Адмоўцеся ад цыгарэт! Каб не было позна... | Дзяннiца

Адмоўцеся ад цыгарэт! Каб не было позна...

Версия для печатиВерсия для печати

Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны год ва ўсім свеце ад тытуню гінуць 5 млн. людзей (11 тысяч чалавек кожны дзень!). У Беларусі ад захворванняў, звязаных з курэннем, памірае каля 15,5 тысячы чалавек. Згодна з прагнозамі, да 2020 года тытунь стане вядучай прычынай смерці 10 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце.
Праблема распаўсюджання тытунёвай эпідэміі актуальная і для нашай краіны. Ад згубнай прывычкі пакутуюць не толькі дарослыя, але і дзеці. Медыкі ўсяго свету б’юць трывогу. Як “дастукацца” да курыльшчыкаў, як пераканаць іх, што тытунь губіць здароўе? За “круглым сталом” абмяркоўвалі гэту праблему ўрачы Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы і Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Вера Аляксандраўна Алейнік, анколаг:
– У нашай краіне сітуацыя вельмі складаная. Сярод беларусаў 64 працэнты мужчын і 20 працэнтаў жанчын (старэй за 15 год), якія кураць. Лічыцца, што ў 30 працэнтах выпадкаў захворвання на рак прычынай стала курэнне. У нашым раёне штогод на рак лёгкага хварэюць ад 30 да 50 чалавек. За дзевяць месяцаў гэтага года дыягназ “рак лёгкага” пастаўлены 24 пацыентам. У асноўным гэта мужчыны. Устаноўлена, што смяротнасць ад гэтага захворвання звязана з колькасцю выкураных цыгарэт.
Хачу яшчэ сказаць наконт пасіўнага курэння. Яно павышае рызыку развіцця рака малочнай залозы ў жанчын. Даследаванні, праведзеныя Міністэрствам аховы здароўя, працы і дабрабыту Японіі, паказалі, што жанчыны, якія не кураць, але вымушаны ўдыхаць тытунёвы дым на рабоце або дома, пакутуюць на рак малочнай залозы ў 2,6 разы часцей.
Галіна Яўгеньеўна Возная, неўролаг, загадчыца неўралагічнага аддзялення:
– Удыханне дыму тытуню вызывае парушэнні дзейнасці галаўнога мозгу, таму што нервовая сістэма найбольш адчувальная да тытунёвых ядаў. А такія парушэнні вядуць да цяжкіх захворванняў цэнтральнай нервовай сістэмы. Згодна з данымі некаторых даследаванняў, парушэнні кровазвароту ў галаўным мозгу, якія адбыліся пад уздзеяннем тытуню, у 1996 годзе выклікалі смерць амаль 80 чалавек.
Ала Вітальеўна Мэх, кардыёлаг:
– 1-2 пачкі цыгарэт утрымліваюць смяротную дозу нікаціну. Курыльшчыка выратоўвае тое, што гэта доза ўводзіцца ў арганізм не адразу. Кожная выкураная цыгарэта скарачае жыццё чалавека на 14 мінут. 5-7 год аднімае у курыльшчыкаў гэта згубная прывычка. 30-40 працэнтаў выпадкаў смерці ад ішэмічнай хваробы сэрца звязаны з курэннем цыгарэт.
Маргарыта Уладзіміраўна Гуменнік, райпедыятр:
– У дзяцей, што знаходзяцца ў адным памяшканні з бацькамі, якія кураць, у два разы часцей узнікаюць рэспіраторныя захворванні ў параўнанні з дзецьмі, бацькі якіх кураць у асобным памяшканні, або ўвогуле не кураць. У такіх дзяцей, асабліва ў першы год жыцця, часцей рэгіструюцца бранхіты, начны кашаль, запаленне лёгкіх. Праведзеныя ў Германіі даследаванні паказваюць узаемасувязь паміж пасіўным курэннем і дзіцячай астмай.
Калі дзіця жыве ў кватэры, дзе адзін з членаў сям’і выкурвае 1-2 пачкі цыгарэт, то ў мачы дзіцяці знаходзіцца такая колькасць нікаціну, якая адпавядае 2-3 цыгарэтам.
