Дзевяць дзесяткаў бабулі Генавэфы | Дзяннiца

Дзевяць дзесяткаў бабулі Генавэфы

Версия для печатиВерсия для печати

Лепшыя пажаданні – бабулі-юбілярцы Генавэфе Станіславаўне НяцецкайМілая прыемная бабулька ўжо сустракала нас каля брамкі. Бадзёрая, рухавая, поўная жыццёвых сіл – зусім не верылася, што ёй споўнілася дзевяноста! Здавалася, яна выпраменьвае нейкае асаблівае святло, ад якога становіцца цёпла і спакойна на душы.
Павіншаваць з юбілеем Генавэфу Станіславаўну Няцецкую з Новага Двара завіталі загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназіравання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Анжаліна Расціславаўна Шпакоўская і галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КУСП “Саўгас “Навадворскі” Таццяна Уладзіміраўна Богдан.
За паўгадзіны размовы перад намі “праносіцца” усё жыццё Генавэфы Станіславаўны. Дваццаць гадоў таму не стала яе мужа, з якім выхавалі пяцярых дзяцей – трох сыноў і дзвюх дачок. У свой час мнагадзетная матуля атрымала званне і медаль “Маці-гераіня”. Цяпер бабуля радуецца сямі ўнукам і пяці праўнукам.
– Мы шмат працавалі, самі пабудавалі свой дом, – расказвае Генавэфа Станіславаўна. – І ніколі не апускалі рук.
Яна і цяпер не можа сядзець без работы. У хаце – чысціня і парадак. Самаробныя сурвэткі, вышытыя рукамі гаспадыні, надаюць асаблівую непаўторнасць і ўтульнасць інтэр’еру вясковай хаткі. З любоўю захоўваюцца сямейныя фотаздымкі – самая галоўная рэліквія. Ва ўсім дапамагае матулі сын Іван, які жыве разам.
Як мінімум 100 гадоў жыцця пажадалі мы Генавэфе Станіславаўне і паабяцалі абавязкова павіншаваць яе праз дзесяцігоддзе.
– Буду чакаць! – запэўніла бабулька.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.