Адрамантавалі!? | Дзяннiца

Адрамантавалі!?

Версия для печатиВерсия для печати

На месцы тратуара – канава    “Я жыву ў вёсцы Старая Спуша. Мой дом знаходзіцца ў самай нізіне. У час дажджу вада, якая бяжыць па дарозе, збіраецца каля майго дома. Машыны не могуць абмінуць лужыну, і ўся вада ляціць на сцены. Каля самай дарогі – калодзеж.
Я звярталася ў сельвыканкам, у санстанцыю, у ДРБУ-161. Атрымала адказы: разбярэмся, зробім. З ДРБУ-161 прыехала прараб і патлумачыла, што сродкаў на правядзенне патрэбных работ няма. А каб вада не паступала ў калодзеж, работнікі будаўнічага ўпраўлення... разбілі тратуар і на яго месцы вырылі канаву. А мне даслалі адказ: “рамонт каля вашага дома выкананы”. А дзе ж людзям хадзіць? Па праезджай частцы?”

Такое пісьмо атрымала рэдакцыя ад М.Я. Астроўскай – жыхаркі в. Старая Спуша. Безумоўна, убачыць усё мы вырашылі на свае вочы.
Не бяруся кагосьці крытыкаваць – у дарожных справах я не спецыяліст, але, напэўна і не трэба ім быць, каб ацаніць якасць праведзенай работы. Усё зроблена на “хуткую руку”, так сказаць “для галачкі”. Не факт, што цяпер вада не будзе збірацца каля дома, а накіруецца прама ў вырыты роў, які, дарэчы, наўрад ці паслужыць доўга. Наляпаны на сыпучы пясок асфальт хутчэй за ўсё абваліцца пасля некалькіх добрых дажджоў. А як быць пешаходам? Цёмнымі вечарамі шпацыраваць па праезджай частцы? Здаецца мне, праблема так і засталася нявырашанай. А што думаюць наконт гэтага кіраўнікі, якія самі выязджалі на месца, каб ацаніць сітуацыю?
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.

Каментарый спецыяліста
П.М. Куліна, начальнік ДРБУ-161:
– Тратуар, на месцы якога вырылі канаву, не выкарыстоўваўся па прызначэнні, ён быў у дрэнным стане. Праведзеныя работы – лепшы з магчымых у данай сітуацыі варыянтаў. Насупраць дома мы паднімем асфальт, каб вада не збіралася, а цякла далей – у вырытую канаву.
П.С. Волчак, галоўны санітарны ўрач:
– Жыхарка Старой Спушы М.Я. Астроўская звярталася ў санітарную службу, каб паведаміць, што ў яе калодзеж трапляюць ліўневыя воды. Мы выязджалі на месца і высветлілі, што калодзеж не абсталяваны ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі. Не пакладзена адмостка, у калодзежы не абсталяваны гліняны замок. Падысці набраць вады ўвогуле немагчыма – усюды гразь. У такой сітуацыі, безумоўна, ліўневыя воды будуць трапляць у калодзеж. Але гэтыя недахопы павінна выправіць сама гаспадыня.