Ад турмы … заракайся! | Дзяннiца

Ад турмы … заракайся!

Версия для печатиВерсия для печати

У жыцці здараецца ўсяляк. Успышка агрэсіі, алкаголь, адзін узмах рукі, адзін неабдуманы ўчынак… Канфлікт з законам. Суд. Прыгавор. Чалавек можа спатыкнуцца. Але калі знойдзе ў сабе сілы асэнсавана ацаніць свае дзеянні, зразумець – што гэта не той шлях, па якім трэба ісці па жыцці, ён варты падтрымкі і людзей, і грамадства, і ўлады.
Калі ж крывая сцяжынка не адпускае, а раз за разам прыводзіць чалавека на брукаваную дарогу рэцыдыўнай злачыннасці – гэта становіцца вялікай праблемай для яго самога, сям’і, для грамадства і дзяржавы.

Дзе ж той шлагбаум, што можа перакрыць рух па нахіленай? Калі ён і ёсць, то, як сведчаць факты, яшчэ недастаткова моцны. Так, у раёне з пачатку года раней асуджаныя асобы ўчынілі 198 злачынстваў. Сярод іх – адно забойства, 77 крадзяжоў, 9 хуліганстваў, а таксама ўгоны, паўторнае кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення… Гэтыя лічбы і факты днямі прывёў начальнік РАУС М.Я. Герасімчык. Агучаны яны былі на не зусім звычайнай сустрэчы, якая адбылася ў райаддзеле міліцыі. Сюды прыйшлі і прыехалі каля 40 “падапечных” праваахоўнікаў, што аступіліся, парушылі закон і адбываюць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. У асноўным гэта людзі маладыя, перад кожным з якіх ляжыць прамая дарога – не зліцца на ўвесь белы свет, а стаць на шлях выпраўлення, нармальна жыць і працаваць. І назаўсёды адвесці ад сябе перспектыву трапіць унутр “калючага перыметра”.
Паміж іншым, думку аб мэтазгоднасці правядзення такога мерапрыемства напярэдадні выказаў старшыня райвыканкама С.І. Ушкевіч. А ўдзел у сустрэчы прыняў намеснік старшыні райвыканкама М.І. Міхно.
Усведамляючы, што прыйшоўшыя на сустрэчу людзі маюць рэальны шанц на выпраўленне, начальнік РАУС М.Я. Герасімчык і пракурор раёна Ю.Э. Краеўскі стараліся знайсці словы, каб зачапіць, як кажуць, за жывое. “Вы – з кагорты тых, каму ёсць што ў жыцці губляць і што даказваць”, – звярнуўся да аўдыторыі Юрый Эдмундавіч. “Няўжо ў турме будзе лепш, чым дома?” – не хаваў эмоцый Мечыслаў Янавіч. І прыводзіў прыклады таго, чым можа скончыцца пастаяннае нежаданне паважаць закон.
… Дзяніс Б. спачатку “спецыялізаваўся” на дробных правапарушэннях. Быў асуджаны. Тут бы хлопцу спыніцца, па просту кажучы, узяцца за розум. Не захацеў, працягваў піць. Калі аднойчы на бутэльку не хапала грошай, вырашыў разжыцца на іх у чужым доме. Гаспадыню, якая яго там застала, забіў. Па прыгаворы суда цяпер 25 гадоў правядзе за калючым дротам…
“Зразумейце, – даводзіў прысутным у зале начальнік міліцыі, – наша мэта – не пасадзіць вас, а пераканаць, што жыццё можа мець не толькі колер турэмнай робы”.
У час сустрэчы ўзнікалі і дыялогі. Малады мужчына, якому пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі заменена на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, кажа, што  назад за краты не хоча, працуе і жыве нармальна. А хлопцу, які сядзеў побач з ім, як высветлілася, патрэбна дапамога. “Не магу ўладкавацца на работу, – скардзіцца ён. – А па спецыяльнасці я трактарыст і слесар”.
