ВЕЛАСІПЕД ЗАМЕСТ ЛІМУЗІНА, КРАСОЎКІ – ЗАМЕСТ ШПІЛЕК | Дзяннiца

ВЕЛАСІПЕД ЗАМЕСТ ЛІМУЗІНА, КРАСОЎКІ – ЗАМЕСТ ШПІЛЕК

Версия для печатиВерсия для печати

5 верасня ў Мінску адбылося першае на Беларусі веласіпеднае вяселле. Жаніх – ураджэнец Шчучына Павел Лісоўскі, яго выбранніца Марына Шахава, бацькі маладажонаў і ўсе госці прыехалі ў ЗАГС Савецкага раёна на веласіпедах…
Марына і Павел пазнаёміліся некалькі год таму на інтэрнэт-форуме “Паехалі” і неўзабаве сустрэліся ў велапаходзе. Любоў да веласіпедных падарожжаў, прага адкрыццяў і аптымістычны погляд на жыццё аб’ядналі гэтых двух яркіх неардынарных людзей. Потым былі шматлікія “пакатушкі”, веласпаборніцтвы, мульцігонкі і разуменне таго, што яны не могуць жыць адзін без другога. Як, дарэчы, і без веласіпедаў, дарог, велатурызму…
…Пад марш Мендэльсона, у суправаджэнні шматлікіх гасцей-аматараў велаэкстрыму ды прадстаўнікоў мас-медыа, жаніх і нявеста ў велакасцюмах увайшлі ў ЗАГС. Узрушаныя і шчаслівыя, яны, як заведзена, вымавілі “так!” і абмяняліся пярсцёнкамі. Пасля ўрачыстай рэгістрацыі Павел на прыступках падхапіў нявесту на рукі і пасадзіў на байк. Пад авацыі сабраўшыхся закаханыя выканалі велавальс.
А потым вясельны эскорт з упрыгожаных веласіпедаў у суправаджэнні аўтамабіля ДАІ праімчаўся па вуліцах сталіцы да кінатэатра “Кастрычнік”. Мінчане здзіўлена глядзелі ўслед       удзельнікам неардынарнага вяселля (нават фатограф імчаўся на двух колах, паспяваючы пры гэтым рабіць цудоўныя здымкі). Усклаўшы кветкі да скульптуры веласіпедыста-паштальёна, маладажоны накіраваліся не ў рэстаран, а ў…лес, дзе на цудоўнай паляне ля возера Мядзведавае быў разбіты палатачны гарадок і накрыты сталы. Бацькі сустрэлі дзяцей хлебам-соллю.
Вясельная праграма доўжылася да золку. Крос-кантры біятлон, фігурнае ваджэнне і іншыя спартыўныя конкурсы ў стылі лепшых традыцый беларускіх мультыгонак выклікалі шмат радасці, непадробных эмоцый. Каманды сваякоў і сяброў сапернічалі паміж сабой, мацнейшым, як заведзена, уручаліся медалі і арыгінальныя прызы. Усе – ад малога да пенсіянера – удзельнічалі ў вясёлых спаборніцтвах.
- Мы “хварэем” веласіпедамі даўно, таму іншых варыянтаў вяселля нават не разглядалі, - расказаў нам Павел Лісоўскі па тэлефоне прама падчас вяселля. – Гэта нават не хобі, а стыль нашага жыцця! Мы не ўяўляем сябе без веласіпедаў, ездзім на іх на працу, па справах, у падарожжы. І нават жывем у кватэры, дзе на пяць чалавек – восем веласіпедаў. Вельмі любім лес, паходы, размовы ля кастра…
Прагай да падарожжаў жаніх абавязаны сваім бацькам – Алене Яўгенаўне і Віктару Барысавічу Лісоўскім (абодва педагогі, працуюць у дзяржаўнай гімназіі г. Шчучына –заўвага аўтара). Гэта яны, зацятыя турысты, бралі першынца ва ўсе свае вандроўкі і адкрывалі яму свет, вучылі пераадольваць цяжкасці і перамагаць слабасці. Першы свой сур’ёзны 130-кіламетровы паход Павел здзейсніў з бацькамі ў чатырохгадовым узросце. Потым было мноства незабыўных паходаў па краіне, Каўказу, Крыму, узыходжанне ў Татры, Карпаты, Хібіны. Там загартоўваўся характар. Таму з выбарам прафессіі не вагаўся: скончыў геафак БДУ па спецыяльнасці “геалогія” і свой дваццаць першы дзень нараджэння сустрэў на вяршыне Эльбруса!
Марына – інжынер-праграміст па спецыяльнасці – захапілася велатурызмам у студэнцтве і ўжо больш за пяць гадоў жыве гэтай “рэлігіяй”.
Шлюбную ноч маладажоны правялі ў стыльнай палатцы, падоранай сябрамі. Гэтымі днямі яны адпраўляюцца ў вясельнае падарожжа. Іх чакаюць пятнаццаць шчаслівых дзён і начэй у велапаходзе ў Арменіі і Нагорным Карабаху, больш за тысячу кіламетраў дарог, непаўторныя асеннія золкі і захады, новыя эмоцыі і пачуцці.
Мы спадзяемся, што добры прыклад нашага земляка Паўла Лісоўскага, накіраваны на здаровы лад жыцця, актыўны адпачынак, уменне ў самых простых рэчах знаходзіць задавальненне, падхопяць і іншыя шчучынцы. Ну, каму не слаба?!
Ала БІБІКАВА.
Фота з архіву сям’і Лісоўскіх.