Шчучынскіх навукоўцаў ушанавалі ў Гродне | Дзяннiца

Шчучынскіх навукоўцаў ушанавалі ў Гродне

Версия для печатиВерсия для печати

Напярэдадні Дня беларускай навукі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы адбылася сустрэча кіраўніцтва вобласці з прадстаўнікамі розных навуковых школ прынёманскага краю. На ўрачыстасць былі запрошаны і шчучынскія навукоўцы – дырэктар Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч і яго намеснік Люцыя Станіславаўна Руткоўская.

З самымі новымі і перспектыўнымі ідэямі навукоўцаў Гродзеншчыны можна было пазнаёміцца падчас выставы, якая была арганізавана ў фае ўніверсітэта. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук  адзначыў, што беларуская навука не стаіць на месцы: яе перадавыя дасягненні актыўна ўкараняюцца ў вытворчасць і прыносяць істотны эканамічны эфект.
Кульмінацыяй мерапрыемства стала віншаванне лепшых вучоных вобласці, сярод якіх была і наша зямлячка – намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Л.С. Руткоўская. За дасягненне высокіх паказчыкаў у працы І.Г. Жук уручыў ёй адразу тры Ганаровыя граматы: ад абласнога выканаўчага камітэта, Савета дэпутатаў, а таксама ад Нацыянальнай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
-- Ігар Георгіевіч сам з’яўляецца доктарам навук, таму атрымліваць узнагароды з яго рук удвая прыемна і ганарова, -- зазначае Люцыя Станіславаўна. – Сапраўды, наш інстытут робіць многае для развіцця сельскай гаспадаркі рэгіёна. Мы забяспечваем аграпрадпрыемствы Гродзеншчыны арыгінальным насеннем азімых і яравых культур, што дазваляе штогод атрымліваць самы багаты ў рэспубліцы ўраджай зерневых.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.