– Жаданне працаваць ёсць? – цікавіцца начальнік міліцыі.
– Так! – адказвае малады чалавек.
– Тады дапаможам. Перагавару з кіраўніком адной з арганізацый, дзе, ведаю, маюць патрэбу ў такіх спецыялістах. Толькі не піць!
Бяда ў тым, што наказ “Не піць!” для асобных удзельнікаў гэтай сустрэчы з разраду цяжкіх для выканання. Таму менавіта для іх агучыла трывожныя факты і слушныя парады ўрач-нарколаг Л.Я. Чудоўская. “90 працэнтаў злачынстваў учыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення”, – перасцерагла Людміла Яраславаўна. Яна ж прывяла прыклады таго, як згубна дзейнічаюць спіртныя напіткі на арганізм чалавека. Па словах медыка, рэанімацыя “перанаселена” пацыентамі са спецыфічнымі дыягназамі тыпу “алкагольны псіхоз”. Маладыя мужчыны ідуць на той свет, бо з дня ў дзень – месяцамі – п’юць, валяюцца пад плотам і “зарабляюць” цяжкія хваробы.
Між тым, падкрэсліла доктар, магчымасць лячыцца ёсць у кожнага. Пры жаданні – ананімна. Варта толькі зрабіць гэты крок – прыйсці да ўрача.
Свае метады барацьбы з алкагольнай залежнасцю – у членаў таварыства ананімных алкаголікаў (АА). Адзін з яго прадстаўнікоў па імені Андрэй шчыра расказаў гісторыю свайго падзення і пад’ёму. “Ужо 10 гадоў не п’ю, хаця доўгі час алкаголь кіраваў маім жыццём, – адзначыў ён. – Галоўнае, каб чалавек захацеў да нас прыйсці і застацца цвярозым”.
“Спіртныя напіткі давалі “шчасце” і мне”, – заўважыла жанчына па імені Галя – таксама член таварыства АА. – І ўжо ў 49 гадоў кніга майго жыцця была закрыта”. Галіна падзялілася добрай весткай: доктар, у якога нядаўна яна пабывала на прыёме, заявіў, што пацыентка абсалютна здаровая! Страшна падумаць, які дыягназ паставілі б ёй, калі б сяброўства з чаркай працягвалася.
Выконваючы абавязкі начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі У.У. Крыпа пабудаваў выступленне на спецыфіцы работы свайго ведамства. Нагадаў, чым можа абярнуцца парушэнне парадку і ўмоў адбыцця пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. А псіхолаг Г.Г. Віткоўская заклікала прысутных прыняць, калі ўзнікне неабходнасць, дапамогу спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання .
“Мы гатовы дапамагчы ў працаўладкаванні асобам, якія вызваліліся з месц пазбаўлення волі, – заўважыла начальнік раённай службы занятасці Г.С. Паўлюкевіч. – Сёлета рабочае месца займелі 25 грамадзян з гэтай катэгорыі, для шасці яго яшчэ шукаем. А вось дзесяць, атрымаўшы накіраванне на працу, так і не дайшлі да наймальніка…”
Не цяжка здагадацца, куды можа скіраваць свае позіркі  гэтая “дзесятка” ў пошуках грошай… На чужыя кашалёк, кватэру ці аўтамабіль. Есці і піць хочацца кожны дзень. Не выключана, што гэтая “дарожка” можа зноў прывесці на лаву падсудных.
Прафілактыкай рэцыдыўнай злачыннасці назваў сустрэчу пракурор раёна Ю.Э. Краеўскі. Ён жа выказаў надзею, што яна прынясе карысць: нехта з гэтых сарака запіша нумар псіхолага, нехта прыслухаецца да слоў доктара, хтосьці пойдзе на пошукі работы… А галоўнае – дасць сабе зарок жыць сумленна, не парушаць закон і ніколі не трапіць на мулкую лаву – лаву падсудных.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.