Давайце пазнаёмімся... | Дзяннiца

Давайце пазнаёмімся...

Версия для печатиВерсия для печати

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі  Беларусь М.М.Бірукова у швейным цэху СП ААТ “Фэйшыон фэйс” у г.п. Астрына Як вядома, кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання па нашай выбарчай акрузе №60 зарэгістравана намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама М.М. Бірукова. На гэтым тыдні Марыя Міхайлаўна амаль штодня сустракалася  з жыхарамі Шчучынскага раёна, наведвала працоўныя калектывы і маленькія вёсачкі, школы і медыцынскія ўстановы, вытворчыя цэхі, фермы, Дамы культуры, куды збіралася багата людзей... Дэмбрава, Спуша, Завалкі, Стараўшчына, Астрына, Курылаўцы, Кобраўцы, Пескі, Нарашы, Шчучын... І, уявіце сабе, гэта яшчэ не ўся “геаграфія” сустрэч з патэнцыяльнымі выбаршчыкамі! Сапраўды, кандыдату Біруковай не займаць энергічнасці, дасціпнасці і даступнасці ў адносінах з простымі людзьмі, чыста чалавечага абаяння і жадання адстойваць інтарэсы свайго народа.
— Я не ўтойваю, што з’яўляюся прыхільніцай палітыкі А.Р.Лукашэнкі. Лічу, што Прэзідэнт, урад і парламент павінны працаваць у адным рэчышчы, а не быць лебедзем, ракам і шчупаком, якія цягнуць кожны ў свой бок, — пераканана Марыя Міхайлаўна. – Нам важна захаваць дасягнутую стабільнасць і распрацаваць мудрыя і дальнабачныя законы, якія б дапамагалі нашым людзям жыць у згодзе і дабрабыце, павышаючы з году ў год якасць жыцця.

...На сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на новым прадпрыемстве “Фэйшыон фэйс” (“Твар моды”), якое сёлета адкрылася ў г.п.Астрына за кошт прыцягнення замежных інвестыцый і ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця малых гарадоў, прысутнічалі не толькі швеі, але і медыкі. Балазе, мясцовая бальніца знаходзіцца па суседству. Размова атрымалася добразычлівай і зацікаўленай. Вельмі многія з прысутных былі шчыра перакананы, што інтарэсы жанчын – маці, працаўніц павінны адстойваць у парламенце менавіта дэпутаты-жанчыны. Таму многія з прысутных яшчэ падчас збору подпісаў па вылучэнню кандыдата выказалі сваю падтрымку Марыі Міхайлаўне, за што яна і  падзякавала астрынчанам. Пацікавілася, як ім працуецца, як дабіраюцца на работу на ўскраек мястэчка, якія надзённыя праблемы іх непакояць.
Трэба сказаць, дыялог быў надзвычай ажыўлены. Сацыяльная сфера, якую курыруе намеснік старшыні аблвыканкама М.М.Бірукова, уключае ў сябе 14 накірункаў, і ўсе яны, што называецца, ад жыцця. Марыя Міхайлаўна расказала пра тую вялікую работу, што праводзіцца на Гродзеншчыне, каб узняць на еўрапейскі ўзровень нашу медыцыну, як чалавечымі жыццямі акупляюцца тыя вялікія крэдыты, што бяруцца на перааснашчэнне аперацыйных блокаў, паліклінік, бальніц, радзільных дамоў. Усё гэта было падмацавана канкрэтнымі прыкладамі, адрасамі, лічбамі.
Астрынскія медыкі ўзнялі актуальную для мястэчка праблему: не затрымліваюцца ў пасёлку маладыя ўрачы, бо не будуецца для іх жыллё. Па гэтай жа прычыне з’язджае на пошукі “гарадскога шчасця” і астрынская моладзь.
Марыя Міхайлаўна патлумачыла, што праблема будзе вырашацца ў самы бліжэйшы час. Ужо падпісаны пакет дакументаў, якія дазволяць засяляць так званыя “прэзідэнцкія домікі” не толькі спецыялістамі сельскай гаспадаркі, але і сацыяльнай сферы – настаўнікамі, медыкамі, культасветработнікамі... А старшыня Астрынскага пассавета М.С.Цагельнік, ён жа давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Біруковай, патлумачыў: ёсць магчымасць сфарміраваць у пасёлку жыллёва-будаўнічы кааператыў пры ўмове наяўнасці хаця б дзесятка жадаючых. Дарэчы, М.М.Бірукова падкрэслівала, што ў сваёй перадвыбарнай праграме яна выступае за даступнае жыллё для кожнай сям’і.
Астрына – пасёлак спецыфічны. Тут больш за 20 сямей узялі да сябе прыёмных дзетак-сірот. Толькі ў СП ААТ “Фэйшыон фэйс” тры працаўніцы сталі мамамі для калісьці чужых дзяцей. Да прыкладу, старшы майстар С.К.Брыкач не толькі сваіх траіх “кравіначак” выхавала, але і яшчэ пра траіх прыёмных клапоціцца.
— На ўласным прыкладзе ўпэўнілася, як патрэбен прадуманы закон аб прыёмнай сям’і, — звярнулася Святлана Канстанцінаўна да М.М.Біруковай. – Паўстае шмат пытанняў і недарэчнасцей, калі прыёмныя бацькі афармляюць водпуск, ды і ў іншых сітуацыях акцэнты павінна расставіць юрыспрудэнцыя...
Марыя Міхайлаўна пагадзілася з гэтым і выказала шчырыя словы ўдзячнасці тым жанчынам, якія ўзялі на выхаванне чужых дзяцей, расказала аб праграме будаўніцтва ў вобласці дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Але самае галоўнае, па словах М.М.Біруковай, мы павінны ўсёй талакою змагацца супраць асацыяльных з’яў у грамадстве, ратаваць сем’і ад п’янства, умець жорстка спытаць з тых, хто здрадзіў уласным дзецям, памяняўшы іх спакой на бутэльку.
Мнагадзетная мама Дар’я Краеўская, работа якой часта прыпадае на другую змену, звярнулася да М.М.Біруковай з просьбай дапамагчы арганізаваць у мясцовым дзіцячым садку групы падоўжанага дня і групы-пяцідзёнкі. За гэта былі б удзячны многія з астрынчанак, працуючых у самых розных сферах. І на гэту просьбу ў намесніка старшыні аблвыканкама не было адмовы. Наогул, Марыя Міхайлаўна Бірукова з кагорты тых людзей, якія чужую бяду, чужую праблему прапускаюць праз уласнае сэрца і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу іншым. Гэта не раз пацвярджала само жыццё.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.