АРДЭНАНОСЦЫ | Дзяннiца

АРДЭНАНОСЦЫ

Версия для печатиВерсия для печати

Прыкладна месяц аддзяляе шчучынцаў ад знамянальнай даты – 70-годдзя з дня ўтварэння раёна. Добрая нагода, каб азірнуцца на пройдзены шлях, засведчыць і ацаніць перажытае і створанае.
Як вядома, гісторыя складваецца з падзей. Але пішуць яе людзі, найперш – самаадданай працай. Пішуць сёння, будуць пісаць заўтра… Але найбольш старонак у падручніку пад умоўнай назвай “Гісторыя раёна” адведзена ўсё ж прадстаўнікам пакаленняў мінулага 20-га стагоддзя. Узгадваючы юбілейную дату, агульную для ўсіх шчучынцаў, мы вырашылі напомніць пра людзей, якія кожны ў свой час паказвалі ўзоры самаадданай працы, праслаўлялі свае калектывы і раён у цэлым. Іх працоўны энтузіязм быў ацэнены высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
Іх, рупліўцаў мінулых гадоў – ардэнаносцаў, вельмі многа. Толькі ў адной гаспадарцы – СВК “Дэмбрава” – нам паказалі спіс, у якім звыш дваццаці прозвішчаў заслужаных людзей. На жаль, асобныя ўжо пакінулі зямлю, на якой застаўся іх добры след… З тымі ж, каму лёсам наканавана жыць доўга, мы з задавальненнем сустрэліся.

Тры ордэны. Яшчэ – медаль…
Марыя Лявонцьеўна Болтач з унучкай Аксанай і хатнім любімцам АлымЦяжка ўстрымацца ад здзіўлення, якое мяжуе з захапленнем, калі слухаеш Марыю Лявонцьеўну Болтач.
– Ці маю ордэн? – перапытвае жанчына. – У мяне іх тры! Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Леніна і ордэн “Мацярынская Слава ІІІ ступені”. А яшчэ – сярэбраны медаль ВДНГ СССР… І ўдарнікам некалькіх пяцігодак была, і значком “Майстар залатыя рукі” адзначалася…
Марыі Лявонцьеўне цяпер семдзесят восем. Але, здаецца, ні час, ні жыццёвыя абставіны не змаглі ўстанавіць над ёй сваё вяршэнства. Мо таму, што працавала яна многа і самааддана. І хаця пенсію заслужыла ўжо ў пяцьдзесят, вынік рабочым будням падвяла, калі стукнула шэсцьдзесят восем (!).
Самы плённы працоўны перыяд прыпаў на 70-80-ыя гады. Васемнаццаць гадоў шчыравала Лявонцьеўна на ферме “Вострава” калгаса імя Кірава (у 1986 г. гаспадарку далучылі да калгаса “Расія”. – Заўв. аўтара).
– За год да тысячы парасят вырошчвала, – успамінае тыя часы Марыя Лявонцьеўна. – Тры дзесяткі свінаматак з прыплодам адначасова даглядала. Слабая тады была механізацыя. Усё рукамі рабілі, вёдрамі ды мяшкамі корм разносілі. Старалася тады вельмі, каб быць у перадавіках. І, ведаеце, атрымлівалася. Два ордэны за працоўныя дасягненні – гэта аб многім гаворыць.
І як толькі сіл хапала?! І на рабоце першая, і дома сям’я вялікая – сямёра дзяцей з мужам Станіславам Тамашавічам гадавалі. Паміж іншым, адна з дачок – Ядзя – разам з маці на ферме “Вострава” працавала. Таксама ордэн мае – Дружбы народаў. Яшчэ адна дачка зноў жа мацярынскую “спецыялізацыю” пераняла – вырошчвае парасят на комплексе ў Геранёнах.
Так склаўся лёс, што цяпер Марыя Лявонцьеўна жыве ў Дэмбраве разам з сынам. Зноў жа па волі лёсу на яго мужчынскіх руках засталіся дачушкі-школьніцы. Бабуля Марыя ім цяпер і за маму…
– У гаспадарцы свіней маем, – распавядае яна. – І ў мае гады ўжо цяжка з другога паверха спускацца. Вось каб кіраўніцтва знайшло магчымасць нам іншае жыллё выдзеліць – бліжэй да зямлі…
Мы папрасілі Марыю Лявонцьеўну паказаць нам свае ўзнагароды. “Ды няма іх…, – развяла рукамі жанчына. – У дзевяноста другім годзе двое на чорнай “Волзе” пад’ехалі. Мяне спыталі. А ўжо дома казалі, што з Мінска яны, што нейкія калекцыі збіраюць. Маўляў, дайце нам свае ўзнагароды: мы захаваем, а калі трэба забераце… Усе і згарнулі – і мае тры ордэны, і даччын, і мужавы ветэранскія ўзнагароды. Ордэнскія кніжкі толькі і засталіся…”
 

