Асеннія клопаты | Дзяннiца

Асеннія клопаты

Версия для печатиВерсия для печати

У верасні вядзецца збор ураджаю асенніх сартоў яблыкаў. Для гэтага лепш выкарыстоўваць сухое, халаднаватае надвор’е, калі спадзе раса. Знятыя плады трэба тут жа пакласці на захаванне. У другой палове месяца нарыхтоўваюць яблыкі наступных сартоў: “Орлік”, “Штрэйфлінг”, “Уэлсі”, “Антонаўка звычайная”, “Мінскі”, “Жыгулёўскі”, “Зорачка”. У канцы верасня паспяваюць сарты “Каштэля”, “Тэлісаарэ”, “Чараўніца”, “Антэй”, “Беларускае малінавае”, “Вербнае”, “Заслаўскае” і г.д.
Падпоры, па меры іх вызвалення з-пад дрэў, убіраюць на зімовае захоўванне.
У канцы месяца ў гадавальніках выкопваюць саджанцы і прышчэпы. Іх сартыруюць і захоўваюць прыкопанымі ў глебе да вясны. Рыхтуюць глебу пад вясновую закладку пладова-ягаднага гадавальніка.
Да 15 верасня заканчваюць пасадку суніц. У другой палове месяца садзяць ягадныя кусты. Адлегласць паміж агрэстам і чорнай парэчкай складае 1-1,5 метра, маліны – 0,5 метра. Шырыня пасадачных ям для іх дасягае 50-60 сантыметраў, глыбіня – 40-50 сантыметраў, для маліны адпаведна 30-40, 20-25 сантыметраў. У пасадачныя ямы для чорнай парэчкі і агрэсту ўносяць 200 грамаў суперфасфату, 50 – попелу, 20 – калійных тукаў, 80-10 кілаграмаў перагною; для маліны – 50 грамаў суперфасфату, 20 – калійных угнаенняў, 1-2 кілаграмы перагною.
Чорную парэчку і агрэст садзяць пад вуглом 45-60 градусаў і на 5-7 сантыметраў глыбей, чым яны сядзелі ў гадавальніку. Маліну трэба садзіць вертыкальна, каб над карэннямі было 2-3 сантыметры зямлі. Пасля пасадкі паліваюць пры любым надвор’і.
З 15 па 20 верасня ўносяць угнаенні пад перакопку наяўных пладовых і кустарнікавых насаджэнняў: перагною – 4-6 кілаграмаў, суперфасфату – 40-50 грамаў, попелу – 200 грамаў, калійнай солі – 20 грамаў. Плантацыі маліны ўскопваюць толькі віламі. Калі арганічныя ўгнаенні ёсць у абмежаванай колькасці, іх уносяць раз у 2-3 гады.
Штогод збіраюць ападкі і знішчаюць вусеняў пладажэркі. Абразаюць і спальваюць верхавіны чорнай парэчкі і агрэсту, якія пашкоджаны мучністай расой. Яблыні і вішні апырскваюць пасля збору ўраджаю растворам мачавіны -- адпаведна 5-ці працэнтным і 4-ох працэнтным.
Збіраюць і кампастуюць лісце.
Пётр КУХТА,
кандыдат сельска-гаспадарчых навук.