Бацькі павінны самі ўтрымліваць сваіх дзяцей | Дзяннiца

Бацькі павінны самі ўтрымліваць сваіх дзяцей

Версия для печатиВерсия для печати

Чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” прайшло ў Шчучынскім райвыканкаме.
 – Неабходнасць правядзення гэтага пасяджэння абумоўлена тым, што нягледзячы на цеснае ўзаемадзеянне службаў і арганізацый, дзяржаўных органаў, праблемы па рэалізацыі Дэкрэта ў нашым раёне ўсё ж застаюцца, – пачаў размову старшыня каардынацыйнага савета І.Ю. Сакалоўскі. – Не ў поўным аб’ёме абавязаныя асобы вяртаюць дзяржаве сродкі, што затрачваюцца на ўтрыманне іх дзяцей. Мы павінны высветліць прычыну гэтай з’явы, прыняць меры для яе выкаранення і распрацаваць такі механізм работы ў гэтым накірунку, які не будзе даваць збояў.
У Шчучынскім раёне 88 гора-бацькоў, якія павінны плаціць дзяржаве за ўтрыманне іх дзяцей. Менш палавіны – толькі 46 працэнтаў рэгулярна ўносяць патрэбную суму.   Многія суб’екты гаспадарання, у штаце якіх лічацца  абавязаныя асобы, прадстаўляюць недакладную інфармацыю аб колькасці дзён, адпрацаваных так званымі татамі і матулямі. Гэта ААТ “Васілішкі”, СВК “Дэмбрава”, КСУП “Саўгас “Першамайск-агра”, РУСП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава”, СВУ “Пратасаўшчына”, СВК “Астрына”.  Прычыны прагулаў агульнавядомыя – п’янства і нежаданне працаваць. Здараецца, даўжнікі выходзяць на работу на гадзіну-другую, і то толькі пасля ўшчування прадстаўнікоў адміністрацыі і замацаваных за прагульшчыкамі асоб. Адкуль жа ў такім выпадку можа з’явіцца дастойная зарплата, каб аплаціць даўгі дзяржаве?
Тым не менш пастаяннае месца работы на сённяшні дзень ёсць ва ўсіх абавязаных асоб. Такую інфармацыю прадставіў намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі В.Р. Мікалайчык.
Працуюць і тыя, на каго накладзены адміністрацыйны арышт за прагулы. Для іх знаходзяць вакансіі ў РУП ЖКГ і ДКУП “ЖЭС” Шчучынскага раёна.
– У арганізацыі працоўнай дзейнасці абавязаных асоб і кантролі іх выхаду на работу мы вельмі разлічваем на органы правапарадку, – сказаў І.Ю. Сакалоўскі. –  Прымусім працаваць гора-бацькоў – пачнём атрымліваць грашовыя паступленні. Толькі так будзе бачны вынік ад нашай дзейнасці.
Не павінны аслабляць сваю дзейнасць службы, на якіх ускладаецца адказнасць за выяўленне дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На гэтым акцэнтаваў увагу І.Ю. Сакалоўскі. У першую чаргу гэта ўстановы адукацыі, аховы здароўя, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзел унутраных спраў і іншыя.
Асобых адносін заслугоўваюць бацькі, якія вырашылі вярнуцца да нармальнага жыцця і самі выхоўваць сваіх дзяцей. У гэтым перакананы пракурор раёна Ю.Э. Краеўскі. Неабходна ісці ім насустрач і дапамагаць вырашаць іх праблемы. Яны маюць поўнае права звярнуцца ў адпаведныя органы і папрасіць зменшыць працэнт спагнання грашовых сродкаў.
Толькі пры цесным узаемадзеянні ўсіх  зацікаўленых дзяржаўных органаў можна дабіцца пастаўленай мэты – абараніць інтарэсы дзяцей і прымусіць гора-бацькоў выплачваць дзяржаве сродкі на іх утрыманне.
Ганна РУДСКАЯ.