Веліч і моц старажытнага храма | Дзяннiца

Веліч і моц старажытнага храма

Версия для печатиВерсия для печати

Да гэтага цуда нельга прывыкнуць. Кожны раз, калі бываеш у Мураванцы, дух  перахапляе ад зачаравання старажытным храмам – шыкоўным падарункам, што застаўся нам ад нашых продкаў. Велічныя вежы з байніцамі, якія памятаюць ліхія часы, двухметровыя сцены, што давалі надзейны прытулак мясцоваму люду падчас варожых набегаў, таямнічыя лабірынты і хады, якія і сёння абуджаюць адрэналін у адчайных турыстаў, эстэтыка цэглы з рамантычнай назвай “царская лілея” – менавіта такой выкладзены скляпенні царквы, што іншы раз нагадвае замак... Ды хіба перадасі ў словах тое, што трэба бачыць, чым трэба захапляцца і што будзе абавязкова сніцца, калі нарэшце адбудзецца гэта знакавае спатканне. Бо Мураванка абавязкова забярэ ў вас кавалачак вашага сэрца, калі яно адкрыта на дабрыню, святасць і прыгажосць, а ўзамен падорыць пачуцці непаўторныя і незабыўныя.
Настаяцель Свята-Раства-Багародзічнай царквы  айцец Міхаіл Лойка— Сапраўды, наша Маламажэйкаўская царква, а папросту Мураванка – адна з самых старажытных на Беларусі, можна сказаць, родная сястра Сынкавіцкага храма,  — з гонарам канстатуе мясцовая жыхарка Алена Аляксандраўна Рудзінская, якая не толькі адданая прыхаджанка, а яшчэ і экскурсавод, так бы мовіць, на грамадскіх пачатках. – Прыемна, што ў апошні час інтарэс сучаснікаў да святыні толькі памнажаецца. Людзі ў выхадныя дні і падчас водпускаў сем’ямі адпраўляюцца ў вандроўкі, — расказвае Алена Аляксандраўна, чый кантактны тэлефон можна ўбачыць прама на дзвярах храма, а лёгкая на пад’ём энтузіястка гатова шчодра падзяліцца з падарожнікамі сваімі ведамі, усё паказаць і расказаць. – Сёлета ў нас былі госці не толькі з усіх куточкаў Беларусі, але і з Масквы ды Санкт-Пецярбурга, з гарадоў Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны і нават Германіі.
— Мы насамрэч вельмі рады ўсім, каго цікавіць старажытная гісторыя нашага храма, — сцвярджае настаяцель Свята-Раства-Багародзічнай царквы святар Міхаіл Лойка. – Спадзяемся, што гэта ўнікальная царква-крэпасць – помнік абарончага дойлідства гатычна-рэнесанснага стылю, неўзабаве будзе ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, і знойдуцца сродкі на рэканструкцыю. Мы мяркуем правесці  раскопкі на тэрыторыі царквы. У навуковых працах існуе шмат недасказанага і нават супярэчлівага. Нашым сучаснікам вельмі многае яшчэ трэба даследаваць і вывучаць...
А.А. Рудзінская: “Такой цэглай пад назвай “царская лілея”, што сімвалізуе чысціню і нявіннасць, выкладзены скляпенні храма”Сапраўды, нават нельга адназначна сказаць, калі быў узведзены гэты сярэдневяковы храм-цытадэль: дыяпазон вагаецца з 1407 па 1524 год, аднак архітэктурныя нюансы сведчаць, што збудаванне ўсё ж варта аднесці да першай паловы 16 стагоддзя.
— А ведаеце, вы зараз стаіце акурат на люку, узняўшы які можна трапіць у склеп, — адкрывае нам таямніцы Алена Рудзінская. — Дык вось у гэтым самым склепе быў знойдзены надмагільны камень з датамі, па якіх можна меркаваць, што наша царква  яшчэ больш старажытная, чым лічаць сучаснікі. Існуюць легенды пра тое, як наша Мураванка звязана з імёнамі князёў Ягайлы і Вітаўта. А ў летапісе Льва Савіцкага таксама ўказваецца, што царква Мураванка пабудавана акурат 10 мая 1407 года. Значыць не 16-е, а 15-е стагоддзе! Тут вельмі шмат загадак, якія, думаю, будуць абавязкова  разгаданы. Галоўнае – зацікаўленасць нашчадкаў!
...Сёння Маламажэйкаўская царква мае каля тысячы прыхаджан. Побач са старажытнымі святынямі на сцяне я заўважыла ўпаўне сучасны дыплом, падпісаны Уладыкам Арцеміям, якім быў узнагароджаны ансамбль Свята-Раства-Багародзічнай царквы за ўдзел у фестывалі праваслаўных спеваў. Пашчасціла пазнаёміцца і з некаторымі ўдзельніцамі царкоўнага хору. Таццяна Квач і Святлана Трусіла з задавальненнем расказалі, як ім і іншым прадстаўнікам маладога пакалення перадаюць свой багаты хрысціянскі досвед мясцовыя бабулі Капіталіна Іванаўна Сямашка і Ніна Канстанцінаўна Пуцко, як у царкву прыходзяць маладыя, таленавітыя людзі, што добра ведаюць нотную грамату, як арганізоўваецца нядзельная школа, а сыны некаторых прыхаджанак ідуць вучыцца ў Жыровіцкую духоўную семінарыю. Дарэчы, сын Капіталіны Іванаўны – вядомы многім шчучынцам айцец Сергій Сямашка. А малодшы сын Алены Аляксандраўны Рудзінскай, закончыўшы Гродзенскі ўніверсітэт, працягвае вучобу ў духоўнай семінарыі.
— Мясціны ў нас такія – вякамі намоленыя, — гавораць тутэйшыя, — духоўнае адраджэнне для нас не проста высокія словы.
Дарэчы, у Скрыбаўскай школе, якая месціцца зусім недалёка ад царквы, працуе краязнаўчы гурток пад кіраўніцтвам Ірыны Здзіславаўны Васько. Юныя энтузіясты працягваюць свае даследаванні і гатовы таксама ўпісаць свой слаўны радок у гісторыю роднага краю.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Алы БІБІКАВАЙ.

