Духоўнасцю даражыць умейце | Дзяннiца

Духоўнасцю даражыць умейце

Версия для печатиВерсия для печати

У мінулую пятніцу ў нашым раёне прайшоў семінар рэдактараў газет Гродзенскай вобласці. На прыкладзе нашай “Дзянніцы” разглядалася, як асвятляюцца ў СМІ міжканфесіянальныя адносіны і тэма духоўна-маральнага выхавання. Адкрыў семінар першы намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама П.К. Скрабко.
Як вядома, і наша краіна, і наш рэгіён – многаканфесіянальныя. Жыць у міры і згодзе – усім зразумелая і жаданая мэта. Разам з тым дасягаецца яна не так ужо і лёгка: трэба шмат працаваць, умець слухаць і чуць, а галоўнае – разумець адзін аднаго. Якія актуальныя тэмы, вострыя праблемы абмяркоўваюцца ў дыялогу  дзяржавы і царквы – пра гэта расказаў начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама І.А. Папоў, яскрава абмаляваў ён і этнаканфесіянальную сітуацыю на тэрыторыі нашай Гродзеншчыны. А намеснік старшыні райвыканкама І.Ю. Сакалоўскі пазнаёміў удзельнікаў семінара з мінулым і сучасным шчучынскага краю, з перспектывамі развіцця нашага рэгіёна. З цікаўнасцю ўнікалі прыезджыя журналісты і рэдактары газет у творчую кухню “Дзянніцы”, на старонках якой дастойнае месца займаюць публікацыі па этнаканфесіянальнай тэматыцы. Нагадаем, што сёлета калектыў нашай Шчучынскай раённай газеты быў узнагароджаны Падзячным пісьмом Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін.
Уважлівы чытач, пэўна, заўважыў, што працуючы над кожным выпускам старонкі “Садружнасць”, мы прытрымліваемся прынцыпу роўнасці рэлігій і веравызнанняў, таму практычна заўсёды тут змешчана інфармацыя аб дзейнасці праваслаўных і каталіцкіх прыходаў, асвятляецца работа грамадскай арганізацыі “Саюз палякаў на Беларусі”. Мы знаёмім сваіх чытачоў з інтэрнацыянальнымі сем’ямі, пішам пра  народныя абрады і традыцыі, шматлікія фальклорныя святы. А наш культурна-краязнаўчы праект “Нам засталася спадчына” расказвае чытачам пра багатую гісторыю роднага краю, пра славутых людзей  Шчучыншчыны. Спрыяюць маральнаму выхаванню маладога пакалення нашы праекты “Светач”, маладзёжны клуб “Сябрына”, сямейная старонка “Пралеска” і інш.
Тэму духоўнасці  прадоўжыла дырэктар Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі Л.А. Карнілава, адзначыўшы, што музейныя работнікі ўсё часцей выкарыстоўваюць выязныя формы работы, з дабрачыннымі акцыямі і выставамі бываюць у дзіцячых сацыяльных прытулках і дамах састарэлых, мяркуюць з высакароднай мэтай наведаць і наш раён.
Удзельнікі семінара пабывалі ў Доме палякаў, дзе іх вітаў народны хор польскай песні “Промень”, які ўжо на працягу 20 год плённа дзейнічае на базе РДК. Сапраўднае захапленне выклікала ў гасцей раёна знаёмства з архітэктурнай жамчужынай нашага краю — Маламажэйкаўскай царквой-крэпасцю 16 стагоддзя. Ні з чым непараўнаныя пачуцці пакінула наведванне і ўнікальнага касцёла ў Старых Васілішках.
Шчырае захапленне засталося ў журналістаў ад знаёмства з аграгарадком Васілішкі і ягоным культурным цэнтрам – Домам культуры і вольнага часу. Дарэчы, усе ўражанні занатоўваліся ў блакноты пішучай братыі і паслужаць матэрыялам для журналісцкіх нататкаў і артыкулаў. Так што пасля гэтага прэс-тура па нашым раёне пра славутыя мясціны Шчучыншчыны даведаюцца ва ўсіх куточках вобласці.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.