Выкананне прагнозных паказчыкаў – патрабаванне часу | Дзяннiца

Выкананне прагнозных паказчыкаў – патрабаванне часу

Версия для печатиВерсия для печати

У час праверкі на адной з ферм СВК “Орля”Прайшло крыху больш за месяц, як грамадскі статак пераведзены на зімовае ўтрыманне. Вытворчасць малака і мяса выклікае трывогу ў спецыялістаў, бо за гэты перыяд не атрымана плануемай прыбаўкі. У чым жа справа? Што перашкаджае жывёлаводам працаваць рэзультатыўна. На гэтыя пытанні і шукалі адказы спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання разам з членамі райвыканкама, спецыялістамі масласырзавода і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, арганізаваўшы своеасаблівыя рэйды-праверкі ходу зімоўкі жывёлы.
Члены створаных камісій пабывалі літаральна на кожнай ферме. Добра падрыхтаваліся да зімоўкі ў ААТ “Васілішкі”, СВК “Дэмбрава”, “Шчучынаграпрадукт”, СВУ “Пратасаўшчына”. Кармленне буйной рагатай жывёлы праводзіцца па рацыёнах, якія распрацаваны  камп’ютарнай праграмай. Якасць кармоў высокая, а іх збалансаванасць адпавядае ўсім патрабаванням. Як вынік — вытворчасць мяса і малака ў гэтых гаспадарках з кожным днём павялічваецца.
Чаго нельга сказаць пра саўгас “Вялікае Мажэйкава”, дзе на ферме “Агароднікі” надойваюць усяго па 12 кілаграмаў малака ад каровы хоць ёсць усё неабходнае для значна большых паказчыкаў. Значыць прысутнічае кадравая праблема: на ферме няма згуртаванага калектыву, паслаблены кантроль з боку спецыялістаў. Канешне, пасля аб’яднання гаспадаркі з эксперыментальнай базай “Усход” у саўгасе з’явілася шмат дадатковых праблем. Так, на ферме “Тумашаўцы” зараз увогуле няма пастаянных даярак. Кожны дзень жывёлу абслугоўваюць розныя людзі. Гэта, як вядома, на карысць справе не ідзе.
... Даехаць да фермы “Лагады” эксперыментальнай базы “Руткевічы” праблематычна: дарога разбітая ўшчэнт. Адразу кідаецца ў вочы, што неабходны рамонт у малочным блоку. У астатнім – умовы працы здавальняючыя. Кармы назапашаны, а значыць і надоі змяншацца не павінны.
У саўгасе “Першамайск-агра” створаны нядрэнныя ўмовы для зімоўкі жывёлы на ўсіх фермах. Аднак, калі на ферме “Першамайская” гэтыя плюсы выкарыстоўваюць спаўна і надойваюць па 16,7 кілаграма малака ад рагулі, то на ўсіх астатніх фермах надоі ледзь дасягаюць 10 кілаграмаў. Прычына – чалавечы фактар. Іншы раз дастаткова толькі глянуць на жывёлу, убачыць, якая яна чыстая ды сытая, каб прыйсці да высновы: адносіны тут да ўсяго гаспадарскія.
Агульнай праблемай многіх старых ферм, як адзначалі члены камісій, застаецца адсутнасць парадку на выгульных пляцоўках. Там, дзе няма асфальтавага ці бетоннага пакрыцця, жывёла знаходзіцца па калені ў гноі, які, дарэчы, і вывозіцца нерэгулярна.
Асабліва непрыглядную карціну ўбачылі члены камісіі, пабываўшы ў СВК “Орля”. На многіх малочнатаварных фермах і фермах па адкорме жывёлы кармы нізкай якасці. Сярэднясутачныя прывагі за месяц зменшыліся на палову. А надой малака ўвогуле складае крыху больш за 8 кілаграмаў. Не ўсюды да канца праведзены рамонт памяшканняў, не вывозіцца месяцамі гной, адсутнічаюць сродкі для мыцця даільнага абсталявання. Іншы раз тут не выконваюць элементарных тэхналагічных патрабаванняў, абыякава адносяцца да справы. Нават дробязныя пытанні, напрыклад, збіць карытцы для солі і мелу, не вырашаюцца месяцамі. А набытыя вёдры для паення маленькіх цялят да гэтага часу не павешаны ў загарадках. Словам, няма тут сапраўдных гаспадароў.
У час падвядзення вынікаў праверкі работы ферм у зімовы перыяд старшыня райвыканкама С.І. Ушкевіч паставіў пытанне рубам – справы ў жывёлагадоўлі СВК “Орля” будуць ўзяты пад асаблівы кантроль. А ў тых гаспадарках, дзе таксама выяўлены недахопы, вызначаны канкрэтныя тэрміны на іх ухіленне.
— Надоі малака і прывагі жывёлы ні ў якім разе не павінны змяншацца, — зазначыў старшыня райвыканкама С.І. Ушкевіч. – Іншы раз не патрабуецца і новых тэхналогій — дастаткова проста навесці парадак, пракантраляваць работнікаў. Жывёлагадоўля не церпіць абыякавых адносін. Прагнозныя паказчыкі росту валавой прадукцыі павінны быць выкананы.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Дарэчы
Цяпер у СВК “Шчучынаграпрадукт” надойваюць у дзень ад каровы па 16,7 кілаграма малака і плюсуюць у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 1,3 кілаграма. Больш за 13 кілаграмаў малака ў дзень надойваюць ад каровы ў СВК “Дэмбрава”, ААТ “Васілішкі” і СВУ “Пратасаўшчына”. Тут таксама добрыя прыбаўкі. Ёсць з каго браць прыклад і на каго раўняцца іншым гаспадаркам.