“Увесь час была перадавіком”
Альфрэда Ігнацьеўна Туля: “Гэтыя граматы за добрую працу”Дом Альфрэды Ігнацьеўны Туля сустрэў духмяным пахам прыгатаванай вясковай стравы. Тут вельмі ўтульна, прасторна і чыста. “І сама парадак трымаю, і дачка, калі прыязджае, дапамагае”, – тлумачыць жанчына.
Гаспадыні дома – таксама ардэнаносцу – праз некалькі тыдняў стукне восемдзесят. Толькі гэтая юбілейная дата ёй ніяк “не дапасуе”. Кабета яна вельмі рухавая, гаваркая, прыветная. І на памяць не скардзіцца.
– Было мне гадоў пад сорак, калі трапіла на Трэці Усесаюзны з’езд калгаснікаў у Маскву, – узгадвае Альфрэда Ігнацьеўна памятныя падзеі са сваёй працоўнай біяграфіі. – З нашага раёна дэлегатамі былі таксама вядомыя людзі Мядзведзеў ды Гічан. На ўсё жыццё тая паездка запомнілася. І Ленінскія горы нам паказалі, і ў Маўзалей Леніна вазілі…
– І за што ж Вы такога гонару ўдастоіліся?
– Працавала добра. Старалася. Пачынала на ферме “Маліннікі”, потым на ферму “Завалкі” перайшла. Дваццаць пяць гадоў даярскага стажу маю. Усю пору была перадавіком. У групе – 21 карова, тры разы на дзень даілі, усё ўручную. Бывала, накінеш цырату на спіну, мяшок з жомам на плечы – і ўперад… Калі каровы на начной пашы былі, туды ж ноччу на дойку выязджалі. Стараліся даяркі, і я таксама. Успамінаю – як групу першацёлак раздойвала, то ўся ў сіняках хадзіла. Толькі, бывала, з імі разбяруся, прывучу, ад мяне групу і забяруць… І на другую ставяць… Але я не крыўдзілася. Ведала, гэта ў мяне добра атрымлівалася.
Старанная праца Альфрэды Ігнацьеўны была заўважана і ацэнена па заслугах. Яна ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём “За працоўную доблесць”. У хатнім архіве захоўваецца і стос ганаровых грамат: ад райкама КПБ і выканкама райсавета, дзве – з Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларускай ССР – за поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве.
Альфрэда Туля і ў грамадскім жыцці не пасіўнічала. І на злёце жанчын дэлегаткай была, і дэпутатам сельскага ды раённага Саветаў яе выбіралі.
Не сядзела жанчына без справы і калі на пенсію пайшла – у паляводстве працавала.
Добрым словам успамінае Альфрэда Ігнацьеўна свайго мужа Валяр’яна Вікенцьевіча. Пакуль яна заданні вытворчыя выконвала і перавыконвала, ён дапамагаў з гаспадаркай упраўляцца, сына з дачкой гадаваць.
– Мы ж тады не толькі працавалі ад цямна да цямна, а яшчэ і песні пелі, – кажа нам на развітанне Альфрэда Ігнацьеўна. – Бывала, як завядзём – наўкола чуваць…
 

“А пасля работы ў клуб спяшаліся…”
Уладзімір Вікенцьевіч БадакНе толькі пра працоўныя будні, але і пра песенныя ды танцавальныя вечары расказаў нам “малады” у параўнанні з жанчынамі ардэнаносец – 69-гадовы Уладзімір Вікенцьевіч Бадак. Напачатку ён крыху збянтэжыўся ад увагі да сваёй асобы, але хутка, як кажуць, адкрыў душу.
– Адзінаццаць гадоў я ўзначальваў ферму “Завалкі”, а дваццаць працаваў заатэхнікам на комплексе, – пасвяціў нас у сваю працоўную біяграфію Уладзімір Вікенцьевіч. – Па тым часе мы атрымлівалі добрыя надоі. Ферма наша ў перадавіках хадзіла. Утрымлівалася тут да 350 галоў – дойны статак і жывёла на адкорме. Акрамя гэтага, мелі на тэрыторыі склад з млыном і пункт штучнага асемянення. Працавалі шмат і добра. Таму, відаць, і ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”.
Яшчэ да прыезду ў Красляне, дзе жыве Уладзімір Вікенцьевіч, даведаліся, што ён не толькі працаўнік добры, але і спявак знакаміты, і танцор выдатны.
– Што было, тое было, – пацвярджае вясковец. – Я ўсё жыццё ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічаю. Бывала, пасля работы ў клуб спяшаемся. З Янінай Пятроўнай Аўсейчык дуэтам спявалі, з ёй жа ў танцы кружыліся. Пра “Дэмбраўскую кадрылю” чулі? Во там і выступалі…
Расказвае, а вочы такім маладым агеньчыкам свецяцца.
Так склалася ў жыцці, што ў сваім доме Уладзімір Вікенцьевіч сам і гаспадарыць. З хатняй жыўнасці трымае курэй, садзіць бульбу, вырошчвае агародніну. І не думае пасаваць перад старасцю.
Зрэшты, пра гэтую самую старасць. Пасля знаёмства з мясцовымі ардэнаносцамі падалося, што складана падступіцца ёй да людзей-працаўнікоў, якія столькі гадоў не на трэнажорах у зале мышцы накачвалі, а на калгасных фермах і палях “вагу бралі” ды рэкорды ставілі. Былі першымі ў працы, былі лепшымі на клубнай сцэне, жылі дастойна самі і дзяцей сваіх у пашане да зямлі роднай выхоўвалі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.

Р.S. Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу работнікам СВК “Дэмбрава” Р.Б. Туля, І.Г. Сакута і С.М. Радзімінскай.