Глеба… пад рукамI | Дзяннiца

Глеба… пад рукамI

Версия для печатиВерсия для печати

Г.Ф. Дубок за новым прыборамЗ 1975 года працуе ва ўнітарным камунальным праектна-вышуковым прадпрыемстве “Гроднааблаграхімізацыя” Галіна Францаўна Дубок. Пачынала працоўны шлях глебазнаўцам. Аб’ездзіла амаль усе палеткі Гродзенскай вобласці, брала ўзоры глебы для правядзення  аграхімічнага аналізу. Старанную і энергічную жанчыну адразу заўважылі, і таму яна хутка падымалася па службовай лесвіцы. Праўда, быў перапынак, калі разам з мужам, ваенным афіцэрам, некалькі год пражыла за мяжой. Аднак, калі вярнулася, калектыў зноў прыняў яе.
Сёння Галіна Францаўна — намеснік начальніка аналітычнага аддзела. Пад яе кіраўніцтвам 11 чалавек. За год яны апрацоўваюць 27 тысяч узораў глебы. А гэта – 150 тысяч розных аграхімічных аналізаў. І да кожнага трэба адносіцца скрупулёзна, быць вельмі акуратным. У выніку такой напружанай работы складваецца праўдзівая карціна стану палеткаў вобласці, на якіх вырошчваюцца розныя сельскагаспадарчыя культуры. І будучы ўраджай, можна сказаць, фарміруецца менавіта ў тутэйшай лабараторыі.
Строгая, але справядлівая, уніклівая да дробязі і добразычлівая... Менавіта так адзываюцца аб ёй супрацоўнікі.
— Адна я не магу нічога зрабіць, — гаворыць жанчына. – Вось усе разам, калектывам, мы сапраўды варочаем горы. Толькі ў нас спецыфічная работа: ад кожнага патрабуецца штодзённая акуратнасць і дысцыпліна на сваім месцы. Інакш проста немагчыма.
Асаблівая гордасць спецыяліста — новы атамна-абсарбцыйны спектрафатометр novAA 300, які можа вызначыць цяжкія металы не толькі ў глебе, але і ў раслінах,  рэчывах. Ён каштуе вельмі вялікіх грошай – 116 мільёнаў беларускіх рублёў. А набыты гэты прыбор дзякуючы дапамозе старшыні аблвыканкама У.Я. Саўчанкі.
У час нашай размовы я даведаўся, што Галіна Францаўна Дубок цікавіцца мастацтвам, спрабуе і сама маляваць, стварае з прыродных матэрыялаў розныя кампазіцыі. Дарэчы, некалькі такіх кампазіцый упрыгожваюць сцены лабараторыі.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.