ГРЫПУ - не паддавацца! | Дзяннiца

ГРЫПУ - не паддавацца!

Версия для печатиВерсия для печати

Як распаўсюджваецца грып
Асноўным шляхам распаўсюджання вірусаў грыпу ад чалавека да чалавека лічыцца паветрана-кропельны. Заразіцца можна пры кашлі і чханні інфіцыраванага чалавека. Вірусы грыпу распаўсюджваюцца і кантактна-бытавым шляхам у тых выпадках, калі здаровы чалавек дакранецца да слізістых выдзяленняў хворага чалавека, а затым дакранецца да свайго цела, не памыўшы рук.
Як праяўляецца грып
У тыпічных выпадках хвароба пачынаецца раптоўна: павышаецца тэмпература да 38-40 градусаў, паяўляюцца дрыжыкі, моцны галаўны боль, галавакружэнне, боль у вочных яблыках і мышцах, слёзатачывасць і рэзь у вачах.
Як абараніць сябе і акружаючых ад захворвання
* Пры чханні і кашлі прыкрывайце рот і нос аднаразовай насавой хусцінкай.
* Рэгулярна мыйце рукі з мылам.
* Не дакранайцеся да носа, рота, вачэй нямытымі рукамі.
* Калі ў вас сімптомы грыпу – трымайцеся на адлегласці не менш за метр ад людзей.
* Пазбягайце абдымкаў, пацалункаў, рукапацісканняў.
* Пазбягайце месцаў, дзе збіраецца вялікая колькасць людзей.
* Пры з’яўленні сімптомаў грыпу тэрмінова звяртайцеся да доктара.
Як не захварэць
Рацыянальна харчуйцеся. Для стымуляцыі ахоўных сіл арганізма неабходны вітаміны С і В. Вітаміна С многа ў цытрусавых, ківі, салодкім перцы, у іншай садавіне і гародніне. Вітамін В утрымліваецца ў мясе, рыбе, яйках і зерневых. Вельмі багатыя на вітаміны піўныя дрожджы, крыніца вітамінаў – марская капуста. Зніжае імунітэт салодкая і тлустая ежа.
Не перагравайце свой дом. Аптымальная тэмпература для жылога памяшкання – 20 градусаў. Важна рэгулярна праветрываць усе памяшканні і праводзіць вільготную ўборку.
Правільна адзявайцеся. У вельмі халодную пагоду рэкамендуецца закрываць нос і рот шалікам, таму што пры ўдыханні ледзянога паветра тэмпература дыхальных шляхоў паніжаецца да 30 градусаў і актыўнасць імуннай сістэмы рэзка падае.
Часцей мыйце рукі. Вірусы, якія выклікаюць прастудныя захворванні, вельмі небяспечныя і заразныя. Яны жывуць на паверхні прадметаў гадзінамі і здольныя перадавацца праз рукі. Дастаткова паднесці брудную руку да носа і ўдыхнуць, каб вірус трапіў у ваш арганізм.
Дапамажыце сваёй імуннай сістэме. З упэўненасцю можна сказаць, што эхінацэя здольная павышаць супраціўляльнасць арганізма прастудным захворванням. З пачаткам халоднага надвор’я рэкамендуецца прымаць эхінацэю на працягу 10 дзён кожны месяц. З пачаткам эпідэміі грыпу – на працягу 20 дзён штомесячна.
Не забывайце пра адпачынак. Стомлены і аслаблены арганізм не так паспяхова супраціўляецца захворванням. Таму больш адпачывайце, больш спіце, гуляйце на свежым паветры і пазбягайце стрэсаў.
Калі вы ўсё ж захварэлі – не займайцеся самалячэннем, адразу выклікайце доктара. І не рвіцеся на работу! Вірус любіць, каб яго вылежалі.
Будзьце здаровы!   
Падрыхтавана паводле інфармацыі Шчучынскага ЗЦГіЭ.