Вось дык пашанцавала! | Дзяннiца

Вось дык пашанцавала!

Версия для печатиВерсия для печати

З некаторага часу рыбная лоўля стала для жыхаркі вёскі Новы Двор Святланы Яўгенаўны Касцевіч любімым заняткам.
А калі дакладней, то Святлана Яўгенаўна стала заўзятай рыбачкай, калі пайшла на заслужаны адпачынак. Яна і раней любіла пасядзець з вудачкай на беражку возера, балазе, яно недалёка ад дома, але часу не хапала. Святлана Яўгенаўна працавала настаўніцай пачатковых класаў, зразумела, што да ўрокаў трэба было рыхтавацца дома: сшыткі правяраць, планы пісаць, рыхтавацца да класных гадзін і г.д. А цяпер вольнага часу многа, дык чаму ж не прысвяціць яго любімаму захапленню?!
А ў рыбнай справе жанчына ведае толк, таму і шанцуе ёй. Бывае, не паспявае выцягваць рыбу, ды не малую. Падзівіцца на багаты ўлоў іншы раз прыходзяць і мясцовыя рыбакі – мужчыны і заезджыя аматары рыбнай лоўлі: недалёка праходзіць шаша Гродна – Вільнюс, дык вадзіцелі часам спыняюцца, знаёмяцца з рыбачкай, хочуць, каб яна падзялілася сакрэтам сваёй удачы. А Святлана Яўгенаўна загадкава ўсміхаецца і паказвае чарговы ўлоў і свае прылады – вуду або спінінг.
Вось гэты карп, што вы бачыце на здымку, важыць 7 кілаграмаў 300 грамаў, а даўжыня яго 64 сантыметры. Сапраўдны велікан, жанчына яго ледзь выцягнула. Вельмі парадавала сваіх родных такім трафеем, асабліва ўнучку Дзіну, яна побач з бабуляй на фатаграфіі.
Святлана Яўгенаўна не толькі выдатная рыбачка, але і адмысловая траўніца. Яе агарод выдзяляецца ад іншых у вёсцы: увесь травамі засеяны. Жанчына ведае, якая расліна ад якой хваробы дапамагае. Яна вядзе перапіску з газетай “Народны доктар”, па просьбе высылае насенне. Яе жаданне дапамагчы людзі вельмі цэняць.
Святлана Яўгенаўна ўпэўнена, што кожны перыяд жыцця дорыць чалавеку радасць, ён непаўторны. Толькі трэба гэта зразумець. Нават калі вы ўжо не працуеце, развіталіся з калектывам, які стаў для вас родным, не трэба адчайвацца, сумаваць, упадаць у дэпрэсію. Займіцеся любімай справай, для якой раней не хапала часу. Больш увагі ўдзяліце сваім родным. І кожны ваш дзень будзе шчаслівым.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.