Дружыннікі – надзейныя памочнікі ДАІ | Дзяннiца

Дружыннікі – надзейныя памочнікі ДАІ

Версия для печатиВерсия для печати

На апошнім пасяджэнні раённага штаба дабравольных дружын, якое ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама І.Ю. Сакалоўскі, разглядалася адно пытанне. Удзельнікі пасяджэння абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася на дарогах нашага раёна ў гэтым годзе і ацэньвалі ролю дабравольных фарміраванняў у рабоце па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў.
Падрабязна прааналізаваў становішча на дарогах раёна начальнік аддзялення ДАІ Шчучынскага РАУС У.І. Хільмончык. За дзесяць месяцаў гэтага года праведзены комплекс мерапрыемстваў па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму. У параўнанні з мінулым годам скарацілася колькасць аварый і колькасць загінуўшых людзей. Менш аварый учынілі п’яныя вадзіцелі. Значную дапамогу супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі аказваюць дружыннікі. Яны нясуць службу разам з ахоўнікамі правапарадку. Дзякуючы дружыннікам выяўлены 23 парушальнікі правілаў дарожнага руху. У склад дабравольнага фарміравання ўваходзяць былыя супрацоўнікі ДАІ, настаўнікі, якія выкладаюць у школах асновы бяспекі жыццядзейнасці, аўтамеханікі, інжынеры, работнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый.
Асаблівую ўвагу супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі павінны надаваць дзецям. Гэта падкрэсліў І.Ю. Сакалоўскі. Пачынаючы з дзіцячага садка хлопчыкаў і дзяўчынак неабходна вучыць правілам паводзін на дарозе, каб маленькія ўдзельнікі дарожнага руху не станавіліся ахвярамі здарэнняў.
І такая работа наладжана. У школах створаны атрады юных інспектараў дарожнага руху, дзяжураць стопмэны. Дзіцячыя садкі і школы рэгулярна наведваюць інспектары ДАІ, праводзяць прафілактычныя гутаркі. Ва ўсіх навучальных установах, акрамя другой гарадской школы,                                               абсталяваны пляцоўкі для вывучэння правілаў дарожнага руху.
Вынікі работы аддзялення ДАІ і членаў дабравольнай дружыны відавочныя. Умацоўваць аўтатранспартную дысцыпліну, зрабіць дарогі яшчэ больш бяспечнымі – гэтыя і іншыя задачы стаяць перад супрацоўнікамі ДАІ на будучае. 
Ганна РУДСКАЯ.