу пачаць працаваць яны не змаглі, таму што памяшканню быў патрэбен касметычны рамонт. Хто не захацеў размясціцца там – гандлюе на цэнтральным рынку па серадах і нядзелях. Прадпрымальніца, якая гандлявала складанай бытавой тэхнікай, засталася са сваім таварам на першым паверсе будынка, дзе працаваў крыты рынак.
Аты-баты… Чаму хлопцы не салдаты?
“Ці ёсць у нашым раёне маладыя людзі, якія ўхіляюцца ад службы ў арміі?”
З тэлефоннага запыту.
На пытанне адказвае начальнік аддзялення прызыву Шчучынскага райваенкамата маёр Аляксандр Іванавіч Трэкала:
– Іх дзевяць чалавек. І ўсе яны – у Амерыцы, Англіі, Расіі. У некаторых нават ёсць пашпарты краіны, у якой яны жывуць. Многія з іх выехалі за мяжу на трэцім-чацвёртым курсах вучобы ў ВНУ. Безумоўна, павестку яны не атрымлівалі – на час вучобы даецца адтэрміноўка. Таму і немагчыма прыцягнуць іх да адказнасці.
Па “Дыялогу” дзяжурыла Ганна РУДСКАЯ.