Камітэт міжнародных экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя прыйшоў да высновы, што курэнне маці (“пасіўнае курэнне плада”) з’яўляецца прычынай сіндрому раптоўнай смерці немаўляці ў 30-50 працэнтах выпадкаў.
Ніна Вікенцьеўна Сухоцкая, энтамолаг Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:
– У лютым гэтага года праводзілася апытанне маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 25 год. З 90 апытаных пастаянна або зрэдку кураць 26,7 працэнта. Першую цыгарэту большасць выкурвае ў 13-14 гадоў. Некаторыя рэспандэнты адзначылі, што ўпершыню паспрабавалі курыць у 6, 7, 8 гадоў. Прычына, па якой юнак або дзяўчына ўзялі ў рукі цыгарэту, у кожнага свая: жаданне быць падобным на сваіх равеснікаў, выглядаць больш дарослымі, прыклад членаў сям’і. А пяць чалавек з 90 адзначылі, што на курэнне іх справакавалі дарослыя.
Пётр Мікалаевіч Кузняцоў, тэрапеўт:
– Калі вы вырашылі кінуць курыць, гэта не значыць, што вы павінны змагацца з самім сабою, вас павінна перапаўняць жаданне дапамагчы свайму арганізму вызваліцца ад тытунёвага рабства.
Вам захацелася пакурыць? Пераключыцеся на іншы від дзейнасці, прагуляйцеся на свежым паветры. Выпіце шклянку вады, або з’ешце яблык, толькі рабіце гэта павольна, не спяшаючыся. Калі нешта з’есці ў момант узнікшага жадання закурыць, можна гэта жаданне пагасіць. Тлумачыцца гэта проста. Цэнтры жадання курыць і харчовы размешчаны ў галаўным мозгу побач. Актывізацыя аднаго вядзе да прыгнечання другога. Але не трэба пастаянна жаваць булачкі або цукеркі. Найбольш прымальны варыянт: яблык, мінеральная вада або проста кіпячоную.
Неабходна навучыцца пераадольваць стан унутранага раздражнення, няўпэўненасці, дыскамфорту. Для гэтага трэба авалодаць навыкам псіхалагічнага расслаблення. На працягу 1-3 мінут выконвайце наступнае практыкаванне. Сядзьце, закрыйце вочы, расслабцеся, зрабіце глыбокі выдых. На выдыху скажыце: “Не” (спакусе закурыць). Затым з закрытымі вачыма паспрабуйце ўявіць блакітнае неба, па якім павольна плывуць аблокі, або спакойнае сіняе мора. Сачыце за дыханнем – яно павінна быць спакойным.
Калі ж, нягледзячы на ўсе старанні, вы закурылі, пачынайце зноў кідаць. Але не прымайце ні ў якім разе самастойна лякарствы, якія падаўляюць цягу да курэння. Толькі спецыяліст можа парэкамендаваць прэпарат і схему яго прыёму.
Алена Міхайлаўна Вагайцава, тэрапеўт:
– Магчыма, кінуць курыць каму-небудзь дапамогуць народныя сродкі. Хачу прапанаваць некалькі рэцэптаў.
Узяць па адной чайнай лыжцы цыкорыі, мяты, крапівы, валяр’яны і заліць адной шклянкай кіпеню. Настаяць 7-10 хвілін. Піць як чай кожны раз, калі захочацца курыць. Гэты збор супакойвае нервовую сістэму, робіць перыяд адвыкання ад курэння больш лёгкім.
Адну сталовую лыжку здробненых карэнішчаў змеевіка (горац змяіны) заліць адной шклянкай кіпеню, дадаткова кіпяціць на слабым агні 2-3 мінуты. Настаяць 40-50 мінут. Працэджаным экстрактам паласкаць поласць рота кожны раз перад жаданнем пакурыць. З’яўляюцца млоснасць і рвотныя позывы, якія выклікаюць агіднасць да тытуню.
Для адвыкання ад курэння карысна двухгадовую галінку чаромхі здрабніць на невялікія (3-5 мм) кавалачкі і перад тым, як закурыць, пажаваць і выплюнуць. Эфект наступае праз 10-12 дзён.
Падрыхтавала Ганна РУДСКАЯ.