Сёлета ў Беларусі будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Пачаткам кнігадрукавання на Беларусі лічыцца 1517 год, калі наш славуты зямляк, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу «Псалтыр».

Шчучынская раённая газета "Дзянніца" таксама далучаецца да святкавання і прапануе нашым чытачам прыняць удзел у конкурсе на самую старажытную і ўнікальную кнігу, якая захавалася ва ўласнай хатняй бібліятэцы.

Адшукайце хвілінку і паглядзіце, якія цікавыя і незвычайныя выданні схаваліся ў вас на паліцах ці ў шафе. Пагартайце старонкі і паспрабуйце прыпомніць, як гэтая кніга трапіла да вас. Мабыць, яна засталася як напамін ад бабулі ці прадзедаў?

Фатаграфуйце свае друкаваныя (ці рукапісныя) скарбы і дасылайце на нашу эл. пошту  dzyannica@gmail.com свае знаходкі. Напішыце кароткую гісторыю да вашага фотаздымка, раскажыце пра кнігі, якія вам давялося адшукаць у сябе.

Чакаем вашы гісторыі і фотаздымкі!