Дзе жывём – парадак навядзём | Дзяннiца

Дзе жывём – парадак навядзём

Версия для печатиВерсия для печати

Камісія па каардынацыі добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна падвяла вынікі конкурсу
Трэба сказаць, што членам камісіі не адразу ўдалося вызначыць лепшых. Шмат у раёне вёсак (і гэта асабліва прыемна), якія ў апошні час карэнным чынам змянілі сваё аблічча: будуюцца дамы, праводзіцца рэканструкцыя вуліц.
Пераможцай у першай групе (з насельніцтвам да 200 чалавек) выйшла вёска Гірдзеўка. Дарэчы, другі год запар! Тут з гравійна-пясчанай сумесі зроблены пад’езды да 8-мі жылых дамоў, знесены пустуючы дом, пабудавана 1,27 кіламетра сетак газаправода, добраўпарадкавана тэрыторыя, якая належыць РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства”, пасаджаны 20 дрэў, а летам усё патанала ў кветках. Радуюць вока абсталяваны прыпынак і новы аўтобусны павільён. Усяго ў добраўпарадкаванне вёскі ўкладзена 140,4 мільёна рублёў.
У другой групе (з насельніцтвам ад 200 да 500 чалавек) вызначылася вёска Галавічполе. Тут асвоілі 1316,5 мільёна рублёў. Новы выгляд набылі фасады 12 аднакватэрных жылых дамоў, зроблены пад’езды да іх, пабудаваны плот працягласцю 2,72 км., на стадыі завяршэння добраўпарадкаванне тэрыторыі Васілішкаўскага дома-інтэрната. У вёсцы знесены пустуючы дом, пабудаваны водаправод, каналізацыя і лініі электраперадач, прыведзена ў належны парадак тэрыторыя фермы.
У трэцяй групе (з насельніцтвам больш за 500 чалавек) лідарства за Васілішкамі, у інфраструктуру якіх толькі сёлета ўкладзена 3770,2 мільёна рублёў. Тут зроблены капітальны рамонт і добраўпарадкаванне вуліц Юбілейная, Камсамольская, Лідская, Набярэжная, пакладзена 36518 квадратных метраў асфальту. Вялікае значэнне надаецца азеляненню аграгарадка. Акрамя таго, у Васілішках пабудаваны 23 аднакватэрныя і адзін 12-ці кватэрны жылы дом.
Сярод гарадоў пераможцам выйшаў гарадскі пасёлак Астрына, дзе асвоена 3012,8 мільёна рублёў. У пасёлку добраўпарадкаваны і зроблена мадэрнізацыя вуліц Кірава, Міхалёва, 8 Сакавіка, Пушкіна, Шчучынская, пракладзены тратуары, адрамантаваны мост праз раку Астрынка, узведзена станцыя абезжалезвання вады. “Амаладзіўся” парк, вядзецца капітальны рамонт мясцовай бальніцы і інш.
Пераможцай сярод прадпрыемстваў і ўстаноў, якія на славу папрацавалі, выконваючы прынятую праграму да Года роднай зямлі, стала Шчучынскае РУП ЖКГ. Члены камісіі адзначылі таксама актыўную работу па добраўпарадкаванні, якую правёў індывідуальны прадпрымальнік У.А. Шушлякоў.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.