Ад добрага насення каравай прырасце | Дзяннiца

Ад добрага насення каравай прырасце

Версия для печатиВерсия для печати

Завяршаюцца палявыя работы і здаецца, што земляробам можна з палёгкай уздыхнуць. Аднак будучы ўраджай збожжавых залежыць не толькі ад таго, як пасеялі азімыя, але яшчэ і ад якасці зерня. Зараз на складах і збожжасховішчах аграрыі рыхтуюць насенне яравых культур.
Гаспадаркам раёна для вясенняй сяўбы неабходна 3147 тон яравых культур. У тым ліку яравой пшаніцы — 854 тоны, ячменю – 1987, аўса – 92, яравога трыцікале – 90, зернебабовых – 74, грачыхі – 48 і проса – 2 тоны.
На 4 лістапада ў Шчучынскую раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін паступіла на праверку 2560 тон насення яравых культур, ці 81,3 працэнта ад запланаванага. Некандыцыі выяўлена 17 тон. Хачу нагадаць кіраўнікам і аграномам, што падрыхтаваць насенне яравых культур неабходна да першага снежня.
Своечасова справіліся з падрыхтоўкай насення ў СВК “Шчучынаграпрадукт”, “Дэмбрава”, РУСП “Эксперыментальная база “Руткевічы”. Блізкія да завяршэння ачысткі насення РУСП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” (98,3 %), СВУ “Пратасаўшчына” (96,4 %), КВУП “Шчучынская ППРф” (94,6%), СВК “Жалудоцкі” (87,6%). Дарэчы, насенне ў гэтых гаспадарках усё кандыцыйнае і добрай якасці.
Усё гэта гаворыць аб тым, што тут добрасумленна аднесліся да справы і ачысткай насення  пачалі займацца яшчэ ў час жніва. А што не паспелі,  дачысцілі пазней.
На жаль, не ва ўсіх гаспадарках так наладзілі работу. Вельмі марудна чысцяць насенне ў КУСП “Саўгас “Навадворскі”. Пад будучы ўраджай тут неабходна падрыхтаваць 135 тон зерня, а ачышчана і паступіла на праверку толькі 17 тон. І гэтая колькасць насення не адпавядае па чысціні патрабаванням стандартаў Беларусі.
З кіраўнікамі і спецыялістамі агранамічнай службы саўгаса вялася размова, каб паскорыць ачыстку насення, але ў адказ чуліся адгаворкі на недахоп работнікаў ці на занятасць на ўборцы цукровых буракоў.
Маруднымі тэмпамі чысцяць насенне ў СВК “Астрына” і “Балічы”. З запланаваных 274 і 112 тон на праверку паступілі адпаведна ўсяго 77 і 79 тон насення.
Аграномам трэба памятаць аб тым, што нават засыпаўшы чыстае насенне ў засекі, абазначыўшы яго патрэбнымі этыкеткамі, нельга расслабляцца, неабходна праводзіць пастаянны кантроль насеннага матэрыялу. Можа здарыцца, што на насенне пападзе вада і яно сапсуецца. Для гэтага ў складах трэба ўвесь час падтрымліваць парадак і чысціню, весці барацьбу са шкоднікамі.
Усім гаспадаркам раёна да першага студзеня неабходна ачысціць насенне шматгадовых траў.
Віктар ЯКІМЧЫК,
галоўны аграном Шчучынскай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.