Дзядзька Сцяпан - вясковы "камандзір" | Дзяннiца

Дзядзька Сцяпан - вясковы "камандзір"

Версия для печатиВерсия для печати

Сцяпану і Лідзіі Чарнякам у пары добраСтаршыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Валянцінавіч Бурдзей, калі ўзгадваў сваіх памочнікаў у вёсках сельсавета, назваў і прозвішча Сцяпана Ігнацьевіча Чарняка з Чарнякоў. Маўляў, чалавек ён актыўны і нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца навокал.
Сцяпана Ігнацьевіча мы засталі на падворку, дзе той завіхаўся па гаспадарцы. Тут жа тупала і жонка Лідзія Юльянаўна. Іх дагледжаны дамок, абнесены моцным плотам, указваў на прысутнасць на сялібе людзей, якія яшчэ маюць сілы падтрымліваць належны парадак. На жаль, не на ўсіх вясковых падворках у Чарняках цяпер можна знайсці сляды іх гаспадароў і гаспадынь-рупліўцаў. А людзі тут, ведаю не па чутках, заўжды жылі працавітыя і добразычлівыя.
Павевы часу адкарэкціравалі жыццё і побыт вяскоўцаў.
– Цяпер у нашых Чарняках пустуюць 14 хат, а з некалі мнагалюднай вёскі засталіся 54 жыхары, – з сумам заўважае Сцяпан Ігнацьевіч. У хлявах – толькі тры каровы… У суседніх вёсках – не лепш. У Быкаўцы – адна рагуля, а ў Варонішках увогуле ніводнай.
Паміж тым, “прарэджаная” часам і жыццём вёсачка Чарнякі і яе нешматлікія жыхары штораніцы сустракаюць новы дзень, жывуць сваімі клопатамі і праблемамі.
– Вось нядаўна хадзілі да кіраўніцтва гаспадаркі (СВК “Балічы” – Заўв.аўтара), каб рашыць што з соткамі, – расказвае стараста вёскі. – Участкі пад бульбу бяруць у нас толькі восем чалавек. Але і для гэтых нямногіх добрага кавалка не знайшлося. Маўляў, калі прапанаваны не падабаецца, паглядзіце за мостам. Дык там жа пясок жывы, кукуруза і тая не расце…
Не вырашаным пакуль застаецца і яшчэ адно надзённае пытанне – дарожнае. За ваколіцай ідзе дарога, па якой хутка патрапіць у Ракавічы, дзе знаходзяцца і царква, і могілкі. Калі ў сезонную непагадзь дарогу размывае, гэты шлях становіцца шматкіламетровым – на Балічы, Заполле, Багуславова.
Па словах Сцяпана Ігнацьевіча, вяскоўцы гатовы падсабіць у рамонце дарогі, каб толькі далі дзве трубы…
А вось з гандлёвым забеспячэннем у Чарняках усё нармальна. Аўталаўка заязджае сюды два разы на тыдзень, графік не парушаецца. Можна набыць усё неабходнае. Да таго ж, да пажылых бацькоў часта прыязджаюць дзеці, і не з пустымі рукамі. Многія вяскоўцы змаглі даць сваім нашчадкам добрую адукацыю, вырасцілі прыстойнымі людзьмі, для якіх словазлучэнне “бацькоўскі дом” – не пусты гук.
Добрыя сын і дачка і ў нашага суразмоўцы Сцяпана Ігнацьевіча. У іх з Лідзіяй Юльянаўнай утульным доме пяцёра Ліліных і Васевых дзетак пачуваюць сябе надзвычай камфортна. Калі ад’язджаюць назад, бабуля з дзядулем крыху сумуюць. Але гэта добры сум. А вось успаміны пра сына Гену, які маладым загінуў па прычыне няшчаснага выпадку, і цяпер цяжкія і балючыя.
– Колькі гадоў ужо, як Вас абралі старастам? – пытаю ў Сцяпана Ігнацьевіча.
– Ды сем ужо, – адказвае.
Па ўсім відаць, грамадская нагрузка гэтаму 72-гадоваму чалавеку па сіле. Ніколі ён не сядзеў без справы, мае ажно 45 гадоў працоўнага стажу. Быў брыгадзірам, працаваў на складзе, завіхаўся ў кацельні, 14 гадоў вазіў малако… А ў хатнюю гаспадарку колькі сіл укладзена! І цяпер яшчэ кабылу трымае, ды парасяты ў хляве рохкаюць.
Жонка Лідзія Юльянаўна, хоць і не вельмі адабральна ставіцца да грамадскай “пасады” мужа, з якім пражыла 38 гадоў, але яго гаспадарлівасць і прыстойнасць цэніць на вышэйшы бал.
– Ой добры гаспадар! Каб жа ва ўсіх такія былі, не было б разводаў, – упэўнена Лідзія Юльянаўна. – Я яго нат на дзесяць чалавек не прамяняю!
Наведаўшы дом Чарнякоў, мімаходзь заўважылі і “сляды” клапатлівых жаночых рук: у пакоях – парадак, у верандзе  “даспявала” у слоіках квашаная капуста…
– Ліпу на падворку нядаўна зрэзалі. Дык унутр трухлявага пня кветкі пасадзіла, – паказала нам хатнюю “славутасць” жанчына.
У той дзень Сцяпан Ігнацьевіч правёў нас па вёсцы, пазнаёміў са старэйшым жыхаром Юльянам Паўлавічам Эльяшэвічам, якому днямі стукнула дзевяноста пяць. Мясцовы аксакал тут нарадзіўся, рос, стварыў сям’ю, працаваў. Уразіла – ён да драбніц памятае падзеі даўно мінулых гадоў. “У сорак трэцім мы будаваліся, – узгадвае Юльян Паўлавіч. – Дваццаць пудоў збожжа за гэту хату аддалі, 52 хвоі на яе прывезлі…”.
– Жызня была цяжкая, – уздыхае яго спадарожніца жыцця Марыя Аляксандраўна. – За газоўкай малацілі…
– З чатырнаццаці гадоў пайшоў поле араць, – дадае гаспадар дома. – Сям’я была вялікая – чатыры браты і тры сястры.
Амаль тры дзесяткі гадоў працаваў ён на ферме “Жданаўцы”. Удастоіўся звання “Заслужаны калгаснік калгаса “Чырвоны сцяг”, адзначаны медалём “За доблесную працу”.
Сын і дачка Эльяшэвічаў самі ўжо ў сталым узросце, жывуць асобна ад бацькоў. На лісточках іх родавага “дрэва” з’явіліся новыя імёны – пяці ўнукаў і шасці праўнукаў…
На развітанне Юльян Паўлавіч прызнаўся, што яшчэ ўчора хадзіў у лясок побач з вёскай – “думаў, знайду крыху грыбоў…” І мы пажадалі чарнякоўскаму доўгажыхару мацавацца, каб гэтак жа, на сваіх нагах, сустрэць і стогадовы юбілей.
Вельмі хацелася пабываць і ў іншых чарнякоўскіх дамах, пагутарыць з іх насельнікамі. Як заўсёды, не хапіла часу. А шкада. Менавіта жыхары такіх вось вёсачак як Чарнякі, дзе найменш гавораць пра перспектывы, а найбольш пра тое, што было і ёсць, – самы лепшы жыццёвы барометр. І менавіта на яго варта арыентавацца, каб вызначыць для сябе, што трэба цаніць, а што пустое і наноснае.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.