Агранавіны | Дзяннiца

Агранавіны

Версия для печатиВерсия для печати

Дажджы – справе перашкода
Моцныя дажджы, якія прайшлі на гэтым тыдні, стварылі для аграрыяў раёна дадатковыя цяжкасці на ўборцы кукурузы, цукровых буракоў і на ўздыме зябліва. Месцамі сельскагаспадарчая тэхніка ўвогуле не можа заехаць на палеткі. Часам можна бачыць, як магутныя трактары дапамагаюць выцягнуць з поля нагружаныя сіласнай масай або цукровымі буракамі прычэпы і аўтамабілі. Кіраўнікі гаспадарак разам са спецыялістамі шукаюць розныя спосабы, каб хутчэй і з мінімальнымі стратамі выйсці з такога становішча: выбіраюць для ўборкі больш высокія палеткі.
Кукуруза
Уборка каралевы палёў у раёне вядзецца больш хуткімі тэмпамі, чым у мінулым годзе. На 30 кастрычніка ўбрана 75 працэнтаў. Каб не непагадзь, то большасць гаспадарак ўжо рапартавалі б аб завяршэнні гэтай работы. І, тым не менш, першымі справіліся закладваць кукурузную масу на сілас у СВК “Шчучынаграпрадукт”, эксперыментальнай базе “Руткевічы”, саўгасе “Першамайск-агра”.
Затрымліваюцца тэмпы ўборкі кукурузы на зерне. Ад моцных дажджоў рэзка павялічылася вільготнасць зерня, што адмоўна адбіваецца на яго якасці. Павялічваюцца і страты зерня пры абмалоце.
Цукровыя буракі
Першымі ўбралі цукровыя буракі земляробы СВК “Балічы”, саўгасаў “Вялікае Мажэйкава” і “Навадворскі”. Услед за імі рапартавалі СВК “Жалудоцкі”, саўгас “Першамайск-агра” і Шчучынская “ППРф”. Сярэдняя ўраджайнасць салодкіх карэнняў складае 438 цэнтнераў з гектара. Лепш урадзілі цукровыя буракі ў СВК “Шчучынаграпрадукт” і ААТ “Васілішкі” – больш за 500 цэнтнераў з гектара. На Скідзельскі цукровы завод адпраўлена больш чым 75 тысяч тон.
Уздым зябліва
Ад якаснай і своечасовай асенняй апрацоўкі глебы залежыць не толькі прадукцыйнасць сельскагаспадарчых раслін, але і чысціня пасеваў. Калі не справіцца зараз з планавымі заданнямі па ўздыме зябліва, то на другі год можна не дабраць ураджай збожжавых культур. Так лічаць вучоныя, аб гэтым ведаюць і аграрыі.
Таму гэтымі днямі асноўная нагрузка лягла на механізатараў, якія займаюцца ворывам. Кожны дзень у поле выходзіць 20 энерганасычаных трактароў. З іх чатыры працуюць у дзве змены.
На 30 кастрычніка па раёне ўзарана зябліва больш за 11600 гектараў, што складае 71 працэнт да запланаванага. Найлепш ідуць справы ў ААТ “Васілішкі” і эксперыментальнай базе “Руткевічы”. Яны ўжо блізкія да завяршэння гэтай работы.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.