З дасье царквы Мураванкі
Маламажэйкаўская царква знаходзіцца за 86 км ад Гродна і менш чым за 30 км ад Ліды, непадалёку міжнароднай аўтастрады Гродна-Мінск-Масква. Побач пралягае Благое-Сядлецкая чыгунка – адна з найстарэйшых на Беларусі. Царква ўзведзена каля 500 год таму. Сцены храма пабудаваны ў тэхніцы гатычнай муроўкі з моцнай абпаленай цэглы-пальчаткі. Таўшчыня сцен дасягае двух метраў, а таўшчыня падмуркаў, складзеных з неапрацаваных валуноў, перавышае 2,5 метра. Па кутах храма ўзвышаюцца чатыры вежы са шматузроўневай сістэмай байніц. Да 1817 года ў царкве быў тайны ход у сценах вакол усяго будынка, існавалі тайнікі, пад цэрквай знаходзіліся два склепы, а галоўны ўваход у храм быў аснашчаны цяжкімі жалезнымі кратамі, якія апускаліся на ланцугах з нішы над уваходам.
* * *
Першыя звесткі пра існаванне царквы ў в.Мураванка адносяцца да 1407 г., а сучасная царква была пабудавана на сродкі віленскага падканюшага Шымко Мацкевіча Шкленскага. У 1524-1554 г.г. заснавальнік царквы зрабіў на яе карысць вялікія ахвяраванні грашыма і каштоўнасцямі. Паводле падання, загадаў сагнаць сялян на межы царкоўных уладанняў і жорстка адлупцаваць усіх – ад малога да старога, каб мужыкі “спінамі запомнілі” царкоўную зямлю і ніколі не спакушаліся на яе. Нашчадкі і сваякі Мацкевіча – Сапегі, Завішы, Юндзіловічы – таксама не скупіліся на шчодрыя ахвяраванні, таму ў 1612 годзе царква-Мураванка лічылася адной з самых багатых на Беларусі.
* * *
Нападзенням і разбурэнням храм-цытадэль падвяргаўся пастаянна. Да прыкладу, у 17 стагоддзі на Мураванку напалі казакі Багдана Хмяльніцкага. А падчас Паўночнай вайны храм трапіў пад гарматны абстрэл Карла ХІІ і ў пашкоджаным стане стаяў да пачатку 19 ст.
* * *
У 17-18 стагоддзях у выніку войнаў і грабяжоў Мураванка страціла большасць сваёй зямлі і перайшла да ўніятаў. У 19-м стагоддзі храм зноў пачынае дзейнічаць як праваслаўны, а ў 1924-1948 г.г. 20 стагоддзя аказваецца ў рымска-каталіцкім уладанні. У савецкія часы ваяўнічага атэізму ўнікальную царкву ператварылі ў зернесклад, а адрадзілі толькі ў 1988 годзе. Ля вытокаў аднаўлення Мураванкі напрыканцы 20 стагоддзя стаяў святар Анатоль Няробаў.
* * *
У 2005 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” наш зямляк Славамір Антановіч выпусціў кнігу-раман “Прывіды Мажэйкаўскай крэпасці”, дзе галоўнаму герою – нашаму з вамі сучасніку – не даюць спакою таямніцы і скарбы авеянай легендамі царквы Мураванкі.